Понедельник, 21 апреля 2025

Нагадаць пра лёсы старажытных храмаў

456

Захаванне гістарычнай памяці. Не памылюся, калі скажу: гэта тое, што хвалюе ўсе слаі беларускага грамадства. Асабліва актуальнымі сёння становяцца падзеі Вялікай Айчыннай вайны, перыяды аднаўлення народнай гаспадаркі і станаўлення незалежнай Беларусі.

Але мінуўшчына наша – шматвяковая і шматгранная. Многае ў ёй было звязана з духоўным жыццём народа, гісторыяй храмаў, у якіх маліліся нашы продкі, і іх святароў. На жаль, ХХ стагоддзе вядома не толькі войнамі, але і перыядам ваяўнічага атэізму. Ён таксама суправаджаўся разбурэннем храмаў, некаторыя з іх так і не былі адноўлены.

Каб нагадаць пра іх лёсы, каля Свята-Аляксандра-Неўскага храма ў Пружанах сёлета была ўстаноўлена стэла ў выглядзе стылізаванай каплічкі, на якой размешчана карта раёна з указаннем месцазнаходжання 17-ці праваслаўных храмаў, страчаных у ХХ стагоддзі. Ёсць тут і архіўныя фотаздымкі, і апісанні раней існуючых культавых пабудоў. Пачынае спіс царква Ражства Прасвятой Багародзіцы, якая некалі стаяла на месцы цяперашняга ўнівермага.

Пружаны, Шарашэва, Котра, Бакуны, Бярэзніца, Слабудка, Дабучын, Шэйпічы, Мурава, Пескі, Харава і іншыя… Гэты мемарыял нібы дапаўняе экспазіцыю музея царкоўнай гісторыі, створанага па ініцыятыве настаяцеля Свята-Аляксандра-Неўскага храма, благачыннага Пружанскай царкоўнай акругі протаіерэя Міхаіла Носкі.

Нагадаем, што музей, размешчаны ў будынку нядзельнай школы, быў адкрыты амаль дзесяцігоддзе таму, да 150-годдзя саборнага храма, і за гэты час прыняў нямала наведвальнікаў.

Асобна ў пераліку страчаных культавых устаноў Пружаншчыны знаходзіцца Куплінская царква: у адрозненне ад іншых храмаў, разбураных цалкам, захаваліся яе руіны. Знаходзяцца рэшткі храма побач з Круглянскімі (Куплінскімі) могілкамі, паводдаль ад населеных пунктаў, і час ад часу зарастаюць хмызняком.

Святары Свята-Аляксандра-Неўскага храма ў чарговы раз пацвердзілі, што займаюцца захаваннем гісторыі не толькі праз стварэнне музейных экспазіцый. З надыходам вясны протаіерэй Міхаіл Носка, іерэй Дыянісій Папоў, прыхаджане сабора правялі традыцыйную акцыю па добраўпарадкаванні закінутай царквы: высеклі зараснікі, пачысцілі тэрыторыю ад смецця і пустазелля. Працавалі ўвесь дзень і такім чынам ушанавалі памяць старажытнага храма, яго святароў і прыхаджан.

Ірына Сядова. Фота аўтара і Дыянісія Папова