Четверг, 25 апреля 2024

Напярэдадні 9 мая кіраўніцтва раёна віншавала ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Івана Міхайлавіча Алякумава

275

Традыцыйна з нагоды Дня Перамогі кіраўніцтва раёна віншуе ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, людзей, якія ўвачавідкі сутыкнуліся з фашысцкай навалай, мужна змагаліся за кожны сантыметр матчынай зямлі, сваімі намаганнямі адстаялі нашу незалежнасць.

Адной з такіх асоб з’яўляецца Іван Міхайлавіч Алякумаў, які зведаў пах пораху, удзельнічаў у Курскай бітве, а пасля вайны шмат гадоў працаваў на Пружаншчыне, быў і зараз з‘яўляецца жаданым госцем у навучэнцкіх і працоўных калектывах.

У госці да ветэрана завітала вялікая дэлегацыя. Сярод прысутных былі старшыня Пружанскага раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Аляксандр Момлік, старшыня раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» Таццяна Кашкан, дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Нэлі Педчанка, загадчык арганізацыйна-метадычнага аддзела Пружанскай ЦРБ Юрый Карповіч, работнікі культуры.

– Чарговая гадавіна Перамогі зноў сабрала нас у вашым утульным доме. Хочацца выказаць словы бязмернай падзякі за ваш подзвіг. Вы падарылі нам светлую сучаснасць, не абпаленую страхамі і нягодамі. Мы рады бачыць вас у страі, рады бачыць вашых дзяцей, якіх свята 9 Мая штогод збірае разам пад бацькоўскім крылом. Хочацца пажадаць вам яшчэ доўга крочыць па нашай пружанскай зямлі, сустракаць святы і атрымліваць пазітыўныя эмоцыі кожны дзень, – звярнуўся да Івана Міхайлавіча Мікалай Кудравец.

У кожнага з прысутных знайшліся шчырыя словы, пажаданні для ветэрана. А пасля госці дружна і неяк па-асабліваму ўрачыста заспявалі вядомую «Кацюшу». Іван Міхайлавіч толькі задаволена ўсміхаўся.

Юлія Янушка. Фота Кацярыны Масік