Суббота, 5 октября 2024

Нагляд у войсках і эканоміцы, расследаванне фактаў генацыду. Галоўныя тэмы даклада генпракурора ў Лукашэнкі

33

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам генеральнага пракурора Андрэя Шведа, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У пачатку сустрэчы кіраўнік дзяржавы коратка пералічыў асноўныя пытанні, па якіх хацеў бы заслухаць інфармацыю ад генеральнага пракурора. У іх ліку нагляд за выкананнем законнасці ў войсках і сілавых структурах, падыходы да арганізацыі эфектыўнай работы ў гэтых пытаннях. Яшчэ адна тэма — расследаванне фактаў генацыду беларускага народа. Аляксандр Лукашэнка таксама акцэнтаваў увагу на ролі генеральнай пракуратуры па наглядзе і выяўленні негатыўных фактаў у сферах эканамічнай дзейнасці, такіх як сельская гаспадарка, прамысловасць.

«Тры такія блокі пытанняў, якія я хацеў бы абмеркаваць з вамі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Аб стварэнні сістэмы ваенных пракурораў

«Не першы раз паўстае пытанне аб кантролі, пракурорскім наглядзе за сітуацыяй ва Узброеных Сілах. За выкананнем законаў і гэтак далей. На якім узроўні мы сёння знаходзімся? — пацікавіўся беларускі лідар. — Прапаноў шмат паступае, у тым ліку і па стварэнні нейкай сістэмы ваенных пракурораў. Я гавару «нейкай сістэмы», таму што размова не ідзе аб вяртанні да той савецкай практыкі. Але нейкія элементы павінны быць».

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што пунктаў гледжання па гэтым пытанні шмат. Ён пацікавіўся, чым абгрунтавана пазіцыя Андрэя Шведа. «Я яе ведаю, але чым вы матывуеце гэту пазіцыю? Тое, што нам трэба ўзмацняць, напэўна, кантроль за выкананнем заканадаўства сярод ваенных, — гэта факт. Я вам пра гэта ўжо гаварыў, што пракуратура некалькі адышла ў бок ад сілавога блока ў свой час», — сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што размова не толькі пра армію, паколькі пагоны носяць і ў шмат якіх іншых сілавых структурах, уключаючы МНС, МУС, Камітэт дзяржбяспекі. «Усюды вока пракурора павінна быць», — упэўнены беларускі лідар.

Як расказаў журналістам па выніках даклада Андрэй Швед, прапанова аб стварэнні Галоўнай ваеннай пракуратуры «абумоўлена шэрагам аб’ектыўных акалічнасцей, у тым ліку абстаноўкай, якая складваецца вакол краіны». Аляксандр Лукашэнка вывучыў гэтыя прапановы і даручыў абмеркаваць іх з кіраўніцтвам праваахоўных і іншых дзяржаўных органаў. Рашэнне аб неабходнасці стварэння такога падраздзялення будзе прынята толькі па выніках дадатковай нарады ў Прэзідэнта.

Паводле слоў Андрэя Шведа, цяперашняя ініцыятыва не азначае вяртання да мінулай практыкі. Ён нагадаў, што Беларуская ваенная пракуратура ліквідавана ў 2014 годзе, і тады ў свеце была зусім іншая сітуацыя, у тым ліку ў ваенным плане. «Размова ідзе не пра аднаўленне ў тым вобразе ці абліччы, якое было, а пра стварэнне Галоўнай ваеннай пракуратуры ва ўсечаным варыянце, колькасцю ў некалькі разоў меншай, чым Беларуская ваенная пракуратура. Але стаіць пытанне, што ў выпадку, калі будзе прынята такое рашэнне, ваенныя пракуроры будуць займацца выключна наглядам за выкананнем законнасці ў войсках у розныя перыяды часу. Рашэнне будзе прынята толькі па выніках дадатковай нарады ў кіраўніка дзяржавы», — расказаў генпракурор.

Аб расследаванні фактаў генацыду

«Другое пытанне — аб генацыдзе. Выкрышталізоўваецца шэраг прапаноў па больш сур’ёзным не проста разглядзе нашым грамадствам фактаў генацыду беларускага народа ў Вялікую Айчынную вайну. Але і прапагандзе гэтага пытання, асабліва сярод моладзі. Каб моладзь ведала, што было. Для чаго? Для таго, каб такога больш не адбылося», — сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, як вядзецца адпаведная работа ў гэты момант і на перспектыву.

«Актыўнасць следчых дзеянняў не зніжаецца. На гэты момант намі ўстаноўлена звыш 2,5 тысяч раней невядомых населеных пунктаў, якія былі знішчаны. У тым ліку не менш як 80 з іх напаткаў лёс Хатыні», — падзяліўся падрабязнасцямі з журналістамі генпракурор.

Пры расследаванні фактаў генацыду дапытаны 17 тыс. сведкаў, праведзена вялікая работа па ўвекавечанні памяці ахвяр вайны.

«Актыўная работа вядзецца з моладдзю. Вельмі важна, каб вынікі расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе, каб праўда аб генацыдзе была даведзена да кожнага грамадзяніна нашай краіны, асабліва да нашых дзяцей. У сувязі з гэтым было даложана аб асобных аспектах укаранення ў навучальны працэс і ідэалагічную работу вынікаў расследавання. Дадзены даручэнні ў тым ліку аб падрыхтоўцы вучэбнага матэрыялу, які з 1 верасня павінен быць у кожнай школе. Гэта задача будзе выканана», — падкрэсліў Андрэй Швед.

Аб важных пытаннях у эканоміцы

Трэцяя тэма даклада таксама істотная, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. «Пытанне даручэнняў генеральнаму пракурору наконт важных пытанняў у эканоміцы. Дапусцім, сельская гаспадарка — гэта падзеж жывёлы. У тым ліку і выплата заработнай платы. Вы заўсёды гледзіце на гэта пытанне. Захаванасць і гэтак далей», — пералічыў Прэзідэнт.

У гэтым жа ключы перад органамі пракуратуры стаяць задачы па процідзеянні і прафілактыцы карупцыйных праяў. «Гэта характэрна перш за ўсё для сістэмы прамысловасці. Як з гэтым справы па Гомельшчыне? Шмат было прэтэнзій у свой час. Як новы губернатар спраўляецца з гэтымі пытаннямі?» — абазначыў пытанні беларускі лідар.

Паводле слоў Андрэя Шведа, інтэнсіўнасць праверачных мерапрыемстваў з боку праваахоўнікаў зніжацца не будзе: недахопаў у сферы АПК па краіне яшчэ вельмі шмат, і гэта не толькі безгаспадарчасць.

«Выяўлены факты парушэння закона пры ажыццяўленні меліярацыі, узбуджана 14 крымінальных спраў. Устаноўлена, што практычна ва ўсіх рэгіёнах крадуць грошы. Паводле даных папярэдняга расследавання, на суму не меншую за 800 тысяч рублёў. Акрамя таго, амаль паўтары тысячы гектараў, у якія ўкладзены бюджэтныя грошы (больш як 9 мільёнаў рублёў) у ходзе меліярацыі, на сённяшні дзень яшчэ не ўключаны ў гаспадарчы абарот», — адзначыў кіраўнік нагляднага ведамства.

Андрэй Швед папярэдзіў: для пракурораў непазбежнасць адказнасці за любыя злачынствы з’яўляецца галоўным прынцыпам. «Рабіце ўсё неабходнае для таго, каб вы працавалі ў адпаведнасці з законам», — звярнуўся ён да кіраўнікоў гаспадарак.

БЕЛТА