Страх перад небяспечнай хваробай або магчымасць атрымаць штраф? Што аказалася больш дзейсным у выхаванні самасвядомасці нашых суграмадзян, калі пасля 9 кастрычніка ў магазінах, транспарце, аптэках і на рынках яны дружна надзелі на сябе маскі?
Ва ўсялякім разе тых, хто не жадае выконваць масачны рэжым, засталося значна менш. І, як запэўнівае загадчыца аддзела эпідэміялогіі Пружанскага РЦГіЭ Крысціна Пашкевіч, за сваю ўпартасць яны могуць разлічыцца з уласнага кашалька. Калі раней за невыкананне прафілактычных мер штрафы накладваліся толькі на кіраўніцтва арганізацый і ўстаноў, у якіх дапускалася парушэнне санітарных нормаў, то цяпер за невыкананне эпідэміялагічных патрабаванняў адказнасць нясуць і фізічныя асобы.
— Грамадзянін, які парушыў масачны рэжым, можа пазбавіцца да 30 базавых велічынь (870 рублёў), індывідуальнаму прадпрымальніку пагражае штраф да 200 БВ (да 5800 рублёў), а юрыдычнай асобе — да 500 базавых (да 14500 рублёў) — тлумачыць Крысціна Мікалаеўна.
Першапачаткова супрацоўнікі РЦГіЭ, якія праводзілі планавыя праверкі суб’ектаў гаспадарання, абмяжоўваліся толькі вуснымі заўвагамі. Але ўжо падчас бліжэйшых запланаваных рэйдаў яны пачнуць прымяняць штрафныя санкцыі. Таму надзявайце маскі, беражыце сваё здароўе і не рызыкуйце грашыма!
Алена Зялевіч. Фота Кацярыны Масік