Понедельник, 16 сентября 2024

«Наперад у будучыню, сябры!» Лукашэнка з калегамі па СНД наведаў адкрыццё Гульняў Будучыні ў Казані

37

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведаў цырымонію адкрыцця Гульняў Будучыні ў Казані, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Пляцоўкай для адкрыцця Гульняў Будучыні стаў міжнародны выставачны цэнтр «Казань Экспа».

На адкрыццё таксама прыбылі прэзідэнты Расіі, Казахстана, Таджыкістана, Узбекістана, Кыргызстана, Рэспублікі Сербскай Босніі і Герцагавіны, кіраўнікі дэлегацый з іншых дзяржаў. Разам з імі на ганаровай трыбуне таксама размясціліся знакамітыя спартсмены і артысты.

У час цырымоніі Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін адзначыў, што ў гэтым турніры спляліся традыцыі і сучаснасць, гармонія фізічнай дасканаласці і высокага інтэлекту, спорт і тэхналогіі, асвета і навука. «Усё гэта неабходна чалавеку для ўсебаковага развіцця і поспеху ў нашу эпоху імклівых змяненняў, у тым шматгранным, шматпалярным, свабодным і канкурэнтным свеце, які фарміруецца на нашых вачах», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Расійскага лідара з паспяховым адкрыццём турніру павіншавалі і яго калегі па Садружнасці Незалежных Дзяржаў.

«Наперад у будучыню, сябры!» — першым узяў слова Аляксандр Лукашэнка.

А казахстанскі лідар Касым-Жамарт Такаеў, пажадаўшы ўдзельнікам поспехаў, прапанаваў правесці наступныя Гульні Будучыні ў Казахстане. З кароткімі прывітаннямі таксама выступілі і іншыя прэзідэнты.

Пасля цырымоніі адкрыцця турніру кіраўнікі дзяржаў наведалі некалькі спаборніцкіх павільёнаў, дзе азнаёміліся з канцэпцыямі розных відаў фіджытал-спорту і прынцыпамі гэтага руху.

«Добра зрабілі. Я яшчэ не магу ўсё гэта ўсвядоміць, таму што не «памацаў» рукамі, — падзяліўся з журналістамі сваімі ўражаннямі ад убачанага Аляксандр Лукашэнка. — Малайцы наогул. Можа, за гэтым і будучыня».

У той жа час Прэзідэнт лічыць, што да развіцця фіджытал-спорту трэба падыходзіць усвядомлена і ўдумліва. «Не ўцягнуліся б усе ў гэты (віртуальны. — Заўвага БЕЛТА) футбол. Вось у гэты (рэальны. — Заўвага БЕЛТА) трэба гуляць», — сказаў кіраўнік дзяржавы ў час наведвання залы фіджытал-футбола.

Міжнародны мультыспартыўны турнір «Гульні Будучыні» — высокатэхналагічнае спартыўнае шоу. Яно складаецца са спаборніцтваў у класічных відах спорту і іх лічбавых аналагах. Усяго ў турніры прымуць удзел звыш 270 каманд і больш як 2 тыс. спартсменаў са 107 краін. Праграма спаборніцтваў уключае ў сябе 21 дысцыпліну. Яны падтрымліваюць канцэпцыю фіджытал, гэта значыць аб’ядноўваюць класічны спорт, кіберспорт і тэхналогіі.

Беларусы выступяць у некалькіх дысцыплінах — гэта фіджытал-баскетбол, фіджытал-футбол і фіджытал-адзінаборствы, бітва робатаў, гонка дронаў, віртуальная велагонка і «Свет танкаў». На турнір прыехалі каля 70 нашых суайчыннікаў (некаторыя з іх увайшлі ў склад шматнацыянальных каманд).

БЕЛТА