Вторник, 14 января 2025

Напярэдадні дзіцячага свята мы спыталі ў дарослых, чаму павінны навучыць малых мама і тата

837

1 чэрвеня адзначаецца Міжнародны дзень аховы дзяцей. Гэты дзень — не толькі нагода парадаваць малых падарункамі і вясёлымі мерапрыемствамі: свята чарговы раз нагадвае, што дзеці —гэта будучыня ўсёй планеты. І што менавіта мы, дарослыя, нясём адказнасць за тое, якой будзе гэта будучыня і хто вырасце з нашых дзяцей.

Жыхары горада расказалі нам аб сваіх поглядах на выхаванне.

Аляксандр:

— Бацькі павінны растлумачыць дзіцяці, што правільна, а што няправільна. Лічу, што тата павінен вучыць нечым займацца, прывіваць цікавасць да розных хобі, умець нешта рабіць сваімі рукамі. Неабходна ўжо з дзяцінства зацікавіць спортам, здаровым ладам жыцця. Мама вучыць дзіця, можна сказаць, усяму: правільнаму харчаванню, паводзінам у грамадстве.
Дарэчы, сваіх дзяцей ужо са школы я вучыў у канфліктных сітуацыях размаўляць, а не адказваць сілай, якая да дабра не давядзе.

Ірына:

— Я лічу, што жанчына са сваім мяккім характарам, у большасці сваёй, павінна развіваць у дзіцяці такія рысы, як дабрыня, спагада, пяшчота. А тата, як мужчына, павінен вучыць дзіця самадысцыпліне, рашучасці і цвёрдасці. А вось выбар хобі і прафесіі залежыць, вядома, ад здольнасцей. Тут ужо трэба глядзець, што развіваць і чаму вучыць. Бацькі павінны разам займацца гэтым. Гэта найбольш правільна.

Ганна:

— Лічу, што многае залежыць ад полу дзіцяці. Калі гэта дзяўчынка, то тата абавязаны паказваць, як правільна да яе ставіцца, абавязкова паказваць сваю любоў. Калі сын — павінен вучыць мужнасці, дэманстраваць на сваім прыкладзе, як рабіць мужчынскія справы, накшталт, штосьці рамантаваць у кватэры. Закладваць гэтыя ўменні і якасці характару трэба з самага дзяцінства, каб не вырас мамчын сынок, за якога робіць усё спачатку мама, а потым жонка. Маці больш адказвае за эмацыйныя моманты. Але зноў жа, іх таксама павінна быць у меру, каб не вырас эгаіст, які не будзе нічога шанаваць і разумець. І абавязкова ў сям’і павінны панаваць агульныя любоў і пяшчота, таму што калі чалавеку ў дзяцінстве недадалі любові, то потым у дарослым жыцці ў яго могуць з’явіцца псіхалагічныя праблемы і цяжкасці ў стварэнні ўласнай сям’і.

Таццяна:

— Дзеці — гэта наша будучыня. Тое, што мы ў іх укладзем, тое і атрымаем у выніку. Ёсць, вядома, нюансы, якія мама можа даць больш дзяўчынцы, а тата — хлопчыку. Ды наш свет так хутка развіваецца, што жанчыны і мужчыны ў многіх пытаннях ужо практычна на роўных. Так, мужчына можа навучыць хлопчыка быць дужым, мама дзяўчынку — быць больш жаноцкай. Але я лічу, што ў выхаванні ўсё ж павінен працаваць «сімбіёз» абодвух бацькоў.

Анастасія:

— Для мяне адназначна, што маці дачку павінна навучыць гаспадарлівасці, а тата выхоўваць у сына мужчынскія якасці, імкненне клапаціцца пра жанчын і дзяцей. А вось дачцы тата на сваім прыкладзе і стаўленні павінен паказаць пяшчоту, клопат, увагу, навучыць адчуваць сябе прыгожай. У сваю чаргу, маці сыну павінна паказаць прыклады жаноцкасці.

Сяргей:

— Бацька сваіх дзяцей павінен найперш навучыць паважаць і любіць бацькоў. Абавязкова прывіць любоў да працы і навучыць сяброўству. Ды і ўвогуле, навучыць агульначалавечым каштоўнасцям. Мама ж дачку павінна вучыць гатаваць ежу, весці гаспадарку, расказаць аб сямейных прамудрасцях.

Наогул, лічу, што выхаванне дзяцей павінна быць сумесным. Гэта добра, калі ў дзіцяці ёсць тата і мама, тады яно па-сапраўднаму шчаслівае, атрымлівае тое, што неабходна, бачыць прыклад сапраўднай сям’і.

Думкамі цікавілася Вольга Вадзяновіч. Фота Кацярыны Масік