Напярэдадні Дня абароны дзяцей супрацоўнікі Пружанскага раённага аддзела Дэпартамента аховы арганізавалі для выхаванцаў сацыяльна-педагагічнага цэнтра, што ў пасёлку Сонечны, пазнавальна-забаўляльнае мерапрыемства.

У гэты дзень хлопчыкі і дзяўчынкі ледзь дачакаліся прызначанага для сустрэчы часу, каб хутчэй выбегчы насустрач чаканым гасцям — кінолагам Алішэру Хаджаеву, Віталію Хатулёву і… іх чатырохлапым напарнікам Лэры і Барону.
Міліцыянеры прадэманстравалі юным гледачам курс агульнай дрэсіроўкі сабак з дапамогай не толькі галасавых каманд, але і жэстаў. Дружна апладыраваць Лэры і Барону дзеці пачалі пасля таго, як тыя на «выдатна» адпрацавалі трэніроўку пры затрыманні ўмоўнага злачынцы. Ацаніць здольнасці сабак змаглі і падчас назірання за заплывам касматых плыўцоў у сажалцы.
Дарэчы, хлопчыкаў і дзяўчынак уразіла тое, што службовыя сабакі, як і школьнікі, маюць дзённікі, у якім ім выстаўляюць адзнакі. Гартаючы старонкі дзённіка Лэры, яны пераканаліся, што гэты сабака —выдатнік: аўчарка нясе службу не першы год, рэгулярна ездзіць на курсы, прымае ўдзел у следчых эксперыментах і мерапрыемствах па пошуку людзей, выязджае на крадзяжы і рабаванні. Барон — яшчэ малады сабака, які хаця і заступіць на службу толькі праз пару месяцаў, але ўжо дэманструе цудоўнае разуменне чалавека, як кажуць, з паўслова.

Дзятва з цікаўнасцю разглядала і разнастайныя прыстасаванні для догляду і дрэсіроўкі сабак. А кінолагі не паспявалі адказваць на шматлікія пытанні, якія наперабой ім задавалі.
Затым супрацоўнікі аддзела аховы далі магчымасць больш блізка пазнаёміцца з іх дзейнасцю: гутаркі падмацавалі дэманстрацыяй экіпіроўкі, спецсродкаў аўтамабіля. А колькі радасці даставіла дзецям паездка на спецаўтамабілі з уключанымі маячкамі!
— Зносіны з жывёламі дабратворна ўплываюць на людзей, асабліва — на дзяцей, — лічыць А.А.Хаджаеў. — Увогуле, сабакі рэагуюць на дзяцей па-рознаму, таму мы прывозім самых дабрадушных, якіх нават можна пагладзіць.
Незабыўных ўражанняў, непадробных эмоцый, якія змаглі падарыць міліцыянеры, здаецца, хопіць надоўга. А разумныя аўчаркі не проста ўстроілі відовішча для малых — што немалаважна, далі зразумець: іншы раз менавіта яны самыя надзейныя сябры, якія, у адрозненне ад чалавека, ніколі не падмануць і не здрадзяць.
Марына Вакульская. Фота аўтара.