Жыхары Белавусаўшчыны прачнуліся ад кананады, якая даносілася з боку вёскі Засімавічы. У пакоі ўжо пачало прабівацца святло. Паглядзелі ў вокны — там зарыва, штосьці гарэла і бухала. Заснуць ужо не атрымалася, хоць на досвітку ўсё заціхла. Людзі выйшлі на вуліцу і пачалі абмяркоўваць здарэнне.
— Ты чуў начную кананаду?
— Не толькі чуў, але і бачыў, што там нешта гарэла.
— Напэўна, гэта былі вайсковыя вучэнні, а вы тут узнялі паніку.
— Хлопцы, гэта ж вайна, немцы на нас палезлі!
— Якая вайна, калі ў нас з Германіяй заключаны дагавор аб ненападзенні?
— Ты што, газет не чытаеш?
У паветры пачуўся гул самалётаў. Усе заціхлі і пачалі ўглядацца ў неба.
«Глядзіце, глядзіце, гэта ж не нашы: на крылах крыжы! Гэта нямецкія самалёты», — вымавіў нехта з мужчын.
Усе зразумелі: пачалася вайна з Германіяй. Вечарам стала вядома, што Засімавіцкі аэрадром разгромлены, а ўсе самалёты згарэлі. Страты асабовага саставу склалі амаль сто працэнтаў. Людзі выйшлі хаваць загінулых і не маглі стрымаць слёз. Кругом ляжалі целы забітых. Салдацікі былі зусім маладыя, некаторых з іх зусім нядаўна прызвалі на службу ў Чырвоную Армію. Многія жыхары Засімавіч ведалі іх у твар.
На другі дзень паступілі звесткі аб зверствах немцаў у Пружанах. Пачаліся арышты камуністаў, камсамольцаў, яўрэяў. Іх грузілі ў машыны і вывозілі ў Мікіцкі лес. Назад машыны вярталіся пустыя…
Насельніцтва знаходзілася ў паніцы. Пры сустрэчы людзі толькі і гаварылі аб сваіх сынах, мужыках і братах, якія служылі ў Чырвонай Арміі. Усё часцей гучала пытанне: «А што будзе з намі? Як мы выжывем?»
Дэфіцытам адразу сталі соль, мыла, прадукты харчавання. Вельмі запатрабаванай была газа, якая залівалася ў газавыя лямпы, што выкарыстоўваліся для асвятлення жылля ў цёмны час сутак.
Аднойчы раніцай на вуліцы з’явіліся немцы. Усіх жыхароў пачалі зганяць на плошчу. Пад’ехаў матацыкл з кулямётам, і кулямётчык адразу накіраваў зброю ў бок людзей.
«Расстраляюць, — пачуўся голас у натоўпе. — Дакладна расстраляюць, інакш навошта кулямёт?» Многія пачалі плакаць.
Мая мама з двума дзецьмі (мне быў год і месяц, сястры — тры з паловай) стаяла крайняя злева, а далей праз дарогу знаходзіўся хлеў. «Надзя, уцякай, уцякай, ратуй дзяцей», — вымавіў нехта з натоўпу. Мама заставалася нерухомай. Зірнула на кулямётчыка. Здавалася, што ён глядзеў толькі на яе. Зрабіла крок назад, другі, трэці і выйшла з натоўпу. Узяла мяне на рукі, а сястру за руку і падрыхтавалася праскочыць дарогу і схавацца за хлеў. І раптам яе позірк затрымаўся на кусце бэзу, які рос праз дарогу: там стаяў немец з аўтаматам. Бегчы было немагчыма. «Што будзе ўсім, тое — і нам», — адказала мама на заклік бегчы.
Прынеслі стол і табурэткі. Прыйшлі два афіцэры і перакладчык у цывільным. Афіцэр сказаў, што Савецкая ўлада закончылася і цяпер неабходна выконваць новы, нямецкі, парадак. А ўвасабляць яго ў жыццё будзе стараста, якога сёння прызначаць. Сагнаныя ў натоўп людзі з палёгкай уздыхнулі: значыць, сёння яшчэ не расстраляюць.
Ноччу па невядомай прычыне загарэлася некалькі дамоў, у тым ліку і наш. Мама расказвала, што нам цудам удалося выскачыць з яго, ахопленага агнём. Згарэлі ўсе рэчы. На некаторы час прытулак нам далі суседзі, а потым мы перасяліліся ў маленькі кінуты дом.
Неяк да нас забегла суседка і паведаміла маме, што ўладкавалася да немцаў на ферму даіць кароў. Кожны раз яна прыносіла за пазухай па бутэльцы малака дзецям. Даярак не хапала, і маме таксама прапанавалі пайсці на ферму. Яна згадзілася, і ўжо вечарам бульбу і хлеб мы елі з малаком.
Аднойчы раніцай, калі жанчыны закончылі дойку і вярталіся дамоў, іх перапыніў немец з гумавай палкай, кіўком пальца паклікаў адну з даярак — Зоську, прымусіў расшпіліць камізэльку, а там — бутэлька з малаком. Немец моцна ўдарыў Зоську, тая ўпала на зямлю, а ўдары сыпаліся адзін за другім. Пасля на павозцы яе адвезлі дахаты, а на наступны дзень жанчына памерла. Пасля гэтага выпадку даяркі баяліся браць малако з фермы, і мы пачалі забываць яго смак.
Ацяпленне жылля ў Белавусаўшчыне было толькі пячное — палілі дровамі. Назапасіць іх было вялікай праблемай, з якой сутыкнулася і наша сям’я.
Набліжалася зіма, а дроў у запасе мы не мелі. Балазе, непадалёку ад хаты была кузня, дзе працаваў кульгавы Анатоль, ён нам і дапамог… Анатоль часта прыходзіў да нас і прыносіў вырабленыя ў сваёй майстэрні цацкі. У сцяне кузні, якая ацяплялася вугалем, з аднаго боку была дзірка. Анатоль да той дзіркі наносіў вугалю, а мама вечарам з вядром забірала яго. Так паўтаралася кожны вечар. У нашым доме стала цёпла і ўтульна.
Аднойчы вечарам мама зноў пайшла да кузні. Набрала поўнае вядро вугалю і ўжо збіралася ісці, калі заўважыла побач немца з гумавай палкай. Той проста стаяў і маўчаў. Мама спужалася, выпусціла з рук вядро і кінулася наўцёкі…
Выпаў снег, узмацніліся маразы. Выпрасіць у суседзяў дроў станавілася ўсё больш складана. Тады мы вырашылі пераехаць на хутар каля вёскі Сярэдняе, дзе раней жыла сям’я паляка Ракоўскага, якая ў 1939 годзе выехала ў Польшчу. За кіламетр ад той хаты знаходзіўся хутар Мікульскага — мужа мамінай сястры Вольгі. Мікульскі і дапамог нам з пераездам. У марозны зімовы дзень ён прыехаў на санях, перавёз нас з усімі пажыткамі ў хату Ракоўскага. Там была печка з плітой. Каб было чым паліць у ёй, мама брала сякеру і ішла ў лес па дровы. І ніякага немца! І ніхто не забараняў нарыхтоўваць дровы, таму мы жылі ў цяпле.
А вось з прадуктамі харчавання было цяжэй. Прызнацца, вельмі спадзяваліся мы на дапамогу Мікульскага. Калі заходзілі да яго, то часам атрымлівалі лустачку хлеба з маслам, а іншы раз вярталіся ні з чым. Бывала, гаспадар хацеў наліць бутэльку малака, але Вольга была катэгарычна супраць. «Сцямнее, прыйдуць па малако, што ім скажаш?» — казала цётка.
Складвалася такое ўражанне, што ўсе прадукты ішлі ў лес партызанам. Забілі, напрыклад, кабана, і не менш за палову неабходна было аддаць ім.
Неяк раніцай прыйшла да нас паштальёнка і ўручыла маме павестку: на наступны дзень да 12 гадзін ёй трэба было прыбыць у Кацёлкі.
— З якой мэтай? — пацікавілася мама.
— Будуць адпраўляць на працу ў Германію.
— А дзеці?
— У павестцы загадана з’явіцца толькі табе, пра дзяцей нічога не сказана.
На наступны дзень сабраліся і пайшлі ў Кацёлкі. Уздоўж вуліцы ў шарэнгу былі выстраены жыхары. Вынеслі стол, табурэткі, расклалі спісы. Немцы пачалі адбіраць жанчын для адпраўкі на работы ў Германію. Неўзабаве машыны былі запоўнены, а да мамы чарга так і не дайшла. Мы былі выратаваны.
Ішоў 1944 год. Народ павесялеў. Пайшлі размовы, што хутка прыйдуць нашы. Немцы свядома пачалі гаварыць: «Гітлер капут». У небе ўсё часцей пачалі з’яўляцца самалёты з чырвонымі зоркамі на крылах.
Аднойчы вечарам прыбег Федзя Солад і сказаў: «Хавайцеся хутчэй, нямецкія танкі ідуць!» Мы кінуліся да балота. Мама ўзяла сястру на плечы, а мяне на рукі і дайшла па вадзе да зараснікаў лазы. Грукат танкаў набліжаўся… Яны прайшлі каля нашай хаты і сталі аддаляцца. Выходзіць з балота мы баяліся: думалі, што следам за тэхнікай пойдзе пяхота. Так на балоце мы правялі ўсю ноч.
Раніцай ад мясцовых жыхароў даведаліся, што гэта ішлі нашы танкі. Мы былі на сёмым небе ад шчасця. Ды што тут гаварыць — усе людзі з радасцю сустрэлі гэту навіну.
На вялікім неўзараным полі, што знаходзілася перад нашым домам, неяк прызямліліся два самалёты АН-2 («кукурузнікі»). На другі дзень прыехалі салдаты, каб заняцца іх рамонтам. Перыядычна самалёты ўздымаліся ў неба. Вайскоўцы і мне прапаноўвалі палятаць. Але мама строга забараніла: «Яшчэ спужаеце хлопца». Праз дзён дзесяць самалёты паляцелі, і мне стала сумна.
А вось каля хутара Шыманскага стаялі два танкі (нямецкі «Тыгр» і наш «Т-34»). Люкі ў іх былі адкрытыя, таму залезці ўнутр можна было без праблем. Нам, дзецям, тут усё было цікава. Шкада, што тыя танкі пасля зніклі, калі і куды — мы так і не даведаліся.
Нашых салдатаў мы бачылі штодзень. Яны рамантавалі або разбіралі пакінутую баявую тэхніку, вывозілі боепрыпасы, займаліся размініраваннем.
У адзін з вечароў раптам узнялася стральба. У неба адна за другой узляталі ракеты, якія асвятлялі наваколле, неба паласавалі пражэктары. Мы спалохаліся і правялі ўсю ноч у суседскім садзе пад яблыняй. Раніцай, вяртаючыся дахаты, сустрэлі салдатаў, якія паведамілі, што Германія капітулявала. Так наша сям’я сустрэла Дзень Перамогі.
Вайну перажылі, але наперадзе таксама чакала нялёгкае жыццё.
Мікульскі вырашыў выехаць у Польшчу і прапанаваў нашай сям’і пераехаць у яго дом. Мы, вядома, згадзіліся і сталі ўладальнікамі дома, хлява, поля, лугу і лесу. Не верылася, што ўсё гэта было наша. А калі сусед прапанаваў узяць па сходнай цане карову, мы ўвогуле адчулі сябе сапраўднымі гаспадарамі.
Наступіла зіма. Раніцай бачым: пад’ехала пяць падвод. Мужыкі, нічога не кажучы, палезлі на хлеў, у якім стаяла карова, і пачалі разбураць дах. Потым толькі растлумачылі, што гэта яны выконваюць загад… Хлеў быў разабраны і вывезены. Карову давялося перавесці ў пуню.
Праз месяц зноў пад’ехалі падводы. На гэты раз разбіралі пуню. Тады ўжо карову перавялі ў хату і паставілі ў камору, на гарышча хаты перанеслі і сена. Так з каровай у каморы мы жылі да 1960 года.
Былі ў нашым пасляваенным жыцці і прыемныя моманты. Неяк з Германіі гналі коней і спыніліся каля нашай хаты адпачыць, напаіць жывёлу. Камандзір падчас гутаркі з мамай прапанаваў ёй узяць адну кабылку. Мама не адмовілася. Вельмі задаволеныя гэтым былі ўсе суседзі: цяпер разам лягчэй будзе апрацоўваць агароды. У аднаго суседа, аказваецца, ёсць воз, у другога — інвентар, паабяцалі дапамагчы і з кормам, а на зіму забіраць жывёлу ў свой хлеў. Маёй радасці не было межаў.
Выпасвалі кабылку і ў начны час. Яна вельмі прывыкла да мяне і сустракала прыветлівым іржаннем. Але цешыліся кабылкай мы нядоўга: аднойчы ноччу з ёю расправіліся ваўкі.
Давялося ў далейшым капаць агарод лапатай, самім насіць з лесу дровы.
Дзякуючы нашай маме, мы выжылі, вывучыліся. Сястра атрымала вышэйшую педагагічную адукацыю, а я закончыў Пружанскі тэхнікум. Вось толькі бацькі не дачакаліся з вайны. Ці былі ў мамы шчаслівыя дні без яго? На гэта пытанне адказаць цяжка. Ды толькі сам я такіх дзён не назіраў…
Пасля працяглай цяжкай хваробы ў чэрвені 1987 года мама пайшла з жыцця.
Георгій Вашкевіч, г.Белаазёрск.