Воскресенье, 20 апреля 2025

Начальнік інспекцыі МПЗ па Пружанскім раёне Наталля Пулікоўская расказала пра работу падатковай службы сёння

458

«Падаткі – гэта цана, якую мы плацім за магчымасць жыць у цывілізаваным грамадстве». Сапраўды, гэтае выказванне найбольш дакладна падкрэслівае неабходнасць кожнага ўносіць пасільны ўклад у дзяржаўны бюджэт. Менавіта ад своечасова ўплачаных падаткаў залежыць магчымасць карыстання многімі сацыяльнымі дабротамі: атрыманне адукацыі і медыцынскае абслугоўванне, праца дзяржаўных органаў і абароназдольнасць краіны.

А за тым, каб своечасова паступалі плацяжы, сочыць падатковая служба. Сёння – гэта сучасная структура, якая дынамічна развіваецца, ужывае перадавыя тэхналогіі, формы і метады работы, актыўна ўкараняе новыя інфармацыйныя рэсурсы. Яна накіравана на стварэнне максімальна камфортных умоў для выканання плацельшчыкамі сваіх падатковых абавязацельстваў.

У рамках работы па падатковым адміністраванні з 2024 года прадугледжана спагнанне з фізічных асоб адзінага маёмаснага плацяжу, які складаецца з сумы транспартнага падатку, падатку на нерухомасць і зямельнага падатку. Такі падыход спрашчае парадак выплаты маёмасных падаткаў.

Навацыі падатковага заканадаўства прадугледжваюць таксама шэраг стымулаў для павышэння эфектыўнасці вытворчага працэсу і развіцця асобных галін эканомікі. Так, выпускнікам вышэйшых, сярэдніх спецыяльных і прафесійна-тэхнічных навучальных устаноў, якія накіроўваюцца на працу па размеркаванні, будзе давацца штомесячны вылік па падаходным падатку ў памеры 620 рублёў. Гэты падатковы вылік будзе давацца на час абавязковай працы выпускніка і пры наступным падаўжэнні з ім кантракту (але не больш, чым на сем гадоў).

Адна са стратэгічных мэт, што стаяць цяпер перад падатковай службай, гэта ўжыванне прэфайлінгу (папярэдняга запаўнення падатковых дэкларацый падатковымі органамі за плацельшчыкаў). Гэта складаны працаёмкі працэс, таму што для папярэдняга запаўнення падатковых дэкларацый патрабуецца высокая ступень аблічбоўкі інфармацыі. Ён ужо запушчаны ў частцы зямельнага падатку з арганізацый: з 1 лютага 2024 года ў асабістыя кабінеты плацельшчыкаў выгружаны папярэдне запоўненыя дэкларацыі. На працягу сёлетняга года падатковая служба прапрацоўвае магчымасць ужывання прэфайлінгу пры адміністраванні транспартнага падатку з арганізацый.

Калі казаць пра функцыі нашай падатковай інспекцыі, то яны шырокія. Па-ранейшаму  асноўнай задачай застаецца фарміраванне прыбытковай часткі дзяржаўнага бюджэту. Штодзённая напружаная праца супрацоўнікаў падатковых органаў па напаўненні бюджэту – справа велізарнай адказнасці, бо менавіта за гэтымі лічбамі паступленняў стаіць фінансавы дабрабыт дзяржавы ў цэлым і кожнага  паасобку.

     За шэсць месяцаў бягучага года ў кансалідаваны бюджэт Пружаншчыны паступіла 28,7 млн. руб. Сярод прадпрыемстваў раёна самая вялікая ўдзельная вага ў падатковых паступленнях ад ААТ «Пружанскі льнозавод» —  8,82%, УП «Белавежскія віны» — 6,17%, КУВП “Камунальнік» — 5,69%, ААТ «Пружанскі завод радыёдэталяў» — 5,16%. Індывідуальнымі прадпрымальнікамі ў «бюджэтную скарбонку» пакладзена 2,1 млн. руб.

Назіраецца ўстойлівая тэндэнцыя скарачэння ўзроўню запазычанасці па плацяжах у бюджэт. Запазычанасць па падатках і зборах дзеючых суб’ектаў гаспадарання за 2023 год не перавысіла 0,3 % ад прыбытковай часткі бюджэту, па выніках I паўгоддзя 2024 гады гэты паказчык складае 0,21%.

Адным з прыярытэтных накірункаў у дзейнасці падатковых органаў з’яўляецца інфармацыйна-тлумачальная праца з плацельшчыкамі.

У мэтах аператыўнага давядзення да плацельшчыкаў актуальнай інфармацыі па пытаннях ужывання норм падатковага заканадаўства, спынення парушэнняў падатковага заканадаўства, а таксама фарміраванні пазітыўнай грамадскай думкі пра дзейнасць падатковых органаў інспекцыяй МНС па Пружанскім раёне ўжываюцца разнастайныя формы і метады інфармацыйна-тлумачальнай работы, у тым ліку і публікацыя ў друку артыкулаў, матэрыялаў тлумачальнага характару, змяшчэнне інфармацыі на афіцыйных інтэрнэт-старонках дзяржорганаў. Намі таксама праводзяцца мерапрыемствы па павышэнні фінансавай адукаванасці ў падатковай сферы з вучнямі школ, навучэнцамі аграрна-тэхнічнага каледжа, а таксама ў дашкольных установах. Для тлумачэння нормаў падатковага заканадаўства з прадстаўнікамі суб’ектаў гаспадарання, індывідуальнымі прадпрымальнікамі, грамадзянамі праводзяцца семінары, круглыя сталы і індывідуальныя гутаркі.

Наталля Пулікоўская, начальнік інспекцыі