У панядзелак з рабочым візітам наш раён наведаў намеснік старшыні ФПБ Вадзім Грачоў. Каб абмеркаваць хвалюючыя пытанні, даведацца, што сапраўды непакоіць кіраўнікоў пярвічак Пружаншчыны, прафсаюзны лідар правёў сустрэчу ў райвыканкаме.
Напачатку Вадзім Грачоў расказаў пра свой участак работы. У Федэрацыі прафсаюзаў ён адказвае за так званы «гуманітарны» блок: займаецца статутамі і статыстычнай справаздачнасцю, праводзіць пасяджэнні, сустракаецца з моладдзю і наладжвае ўзаемадзеянне з іншымі грамадскімі аб’яднаннямі. А яшчэ курыруе прафсаюзную работу ў Брэсцкім і Гродзенскім рэгіёнах. Да гэтага Вадзім Мікалаевіч восем гадоў быў старшынёй прафсаюзнай пярвічкі, таму работу першаснага звяна ведае выдатна.
— ФПБ сёння аб’ядноўвае 23 тысячы пярвічных прафсаюзных арганізацый, якія ўключаны ў 15 галіновых прафсаюзаў. Пры гэтым 97% кіраўнікоў пярвічак не вызвалены ад асноўнай дзейнасці. Тым не менш, прафсаюзныя лідары павінны быць бліжэй да людзей, дапамагаць ім і словам, і справай. Увогуле, вельмі многае ў арганізацыі залежыць ад асобы старшыні прафсаюза, — падкрэсліў Вадзім Грачоў.
У якасці прыкладу ён назваў аздараўленне работнікаў, экскурсійныя паездкі, выдзяленне матэрыяльных дапамог. Пра ўсе гэтыя магчымасці члены прафсаюза павінны ведаць і, зразумела, актыўна імі карыстацца. Старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Таццяна Гаманчук расказала, што летась у санаторыях ФПБ аздаравілася 256 жыхароў раёна. Для членаў прафсаюза і іх дзяцей дзейнічае зніжка ў 25%, частку пуцёўкі можа аплаціць наймальнік. Таксама прафсаюзнымі арганізацыямі раёна было арганізавана 36 турыстычных паездак.
Надаў увагу Вадзім Мікалаевіч пытанню складання і прыняцця калектыўных дамоў. Гэты працэс нельга рабіць закрытым. У ідэале трэба, каб у кожнай арганізацыі, дзе ёсць прафсаюз, быў уласны стэнд, на якім усе ахвочыя маглі б азнаёміцца не толькі з калектыўным дагаворам і дадаткамі да яго, але і з апошнімі прафсаюзнымі навінамі раёна, вобласці, краіны. Дарэчы, сёння ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне зарэгістравана 117 такіх дагавораў па ўсім раёне.
Не павінны заставацца сам-насам з магчымымі праблемамі і прафсаюзныя лідары. Вадзім Грачоў нагадаў усім пра неабходнасць кансультавання з абкамамі ў выпадку ўзнікнення складаных і спрэчных момантаў.
Па словах госця, прафсаюзы бліскуча адпрацавалі падчас рэспубліканскага рэферэндуму. Спачатку – на сустрэчах з калектывамі, падчас якіх было атрымана больш за 22 тыс. прапаноў рознага характару, затым – у складзе ўчастковых камісій. Асаблівую ўвагу зараз варта надаваць тлумачальнай рабоце. Напрыклад, адзін з яе напрамкаў — расказваць людзям, чаму неабходна вакцынавацца ад кавіду, падтрымаць у гэтым памкненні.
Прафсаюзныя актывісты раёна скарысталіся магчымасцю і задалі хвалюючыя пытанні Вадзіму Грачову. Цікавіліся, як аплочваць прафсаюзныя экскурсіі малым па колькасці пярвічкам. Задавалі пытанні пра арганізацыю паездак праз «Белтурыст» і іншых тураператараў. Таксама былі акрэслены нюансы медыцынскага страхавання.
У завяршэнне сустрэчы намеснік старшыні ФПБ пажадаў прысутным моцнага здароўя і энергіі, падтрымкі з боку тых, для каго працуюць прафсаюзныя актывісты і толькі слоў падзякі за работу.
Уладзіслаў Шпарла. Фота Кацярыны Масік