Як шырокі кругагляд можа дапамагчы пры выбары будучай спецыяльнасці? На што звяртаць увагу пры падрыхтоўцы да паступлення? Чым займаюцца інжынеры-будаўнікі? Дзеліцца сваім вопытам і дае парады начальнік выпрабавальнай будаўнічай лабараторыі ДЭУ-25 Дзмітрый Міхееў.
—Як ты прыйшоў да выбару прафесіі?
— Як і многія сучасныя юнакі і дзяўчаты, зыходзячы з уласных здольнасцей. Дакладныя навукі даваліся мне куды лягчэй, чым гуманітарныя. Прафесійных дынастый у нашай сям’і няма, ніхто мяне да «сямейнай справы» не падштурхоўваў, таму быў поў-насцю вольны ў выбары. Наколькі памятаю, самастойна гартаў даведнікі абітурыента і параўноўваў прахадныя балы папярэдняга года са сваімі, атрыманымі на тэсціраванні. Спецыяльнасць інжынера-будаўніка здалася перспектыўнай, карыснай і цікавай.
—Як праходзіла падрыхтоўка да паступлення?
— Я вучыўся ў гімназіі г.Пружаны ў фізіка-матэматычным класе. У нас была выдатная настаўніца геаметрыі і алгебры Раіса Васільеўна Маркечка. Акрамя базавых школьных урокаў, наведваў факультатыў па матэматыцы. У сярэдзіне 2000-х рэпетытарства толькі набірала абароты, а бал атэстата не ўлічваўся. Тэсціраванне неабходна было прайсці па матэматыцы, фізіцы і рускай мове. Апошнія месяцы навучання ў 11 класе дадаткова для ўпэўненасці хадзіў да рэпетытара па мове. Для таго, каб зарабіць прахадныя балы, якія аказаліся вышэй за сярэднія сярод усіх інжынерных спецыяльнасцей у той уступнай кампаніі, такой падрыхтоўкі хапіла б. Дакументы падаваў у БНТУ г. Мінска, паступіў на бясплатнае навучанне.
—Ці складана было вучыцца?
— Вучыцца было, вядома, цікавей, чым у школе, асабліва з трэцяга курса, калі пачаліся профільныя прадметы. Тады ўжо фарміравалася яснасць у спецыфіцы будучай прафесіі, што дазваляла глядзець на працэс навучання з іншага боку. Калі канкрэтна ведаеш, з чым давя-дзецца працаваць, калі бачыш свае прабелы ў ведах, тады прасцей вучыцца, самастойна можна рухацца наперад. Але ў навучальным працэсе не хапала практыкі (як вядома, лепш адзін раз убачыць і паспрабаваць, чым некалькі разоў пачуць).
Акрамя вучобы ва ўніверсітэце, развівацца дапамагалі і зносіны, бо групы фарміраваліся з жыхароў розных гарадоў, а ў інтэрнатах пражывалі студэнты з розных факультэтаў, розных спецыяльнасцей. Да таго ж, у буйным горадзе, здаецца, няма межаў для развіцця: гэта і пад-працоўка, і дадатковая адукацыя, і КВЗ, і «Студэнцкая вясна», і больш варыянтаў баўлення часу.
—Што ўваходзіць у твае штодзённыя абавязкі?
— Ні для каго не сакрэт, што любая работа мае патрэбу ў кантролі якасці, асабліва ў будаўнічай сферы, дзе вынік залежыць ад шматлікіх фактараў і ўмоў, якія далёка не заўсёды з’яўляюцца ідэальнымі. Гэта і якасць сыравіны, і спраўная работа механізмаў, і чалавечы фактар, і ўмовы надвор’я, і г.д., што ў комплексе ўплывае на якасць гатовай прадукцыі. Ёсць такая прымаўка: «Дзе тонка — там і рвецца», гэта асабліва актуальна ў інжынернай справе і вытворчасці матэрыялаў, дзе які-небудзь нязначны нюанс можа змарнаваць намаганні многіх людзей, прывесці да выдаткаў рэсурсаў і страты часу.
Нягледзячы на тое, што, здавалася б, тэхналогіі і будаўнічыя матэрыялы практычна не мяняюцца, працуем з імі не адно дзесяцігоддзе і павінны былі быць адпрацаваны да аўтаматызму правілы і парадак работ, усё роўна неабходна быць напагатове і кантраляваць тэхналагічныя працэсы і якасць прадукцыі.
У мае штодзённыя абавязкі ўваходзяць лабараторны кантроль за якасцю дарожна-будаўнічых матэрыялаў, кантроль за выкананнем тэхналогіі іх перапрацоўкі, кантроль за якасцю гатовай прадукцыі (асфальтабетонныя сумесі, бітумная эмульсія, супрацьгалалёдныя матэрыялы, інертныя матэрыялы і сумесі і іншае), распрацоўка падбораў саставаў, работа над паляпшэннем тэхналогій вытворчасці. Зона дзейнасці — філіялы РУП «Брэстаўтадар», гэта значыць, арганізацыі, якія абслугоўваюць рэспубліканскія і магістральныя дарогі Брэсцкай вобласці.
Прафесія творчая і інтэлектуальная па большай частцы. Неабходна валодаць багажом ведаў у дарожна-будаўнічай сферы і арыентавацца ў дзяржаўных стандартах вытворчасці работ і якасці прадукцыі. У інжынернай справе заўсёды ёсць, да чаго імкнуцца і куды развівацца.
Работа наогул разнапланавая: тут хапае і папяровай працы, і фізічнага руху, і палявых работ, і зносін. У гэтым вялікі плюс для тых, хто не імкнецца ўвесь працоўны дзень праводзіць у офісным крэсле, гледзячы ў манітор і робячы аднатыпную работу.
—Каму б ты параіў абраць такую прафесію?
— Тым, хто хоча ствараць бачныя аб’екты, хто лічыць якасць прадукцыі не менш важным крытэрыем у вытворчасці прадукцыі і работ, чым яе колькасць.
Пашырайце кругагляд: па-спрабуйце разабрацца ў кодзе вэб-старонкі, у мікрасхемах электронных плат, у падатковай сістэме, пры магчымасці па-спрабуйце сябе ў кіраванні трактарам або грузавіком, прыгатуйце самастойна боршч, папрактыкуйцеся ў нанясенні тынкоўкі, рабоце са зварачным апаратам, чытайце літаратуру розных жанраў, вучыце замежныя мовы і не бойцеся спрабаваць сябе ў незнаёмых галінах дзейнасці — гэта значна спросціць пошукі сябе.
Гутарыла Кацярына Пашкевіч.