Четверг, 25 апреля 2024

Напярэдадні Дня інвалідаў карэспандэнты завіталі ў госці да замяшчальнай сям’і

450

Не так даўно загадчыца аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму Вольга Сахарук на старонках нашай газеты расказывала пра розныя формы аказання сацыяльных паслуг, у тым ліку крыху закранула такое сучаснае паняцце, як замяшчальная сям’я. Мы вырашылі паглыбіцца ў тэму.

Ад тэорыі…


Калі казаць афіцыйнай мовай, замяшчальная сям’я — гэта форма жыццяўладкавання паўналетняга непрацаздольнага грамадзяніна ва ўмовах сумеснага пражывання і вядзення агульнай гаспадаркі з іншай фізічнай асобай (памочнікам).

Паўналетні непрацаздольны грамадзянін — гэта непрацоўны інвалід І або ІІ групы; непрацоўны грамадзянін, які дасягнуў 70-гадовага ўзросту і пастаянна пражывае на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і інш. Памочнік — працаздольны грамадзянін ва ўзросце ад 18 да 65 гадоў, які пастаянна пражывае на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, не з’яўляецца інвалідам І або ІІ групы і абавязаны па законе ўтрымліваць паўналетняга непрацаздольнага грамадзяніна.

Чалавек, які бярэ на сябе адказнасць за іншую асобу, павінен прыняць яе ў сваё жыллё (па заканадаўстве таксама магчымы адваротны варыянт — перасяленне памочніка да адзінокага чалавека). Сацыяльны работнік замяшчальную сям’ю не наведвае, таму што ўвесь догляд па трохбаковым дагаворы ажыццяўляе памочнік.

Замяшчальная сям’я як форма жыццяўладкавання з’явілася не так даўно. Як расказвае Вольга Георгіеўна, новыя формы сацыяльнага абслугоўвання ствараюцца для таго, каб зменшыць нагрузку на дзяржаўны апарат.

— Траты дзяржавы значна большыя, калі адзінокія людзі змяшчаюцца ў дамы-інтэрнаты. Выдаткі на такое жыццяўладкаванне, як, напрыклад, замяшчальная сям’я, нашмат меншыя. Дадаецца і той момант, што самому чалавеку прыемней быць дома, у хатніх умовах, з больш абмежаванай колькасцю людзей, — кажа загадчыца аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму.

… да практыкі

У нашым раёне зарэгістраваны дзве замяшчальныя сям’і. У вёсцы Паддубна і ў райцэнтры. Да апошняй мы завіталі ў госці.

Інвалід І групы Аляксандр Жэдзь і памочнік Людміла Пуцык — родныя брат і сястра.

Аляксандр Іванавіч інвалід не ад нараджэння: 30 гадоў таму з 26-гадовым маладым чалавекам здарыўся няшчасны выпадак. Пэўны час ён жыў з бацькамі ў вёсцы Андрыянаўка. А калі іх не стала, Людміла перавезла брата ў Пружаны. З 2003 года яны жывуць разам, але сёлета статус сям‘і памяняўся.

— Як Вы даведаліся пра магчымасць стварэння замяшчальнай сям’і?

— Работнікі тэрытарыяльнага цэнтра зрабілі такую прапанову падчас наведвання. А ўжо Вольга Георгіеўна патлумачыла ўсе нюансы.

У адпаведнасці з Пастановай Савета Міністраў РБ ад 20.11.2020 №864 з мінулага года райвыканкам пачаў выплачваць сродкі на догляд інваліда. Цяпер кожны месяц Людміла Іванаўна, як памочнік, атрымлівае аплату за сваю дзейнасць у памеры бюджэту пражытачнага мінімуму. Жанчына кажа, што гэта добрая падтрымка да пенсіі.

Муж Людмілы Іванаўны пайшоў з жыцця ў мінулым годзе, сын перабраўся ў Маскву і цяпер прыязджае нячаста.

— Мне значна дапамагаюць дачка, якая таксама жыве ў Пружанах, і ўнукі. Малодшы — дык проста незаменны памочнік, усё лета правёў у нас, не кожная дзяўчынка змагла б быць такой уважлівай, — дзеліцца гаспадыня.

Заходзячы ў пакой да Аляксандра Іванавіча, міжволі звяртаеш увагу на вялікую колькасць тэхнікі. Калі камп’ютар, тэлевізар і тэлефон звычайныя для нас рэчы, то лічбавая метэастанцыя, пагадзіцеся, ёсць не ў кожнага.

Раблю здагадку, што Аляксандр Іванавіч — чалавек тэхнічнага складу розуму.

— А вось у сусветным павуцінні блытаюся. Ведаеце, засмоктвае на раз-два, — жартуе суразмоўца.

Насамрэч Аляксандр Іванавіч самастойна спасцігае будову камп’ютара, вывучае новыя праграмы, шукае розныя навінкі.

— Яшчэ ў 2007 годзе мне купілі камп’ютар. Я адразу і не хацеў, на пакупцы настаяла сястра. Спачатку было цяжка разабрацца што да чаго. Потым пры яго няспраўнасці да слёз даходзіла: не ведаў, чым заняцца. Зараз, калі «вінда злятае» нават і не хвалююся ўжо, сам рамантую. Бывае, унукам Люды і іх сябрам нешта дапамагаю: то плату паглядзець трэба, то магнітафон. Шкада, рукі не вельмі працуюць, але я ім падказваю, кірую. Так і кажу: «мая галава, вашы рукі».

Таксама наш герой — аматар YouTube: падчас гутаркі параіў мне шмат цікавых каналаў. А вось кнігі ў Аляксандра Іванавіча не ў фаворы, чытаць любіць толькі навіны ў інтэрнэце.

— Яшчэ мне падабаецца глядзець спартыўныя праграмы: біятлон, хакей. Футбол не люблю, тым больш там нашы не гуляюць. Увогуле, паспрабуй 90 мінут адбегаць, а адсачыць гэта ўсё — во дзе вытрымка! — зноў жартуе Аляксандр Іванавіч.

Радуе, што ў замяшчальнай сям’і прытрымліваюцца медыцынскіх рэкамендацый, распарадак не мяняецца ўжо шмат год. Такім чынам, рухальная актыўнасць, наколькі гэта магчыма, прысутнічае ў жыцці інваліда.

А вось што сапраўды засмуціла, дык гэта размяшчэнне кватэры. Сям’я жыве на пятым паверсе, і магчымасці выходзіць на вуліцу ў Аляксандра Іванавіча няма. Мужчына апынуўся заложнікам абставін. Не ведаю, наколькі магчыма выправіць сітуацыю, але як бы цудоўна было ўсталяваць у пад’езде пад’ёмную платформу. Хочацца, каб чалавек не проста адчыняў акно, каб падыхаць свежым паветрам, а сапраўды мог гуляць, назіраць, бачыць гэты свет, мець зносіны з іншымі.

Юлія Янушка. Фота аўтара