Четверг, 25 апреля 2024

Начальнік лабараторыі філіяла «Камбінат кааператыўнай прамысловасці» Алена Якутчык: «Нашу работу ацэньвае спажывец»

434

Першае, на што звяртаеш увагу пры размове з Аленай Якутчык, — яе добры настрой. Калегі ў скарбонку добрых якасцей жанчыны дадаюць гатоўнасць прыйсці на дапамогу, аптымізм, кампетэнтнасць і актыўнасць. Мабыць, усё гэта і дапамагае начальніку лабараторыі філіяла райспажыўтаварыства «Камбінат кааператыўнай прамысловасці» быць прыгожай і шчаслівай. Таму і не верыцца, што ў аўторак Алена Васільеўна адзначыла свой 50-гадовы юбілей.

Амаль палова жыцця жанчыны звязана з райспажыўтаварыствам. Сюды яна прыйшла ў 1998-м, ужо атрымаўшы дыплом тэхніка-тэхнолага пасля заканчэння тэхнікума мясной і малочнай прамысловасці ў Пінску.

Пачынала працоўны шлях вучаніцай кулінарнага цэха, ужо праз месяц стала працаваць у каўбасным, а праз некалькі гадоў была прызначана на пасаду тэхніка-тэхнолага. Лабараторыяй камбіната Алена Васільеўна загадвае ўжо больш за 15 гадоў і асноўнай задачай бачыць выпуск якаснай і смачнай прадукцыі.

— Зараз у мае абавязкі ўваходзіць кантроль якасці нашых вырабаў: знакамітага пружанскага хлеба і булачак, безалкагольных напояў, рыбнай і мясной прадукцыі. Усё гэта можна ўбачыць не толькі на паліцах магазінаў нашага таварыства, але і ў буйных гандлёвых аб’ектах горада, суседніх раёнаў, абласнога цэнтра. Мяса мы даволі паспяхова экспартуем у Расію і Казахстан. Стараемся рабіць усё як для сябе, бо нашу работу, у першую чаргу, ацэньвае спажывец, а мы вельмі хочам, каб ён абавязкова купляў прадукцыю, зробленую ў Пружанах, — расказвае Алена Якутчык.

І адразу дадае: імідж райспажыўтаварыству робіць абсалютна кожны супрацоўнік, а калектыў тут, па словах жанчыны, проста выдатны. Дарэчы, яго гонар Алена Васільеўна неаднойчы абараняла на шматлікіх спартыўных спаборніцтвах. Спорт у яе жыцці прысутнічае ў даволі вялікім аб’ёме: разам з сям’ёй і сябрамі рэгулярна наведваюць Лядовы і Водны палацы, а ўзімку ці вясной пры наяўнасці снегу катаюцца на лыжах. Але па-за ўсякай канкурэнцыі, кажа жанчына, велападарожжы па пушчы. «Вельмі люблю адкрываць новыя маршруты», — прызнаецца юбіляр.

Такое хобі жонкі падтрымліваюць муж Дзмітрый, разам з якім не так даўно адзначалі 20-годдзе сумеснага жыцця, а таксама двое дарослых дзяцей. Дачка Кацярына жыве ў сталіцы і працуе ў банку, сын Антон — ваеннаслужачы брэсцкай пагранзаставы.

У «залаты» дзень нараджэння прама на работу да Алены Якутчык завіталі прадстаўнікі раённага аб’яднання прафсаюзаў. Так, начальнік лабараторыі кабіната кааператыўнай прамысловасці праяўляе сябе і ў гэтым накірунку. Як адзначыла старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Пружанскага райспажыўтаварыства Ларыса Гушча, членам прафкама і яе намеснікам Алена Васільеўна з’яўляецца ўжо восем гадоў. Жанчыне падзякавалі за адказнасць, падтрыманне добрай атмасферы ў калектыве і прафесіяналізм. Старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Таццяна Гаманчук уручыла Алене Якутчык Грамату за шматгадовую добрасумленную працу, вялікі асабісты ўнёсак у развіццё спажыўкааперацыі раёна, актыўны ўдзел у прафсаюзным руху.

Уладзіслаў Шпарла, фота аўтара