Мінулы год выдаўся багатым на ўраджай яблыкаў у прамысловых садах сельгаспрадпрыемстваў нашага раёна. Садаводы ААТ «Жураўлінае» атрымалі 3424 тоны вітамінных пладоў, што з’яўляецца самым высокім паказчыкам за ўсю гісторыю саду. Безумоўна, у гэтым вялікая заслуга начальніка саду І.К.Чарапенька, якая тут працуе з моманту яго закладкі.

Нарадзілася Ірына Канстанцінаўна Чарапенька ў вёсцы Кулікі, што непадалёку ад Пружан.
Бацька працаваў вадзіцелем, а маці — цялятніцай на эксперыментальнай базе «Белавусаўшчына».
У сям’і, акрамя Ірыны, выхоўваліся яшчэ старэйшая сястра і малодшы брат.
— Нарадзілася я ў сапраўдным бараку, — успамінае жанчына. — Калі мне споўнілася чатыры гады, наша сям’я пераехала ў Белавусаўшчыну, дзе атрымала кватэру ў доме без зручнасцей.
Пачатковую школу дзяўчынка закончыла ў Белавусаўшчыне, а няпоўную сярэднюю адукацыю атрымала ў СШ №3 горада Пружаны.
Як расказала Ірына Канстанцінаўна, у школе ёй больш падабаліся дакладныя навукі, у прыватнасці матэматыка, а вось чытаць яна не надта любіла.
Так атрымалася, што падала дакументы ў тагачасны Пружанскі саўгас-тэхнікум на аддзяленне аграноміі, які паспяхова закончыла ў 1978 годзе.
Пасля атрымання дыплома малады спецыяліст трапіла ў калгас «Чырвоны маяк», які ўзначальвала В.І.Шахнюк. Працавала начальнікам вытворчага ўчастка, куды ўваходзілі вёскі Янаўцы і Ляжайка. Тут жанчына сустрэла сваё асабістае шчасце і выйшла замуж за мясцовага хлопца, які пасля службы ў войску працаваў вадзіцелем.
Пасля маладая сям’я працавала ў саўгасе «Савецкі». Ірына Канстанцінаўна на гэтым жыццёвым этапе паспрабавала сябе ў розных відах дзейнасці: працавала на складзе мінеральных угнаенняў, начальнікам вытворчага ўчастка, аграномам-насенняводам, спецыялістам па асабістых падсобных гаспадарках і нават на працягу некалькіх месяцаў — трактарыстам.
У 2007 годзе, калі пачалася закладка прамысловага саду, жанчына займала пасаду кіраўніка вытворчага аддзялення «Мокрае» і ў той час завочна закончыла Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут. На прапанову заняцца садаводствам Ірына Канстанцінаўна пагадзілася, і пры яе непасрэдным удзеле каля вёскі Янаўцы пачалася закладка новага саду прамысловага тыпу.
Цяпер пра поспехі садаводаў ААТ «Жураўлінае» ведаюць далёка за межамі вобласці і нават рэспублікі. Яблыкі, вырашчаныя ў садзе таварыства, карыстаюцца попытам у расійскага пакупніка. Масква, Санкт-Пецярбург, Ніжні Ноўгарад — далёка не поўны пералік гарадоў, у якія адгружаецца вітамінная прадукцыя.
Дарэчы, начальнік саду Ірына Канстанцінаўна і цяпер працягвае вучыцца. Яна пабывала за мяжой у садаводаў Польшчы і Германіі, на шматлікіх семінарах, якія праводзіліся ў нашай рэспублі-цы.
А аднойчы нямецкія садаводы наведалі сад ААТ «Жураўлінае», і тое, што яны ўбачылі, прыемна ўразіла іх. Нашы сады ні ў чым не саступаюць еўрапейскім, а па якасці яблыкаў нават іх пераўзыхо-дзяць.
Час бяжыць няўмольна хутка. Ірына Канстанцінаўна падняла на ногі сына і дачку, мае восем унукаў. Дарэчы, дачка Таццяна працуе разам з маці ў садзе вядучым аграномам і ў гэтым годзе заканчвае Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт.
Сама ж Ірына Канстанцінаўна ўжо некалькі гадоў знаходзіцца на пенсіі, але працягвае займацца любімай справай, без якой не ўяўляе свайго жыцця.
За сваю добрасумленную працу І.К.Чарапенька ўзнагароджвалася граматай Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь, граматай Упраўлення Справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, падзячным пісьмом рэспубліканскага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.
— Што для Вас галоўнае ў жыцці?
— Работа, дабрабыт дзяцей і ўнукаў.
— Які мультфільм падабаўся больш за ўсё ў дзяцінстве?
— «Ну, пачакай!».
— Ваш кумір, чалавек, у якога вы многаму навучыліся?
— За час сваёй працоўнай кар’еры даводзілася сустракацца з многімі людзьмі, у тым ліку з кіраўнікамі. У кожнага з іх бярэш для сябе нешта карыснае.
— Што выводзіць вас з сябе?
— Безадказнасць падначаленых.
— Чым любіце займацца ў вольны час?
— Люблю збіраць грыбы і ездзіць на рыбалку.
— Якія кнігі любіце чытаць?
— Дэтэктывы.
— Любімая мясціна на зямлі, дзе яна знаходзіцца?
— Гэта аграгарадок Клепачы, дзе я цяпер жыву.
— Любімая свойская жывёла?
— Сабака.
— Зіма ці восень?
— Восень.
— Кніга ці кіно?
— Кіно.
— Мора або горы?
— Мора. Удалося пабываць на Чорным і Балтыйскім марах.
— Любімы від спорту?
— Веласпорт, якім я актыўна займалася падчас вучобы ў саўгасе-тэхнікуме.
— Адзінота або кампанія?
— Цяпер люблю і адзіноту, паколькі пражываю адна (мужа не стала яшчэ ў 1991 годзе). А ўвогуле я чалавек кампанейскі.
— Дарыць ці атрымліваць падарункі?
— Дарыць.
— Задавальненне ад працы ці памер зарплаты?
— 50 на 50.
— На што не шкада патраціць грошы?
— На дзяцей і ўнукаў.
— Калі б усё давялося пачаць спачатку?
— Напэўна, паўтарыла б свой жыццёвы шлях.
Мікола Архуцік, фота Сяргея Талашкевіча.