Четверг, 12 февраля 2026

Нагадваем, дзе шукаць змены ў раскладзе руху цягнікоў па станцыі Аранчыцы

484

На мінулым тыдні ў рэдакцыю патэлефанаваў чытач з просьбай дапамагчы разабрацца з раскладам руху цягнікоў па чыгуначнай станцыі «Аранчыцы». Жыхар Пружан сцвярджае, што знайсці расклад, які часта змяняецца, нідзе немагчыма. Як жа быць чалавеку?

Аказваецца, ёсць абывацелі, якія шукаюць праблему там, дзе яе на самой справе няма. Я дакладна разумею, што не ўсе ўмеюць карыстацца інтэрнэтам, і далёка не ва ўсіх людзей «залатога ўзросту» ёсць нават смартфон, але наракаць на платны званок у даведачную службу, які для абанентаў «Белтэлекам» каштуе 36,6 капейкі за паслугу з улікам ПДВ — гэта неяк неверагодна. Нават для абанентаў МТС гэта не завоблачныя сумы, разлік ідзе па тарыфах вашага мабільнага аператара, а размова са спецыялістам займае не больш за мінуту.

Патэлефанаваць у кол-цэнтр па нумары 105 нават раз у тыдзень — гэта такія вялікія марнаванні? Прычым у даведачных службах адказваюць вельмі аператыўна, галоўнае, канкрэтна задаць пытанне. На крайні выпадак можна звярнуцца да дзяцей, суседзяў ці сяброў, яны ў лічаныя хвіліны праз усе даступныя інтэрнэт-рэсурсы ў смартфоне знойдуць адказ на любое пытанне. Проста трэба самому хоць нешта для гэтага зрабіць, а не наракаць на ўвесь свет і бурчэць на яго некампетэнтнасць.

Так, перад уводам новага графіка руху цягнікоў у нашым выданні публікуецца зменены расклад два разы на год. Таксама ён дубліруецца і на нашым сайце (для карыстальнікаў інтэрнэту). Штодзённыя змены ў раскладзе руху цягнікоў на станцыі «Аранчыцы», звязаныя з бягучымі рамонтнымі работамі, мы публікуем практычна кожны дзень у нашым Тelegram-канале «Раённыя будні» па меры іх паступлення. Раім падпісацца. Актыўны расклад на бягучыя суткі ўвесь час абнаўляецца ў дадатку «БЧ. Мой цягнік».

Здаецца, інфармацыі па графіку руху цягнікоў больш чым дастаткова. А зараз рытарычнае пытанне: як дапамагчы чалавеку, які ўпарта шукае праблему там, дзе яе няма?

Яшчэ раз нагадваем: кантакт-цэнтр Беларускай чыгункі па пытаннях пасажырскіх перавозак — нумар 105. Тут можна даведацца пра браніраванне месцаў, расклад руху цягнікоў, наяўнасць месцаў, кошт і правілы праезду.

Ульяна Рысь