Среда, 15 января 2025

Нагадваем, хто стварыў гімн Пружан, і дзелімся яго новай аранжыроўкай!

894

— Падчас святкавання Дня горада гучала вельмі прыгожая песня пра Пружаны. Цудоўная мелодыя суправаджала святочны феерверк, і гэта было ўрачыста і нязвыкла. Што за песня, хто яе аўтары? Калі ласка, надрукуйце ў газеце яе словы.

Са званка ў рэдакцыю

«Прыгожай песняй», якую выконвалі на свяце «Пружаны FEST», быў гімн нашага горада. На жаль, ён гучыць не вельмі часта, нядзіўна, што маладое пакаленне або тыя, хто нядаўна пасяліўся ў райцэнтры, не ведаюць яго. Сёння будзе дарэчы нагадаць пра гісторыю яго з‘яўлення.

У 2008 годзе, напярэдадні маючага адбыцца 575-годдзя Пружан, гарадскія ўлады аб‘явілі конкурс на стварэнне гімна нашага горада. У ім прынялі ўдзел некалькі творчых тандэмаў паэт — кампазітар.

Песні неаднойчы праслухоўвалі, спрачаліся. Тры апошнія варыянты тэксту друкаваліся ў газеце для грамадскага абмеркавання. Усе творы атрымаліся насамрэч вельмі прыгожыя (шкада, што яны з часам забыліся, не ўваходзяць у рэпертуар творчых калектываў). Але пальму першынства атрымаў верш Уладзіміра Чэрніка з аг. Клепачы, пакладзены на музыку Сяргеем Пратасевічам з Мінскай вобласці.

Нагадаем, што Уладзімір Рыгоравіч Чэрнік вядомы ў раёне не толькі як таленавіты паэт, аўтар паэтычных зборнікаў (іх можна знайсці ў бібліятэках), але і педагог са шматгадовым стажам.

Дыпломам за другое месца адзначылі песню старавольскай паэткі Валянціны Слабады на музыку Марыны Куцюк.

Наваствораны гімн быў зацверджаны рашэннем Пружанскага раённага Савета дэпутатаў і ўпершыню прагучаў на свяце горада 3 жніўня 2008 года.

А вось аўтар новай аранжыроўкі, якую вы можаце пачуць пад прымацаваным пастом з Instagram Палаца культуры г. Пружаны, — Аляксандр Котаў. Раім паслухаць!

Ірына Сядова


Словы Уладзіміра Чэрніка
Музыка Сяргея Пратасевіча

1. Квітнеюць Пружаны
ў дзівоснай красе.
Славянскую постаць шануюць усе.
3 Радзімаю разам i ўдзень, i ўначы
Шчаслівай дарогай заве далячынь.

ПРЫПЕЎ:
Жыві, паважаны
Наш город Пружаны,
Зліваюцца з Бугам твае ручаі.
I пушча з князёўнай
Нам дорыць любоўна
Напевы вятроў на гады i вякі.

2. У час векапомны Айчыннай вайны
Цябе баранілі бацькі i сыны.
I мужным героям тых
велічных дзён
Сучаснік жывы дасылае паклон.

ПРЫПЕЎ

3. Няхай назаўжды ў час любое пары
Шчаслівымі будуць твае жыхары,
Прасторныя храмы ярчэй зіхацяць
Праменнямі веры i светам жыцця!

ПРЫПЕЎ