Четверг, 16 января 2025

Намеснік ваеннага камісара Пружанскага раёна Сяргей Канановіч: «Працуем планава, нагод для хваляванняў няма»

589

— На мінулым тыдні Міністэрства абароны абвясціла пра пачатак планавай зверкі ўліковых дадзеных ваеннаабавязаных. Гэта пралог мабілізацыі?

Са званка ў рэдакцыю

У сітуацыі дапамог разабрацца намеснік ваеннага камісара, начальнік мабілізацыйнай групы маёр Сяргей Канановіч.

— Уліковыя дадзеныя ваеннаабавязаных планава звяраюцца кожны год. Нядаўна ж Кіраўнік дзяржавы паставіў задачу да канца года правесці пазапланавае ўдакладненне дадзеных усіх ваеннаабавязаных, якія стаяць на воінскім уліку: месца жыхарства, месца работы, кантактныя дадзеныя, склад сям’і і г.д.

Раней людзі выклікаліся ў ваенкамат паступова, прыкладна па 20-30 чалавек на працягу ўсяго года, і так пакрысе дадзеныя збіраліся: штосьці мянялася, дапаўнялася. Зараз будзе адбывацца тое ж самае, толькі ў куды большым маштабе: мы будзем ахопліваць усіх ваеннаабавязаных, якія прызначаны для камплектавання воінскіх часцей.

Гэта ніяк не звязана з мабілізацыяй. Як неаднаразова падкрэслівалі і ў Міністэрстве абароны, і Прэзідэнт, наша краіна не ваюе і не збіраецца ні з кім ваяваць. Але дзеля захавання свайго суверэннага статусу мы павінны трымаць порах сухім. Для ваенкаматаў «порахам» з’яўляюцца ўліковыя дадзеныя. Мы павінны дакладна ведаць свае рэсурсы і быць гатовымі да ўсяго, каб, не дай Бог, у выпадку небяспекі аператыўна зрэагаваць.

Мерапрыемства ўжо паспяхова ідзе. Зараз мы актыўна трымаем сувязь з працоўнымі арганізацыямі раёна. У канцы лістапада — пачатку снежня будзе праходзіць кантрольнае апавяшчэнне ваеннаабавязаных. Ваенным камісарыятам, сельскімі выканаўчымі і распарадчымі органамі мужчыны будуць выклікацца на пункты збору. Пасля гутаркі з прадстаўнікамі воінскіх часцей яны будуць разыходзіцца па дамах. У выпадку няяўкі ў ваенкамат у прызначаны час без уважлівай прычыны грамадзянін, згодна з заканадаўствам, будзе прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.

Зразумейце правільна: кожны ваеннаабавязаны сам павінен быць зацікаўлены ў тым, каб перадаць свае дакладныя дадзеныя ў ваенны камісарыят.

Вось прыклады чаму. Для правядзення планавых збораў ваеннаабавязаных трэба забяспечыць адпаведным па памеры адзеннем. Для гэтага нам трэба валодаць актуальнымі на гэты момант дадзенымі пра параметры чалавека.

Калі, напрыклад, у мужчыны пагоршыўся стан здароўя, то ў выпадку небяспекі ён ужо не будзе падлягаць мабілізацыі. Гэтыя і многія іншыя факты мы павінны ўлічваць, а выявіць іх дапамагае ў тым ліку асабістая гутарка з ваеннаабавязаным.

Падрыхтавала Юлія Янушка