Вторник, 21 января 2025

Над стварэннем патрыятычнага музею працуе зараз пружанскі ваенна-гістарычны клуб «За Радзіму!». Далучыцца могуць усе пружанцы

800

Ваенна-гістарычны клуб «За Радзіму!», што дзейнічае ў Пружанах, галоўнай сваёй мэтай бачыць захаванне памяці пра землякоў, якія перанеслі нягоды Вялікай Айчыннай вайны і абаранялі свой родны край ад чужынцаў. Нямала работы зроблена ўжо старшынёй клуба Віталіем Матвіенкам і яго пакуль нешматлікімі аднадумцамі, якія прыкладаюць усе намаганні для таго, каб стварыць патрыятычны музей у Пружанах.

Гэтыя словы прыпісваюцца нацыянальнай гераіне Францыі Жанне Д’Арк, якая заклікала землякоў выступіць супраць ворагаў сваёй радзімы. Праз паўтысячы гадоў гэта выказванне не губляе актуальнасці. Гісторыя той Стогадовай вайны паўтараецца зноў і зноў, нібы па зачараваным коле. Як толькі народ страчвае памяць аб продках, нацыянальнае адзінства, то адразу з’яўляюцца цэнтрабежныя цячэнні, якія разрываюць некалі адзіную краіну на часткі. Пры слабой цэнтральнай уладзе гэты працэс істотна паскараецца. Але, калі знаходзіцца стрыжань, то вакол яго гуртуюцца патрыятычныя сілы, што мацуюць народнае адзінства.

Па пацвярджэнне гэтых гістарычных высноў не трэба хадзіць далёка. Тое ж самае мы маглі б назіраць зараз і ў нас, калі б некалькі гадоў таму цэнтр не вытрымаў ціску на разрыў.

Таму зараз у Беларусі выбудоўваецца новы ідэалагічны вектар, у якім найбольшы акцэнт робіцца менавіта на захаванне гістарычнай памяці, перадачу гэтай каштоўнасці наступным пакаленням. У многім работа па патрыятычным выхаванні моладзі абапіраецца на сістэму адукацыі, аднак не меншую ролю адыгрывае і дзейнасць грамадскіх аб’яднанняў. Створаны падобныя і ў нашым раёне. Напрыклад, нядаўна ініцыятыўнымі пружанцамі быў арганізаваны ўласны ваенна-гістарычны клуб «За Радзіму!».

— Суполка прыхільнікаў гісторыі нашага раёна перыяду Вялікай Айчыннай вайны, або, як зараз модна казаць, рэканструктараў, дзейнічала на Пружаншчыне ўжо больш за 10 гадоў, — расказвае старшыня клуба Віталій Матвіенка. — Аднак гэты перыяд мы былі адной з частак аналагічнага Бярозаўскага аб’яднання. У ліпені мінулага года паўстала неабходнасць «атрымання незалежнасці» і пры падтрымцы раённых улад была створана ўласная патрыятычная суполка.

Па словах Віталія Іванавіча, асноўная мэта аднадумцаў па клубе — захаванне гістарычнай памяці аб земляках, якія ў ваенны час і ў перыяд акупацыі абаранялі Радзіму. Памяці аб тых, хто не вярнуўся з франтоў, загінуў у партызанскіх баях або быў расстраляны гітлераўцамі за супрацьдзеянне акупацыйнаму рэжыму. У тым ліку і мірных людзей, якіх знішчылі разам з населенымі пунктамі або вывезлі на прымусовыя работы ў Германію.

Ваенна-гістарычны клуб «За Радзіму!» аб’ядноўвае пакуль нямнога аднадумцаў-рэканструктараў, але яны не выключаюць, што хутка колькасць прыхільнікаў павялічыцца. Чаму іх можна назваць менавіта рэканструктарамі? Справа ў тым, што аматары яшчэ з’яўляюцца і збіральнікамі артэфактаў тых часоў: ваенных, бытавых, дакументальных. Многае яны аднаўляюць сваімі сіламі, у тым ліку форму, вайсковыя знакі, сцягі і гэтак далей. А яшчэ савецкую і нямецкую зброю, дакладней, вырабляюць блізкія па форме, але недзеючыя рэплікі.

А вось рост сваіх шэрагаў яны звязваюць, у першую чаргу, з актыўнай грамадскай дзейнасцю. Як зазначае Віталій Матвіенка, на бягучы год распрацаваны даволі ўнушальны спіс мерапрыемстваў, якія будуць падрыхтаваны ўласнымі сіламі або ў якіх члены клуба прымуць самы актыўны ўдзел. І першыя ідэі ўжо пачалі рэалізоўвацца. На другім паверсе «белых лавак» пры падтрымцы райвыканкама зараз ствараецца патрыятычны музей.

— Яго канцэпцыя ўключае ў сябе некалькі экспазіцыйных раздзелаў, — тлумачыць Віталій Іванавіч. — Першы паказвае даваенны быт жыхароў раёна: чым займаліся людзі, як бавілі час, якімі бытавымі прыборамі карысталіся. Далей пераходзім у тую частку, якая прысвечана пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

Паступова экскурсанты змогуць паглядзець, як разгортваліся першыя баі на Пружаншчыне, як ствараўся і якія задачы выконваў партызанскі рух. Безумоўна, вынікам такога супраціўлення захопнікам стаў жорсткі акупацыйны рэжым. Яго наступствам прысвечана асобная экспазіцыя. Як паводзілі сябе ворагі на Пружаншчыне? Як рэагавалі на народную помсту? Адказы на гэтыя пытанні можна будзе атрымаць падчас наведвання патрыятычнага музея. А закончыцца дэманстрацыя на раздзеле, які праз дакументы, карты і іншыя экспанаты раскажа пра аперацыю «Баграціён», вынікам якой стала вызваленне Беларусі.

Усяго сабрана больш за 300 выставачных узораў, многія з якіх дайшлі да нас з тых ваенных часоў, дзякуючы чаму наведвальнікі музея змогуць пазнаёміцца з рэальнымі артэфактамі. Пры гэтым сярод экспанатаў ёсць і даволі рэдкія, што пакуль не з’яўляліся ў дзеючых рэспубліканскіх экспазіцыях.

— Зараз заканчваем ўладкаванне асобных раздзелаў, распрацоўваем суцэльную тэматычную дэманстрацыю, — расказвае Віталій Матвіенка. — Значную дапамогу ў падрыхтоўцы экспазіцый нам аказваюць лясгас, ільнозавод, цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, пружанская друкарня і іншыя арганізацыі. З такой падтрымкай мы спадзяёмся, што адкрыемся для ўсіх жадаючых азнаёміцца з выставай не пазней за 9 мая бягучага года. Пакуль жа звяртаемся па дапамогу і да жыхароў раёна, у якіх у архівах могуць застацца прадметы тых часоў, фотаздымкі і іншае. Пра гэта можа паведаміць па тэлефонах 4-16-92 або 8-029-793-19-95.

Мы ж са свайго боку спадзяёмся, што яшчэ не адзін раз пачуем пра раённы ваенна-гістарычны клуб «За Радзіму!» у такім жа кантэксце. Пра што абавязкова раскажам нашым чытачам.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік