З павагай і пашанай ставімся мы да ветэранаў. Волатамі, якія звышчалавечымі намаганнямі здабылі Перамогу, з’яўляюцца для нас ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. Як да пакутнікаў ставімся да людзей, што знайшлі ў сабе сілы выжыць у канцлагерах, выстаяць, не зламацца ў фашысцкім рабстве.
Напярэдадні вялікага свята намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Сяргей Дзямідаў, а таксама прадстаўнікі райваенкамата, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, аўтаклуба наведалі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, удзельнікаў працоўнага фронту, вязняў і блакаднікаў, якія пражываюць у горадзе, каб павіншаваць іх з надыходзячым 9 Мая.
Мы наведалі многа адрасоў, пачулі нямала кранальных слоў. Напрыклад, Вольга Майсееўна Тарасевіч, якая падлеткам трапіла на прымусовыя работы ў Германію, адзначыла, што праз столькі год тыя страшныя ўспаміны не сышлі ў нябыт.
Прымалі віншаванні таксама Лідзія Іванаўна Васіленка, былая вязніца, і ветэран Уладзімір Іванавіч Грэбенка.
Кожны з прысутных выказаў глыбокую пашану і павагу сталым людзям. Шмат цёплых пажаданняў атрымалі галоўныя віноўнікі надыходзячага свята. А ўдзельнікі вакальнай групы «Забава» Пружанскага аўтаклуба падрыхтавалі ветэранам і музычныя падарункі. У выкананні артыстаў прагучалі ўсімі любімыя песні.
Ветэраны атрымалі аднаразовыя грашовыя выплаты, а таксама харчовыя наборы, віншавальныя паштоўкі ад старшыні райвыканкама і старшыні раённага Савета дэпутатаў.
Юлія Янушка. Фота Кацярыны Масік
Глядзіце таксама фотаальбом па спасылцы: https://ok.ru/budni/album/960506879880