Чаму падчас віншаванняў заўсёды зычаць сямейнага дабрабыту? Таму што менавіта моцная сям’я, дзе пануюць каханне і ўзаемаразуменне, з’яўляецца той надзейнай крэпасцю, дзе можна адпачыць ад паўсядзённых клопатаў і нагрузак на працы. Для выратавальнікаў, дзяжурныя змены ў якіх бываюць не вельмі спакойнымі, гэта асабліва важна. Менавіта такі «тыл» у камандзіра аддзялення пажарнага аварыйна-выратавальнага паста аг. Сухопаль Рамана Грыцука. Летась ён яшчэ памацнеў: у сям’і нарадзіўся трэці сын.

Раман Грыцук пазнаёміўся з будучай жонкай Анастасіяй на вечарыне ў сваёй сястры. З цягам часу знаёмства перарасло ў сімпатыю і каханне. Так у 2013 годзе ўзнікла яшчэ адна ячэйка грамадства — сям’я Грыцукоў.
Яшчэ падчас знаёмства Насця даведалася, што Раман — выратавальнік, служыць ужо тры гады і гэта яго свядомы, а значыць, пажыццёвы выбар.
— І тады я ведала, а зараз дакладна разумею, што азначае, калі галава тваёй сям’і — пажарны, — расказвае Анастасія Іванаўна. — Які год трывожуся, калі падчас яго дзяжурства звініць тэлефон. І разам з тым ганаруся, што мой Раман клапоціцца не толькі пра мяне з дзецьмі, але і пра іншых людзей, абараняючы іх ад бяды.
У словах жанчыны чуецца абсалютны давер сваёй палавінцы. А яшчэ адчуваецца ўпэўненасць у надзейнасці яе жыццёвага абранніка. Як расказвае Анастасія, гэта было бачна з першых дзён, як толькі нарадзіўся іх першынец Мішка. Яны разам расцілі яго, сумесна выконвалі свае бацькоўскія абавязкі, пры гэтым часцяком тата, як больш дужы, браў на сябе значную іх частку. І гэта не проста «прыгожыя словы». Тое, што Раман Міхайлавіч нямала часу праводзіць разам з сынамі Мішам і Максімам, бачна адразу: двое малых літаральна не адыходзілі ад таты. Меншы Жэнька толькі пачынае разумець наваколле і не можа выказаць свае прыхільнасці. Аднак, мяркуючы па атмасферы ў гэтай сям’і, у будучым таксама стане капіраваць сваіх братоў.
Цікаўлюся, што часцей за ўсё робяць Грыцукі разам. Як аказалася, сумесных спраў у іх нямала. Самая галоўная — добраўпарадкаванне ўласнага дома. Патрачана на яго ўзвядзенне было нямала часу і, нягледзячы на тое, што два гады таму сям‘я перасялілася ў свае сцены, клопатаў яшчэ хапае. А таксама яны разам адпачываюць. Самы любімы занятак у вольны час — выезд на прыроду.
Праз некаторы час Раман зноў пойдзе на дзяжурства. Традыцыйна Анастасія сабярэ мужа на службу, а потым разам з дзецьмі стане чакаць дадому. Непарыўнасць і трываласць такога сямейнага кола — гэта ўпэўненасць у наступным дні, пачуццё надзейнасці ў тым чалавеку, з якім давядзецца быць разам усё жыццё.
Ці пагодзяцца Грыцукі, калі сыны ў будучым таксама выбяруць прафесію выратавальніка?
— Гэта будзе іх выбар, які мы ў любым выпадку прымем. Галоўнае, каб яго прынялі іх будучыя палавінкі, — зазначаюць бацькі.
Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік