Пятница, 13 декабря 2024

Надаем увагу экалагічнаму выхаванню дзяцей

311

На мінулым тыдні на тэрыторыі Пружанскага раёна прайшоў абласны савет кіраўнікоў устаноў дашкольнай адукацыі на тэму «Экалагічнае выхаванне дзяцей дашкольнага ўзросту пры дапамозе рэалізацыі адукацыйнага праекта «Зялёныя школы» і арганізацыі работы дашкольных лясніцтваў».

Мерапрыемства пачалося на базе ДУА «Ліноўскі дзіцячы сад Пружанскага раёна». Прысутных вітала галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Таццяна Ятчэня, якая падкрэсліла важнасць тэмы, якую павінны былі абмеркаваць на абласным савеце кіраўнікоў. Заслуханы выступленні загадчыцы раённага вучэбна-метадычнага кабінета Вольгі Дулько, метадыста РВМК Таццяны Жабрун, загадчыцы Ліноўскага дзіцячага садка Іны Куніцкай.

Савет працягнуў работу на тэрыторыі ДУА «Дзіцячы сад № 3 г. Пружаны». Для прысутных правялі экскурсію па тэрыторыі ўстановы. Выхаванцы садка падрыхтавалі музычныя падарункі. А ў памяшканні садка была арганізавана выстава-кірмаш педагагічных ідэй «Арганізацыя работы па экалагічным выхаванні дзяцей ва ўстанове дашкольнай адукацыі», якая грунтавалася на вопыце работы ўстаноў Пружанскага раёна.

Хвалюючая падзея адбылася ў актавай зале. Тут прайшла ўрачыстая перадача сваіх паўнамоцтваў, а разам з імі і гальштукаў, ад выпускнікоў установы, якія прымаюць удзел у праекце «Зялёныя школы», да навучэнцаў малодшых груп, якім толькі давядзецца прыняць у ім удзел. Не абышлося і без выступлення ўдзельнікаў яшчэ аднаго эколага-адукацыйнага аб’яднання — дашкольнага лясніцтва «Ваверчаняты-экальчаты», якое функцыянуе на базе садка з кастрычніка 2023 года.

З дакладам аб фарміраванні асноў экалагічнай культуры ў выхаванцаў праз дзейнасць дашкольнага лясніцтва і рэалізацыю адукацыйнага праекта «Зялёныя школы», а таксама аб сучаснай адукацыйнай прасторы ўстаноў дашкольнай адукацыі выступіла загадчыца ДУА «Дзіцячы сад № 3 г. Пружаны» Наталля Пашкевіч. Яна абазначыла відавочныя перавагі развіцця такіх праектаў.

— Адукацыйны праект «Зялёныя школы» стартаваў ва ўстанове ў 2020 годзе. Ён быў накіраваны на фарміраванне ў выхаванцаў паняццяў аховы навакольнага асяроддзя і рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў, выхавання адказных адносін да прыроды. Па выніках работы ў 2022 годзе ўстанова была ўзнагароджана дыпломам першай ступені. Што тычыцца дашкольнага лясніцтва «Ваверчаняты-экальчаты», то за кароткі прамежак часу дзеткі ўдзельнічалі ў пасадцы дрэў на тэрыторыі садка, стварэнні экалагічнага кутка. Неаднаразова бралі ўдзел у конкурсах на экалагічную тэматыку, пабывалі на экскурсіі ў музеі Пружанскага лясгаса і прымалі ўдзел у закладцы Алеі памяці каля гарадскога возера. Вынікам сумеснай работы «Зялёных школ» і дашкольнага лясніцтва стала стварэнне эколага-адукацыйнага цэнтра «Спазнаю, аберагаю…», мэтай якога з‘яўляецца выхаванне беражлівых адносін да прыроды і паглыбленага ўяўлення аб лясной гаспадарцы і экалогіі.

З рэалізацыяй падобных праектаў можна спадзявацца, што ў нашай краіне сапраўды будзе чыста, прыгожа і ўтульна, а яе зялёнае багацце — лясы, паркі, скверы — будзе толькі павялічвацца.

Руслан Басак. Фота Кацярыны Масік

Яшчэ больш фота — глядзіце ў альбомах у нашых групах «УКантакце» і на «Аднакласніках».