Не ўсе ўмеюць вяртаць даўгі. І навучыць гэтаму — задача супрацоўнікаў аддзела прымусовага выканання, якія сёння таксама адзначаюць сваё прафесійнае свята. Пра асаблівасці работы гэтага падраздзялення, складанасці і вынікі мы пагаварылі напярэдадні Дня юрыста з начальнікам АПВ Вірай Кулешай.

— Віра Мікалаеўна, колькі супрацоўнікаў зараз у падраздзяленні спраўляюцца з пастаўленымі задачамі?
— Асноўны аб’ём прыходзіцца на двух судовых выканаўцаў, якім дапамогу аказваюць два рэферэнты, справавод, вадзіцель і тэхнічны персанал. З большага на такі раён, як Пружанскі, такога штату было б дастаткова, калі б адпаведныя пытанні вырашаліся беспраблемна. Аднак даволі часта даводзіцца сутыкацца з недаваннем даўжнікамі праўдзівай інфармацыі, са змяненнем месца знаходжання, утойваннем даходаў. І гэтыя праблемы даводзіцца вырашаць з улікам таго, што на дадзены момант на аднаго судовага выканаўцу прыходзіцца больш за 2 тысячы спраў.
— Якімі метадамі ўздзеяння на несумленных грамадзян карыстаецеся?
— На працягу месяца з дня ўзбуджэння справы аб выканаўчай вытворчасці выязджаем па месцы жыхарства грамадзяніна, які павінен вярнуць пазыку або кампенсаваць прычынены ўрон. Такога візіту варта чакаць тым, хто афіцыйна не працаўладкаваны, або сума яго доўгу перавышае 10 базавых велічынь, або на каго прыходзіць мноства выканаўчых дакументаў, але рэакцыя на іх адсутнічае. Беспрацоўных пераконваем звярнуцца ў службу занятасці, шукаць часовую работу, каб было бачна, што грамадзянін прымае ўсе намаганні па пагашэнні запазычанасці.
З працуючымі вырашаць пытанні прасцей: па месцы працы накіроўваем выканаўчы дакумент, на падставе якога наймальнік утрымлівае з зарплаты работніка да 50%.
— А калі такія метады на даюць чакаемага выніку?
— Мы маем права арыштаваць грашовыя сродкі і маёмасць даўжніка, у тым ліку грашовыя рахункі або ўклады. У дадатак можам забараніць учыняць вызначаныя дзеянні, часова абмежаваць права на кіраванне механічнымі транспартнымі сродкамі, маламернымі суднамі, на паляванне. Таксама накладваем часовыя абмежаванні на наведванне ігральных устаноў. А яшчэ можам накіраваць адпаведныя пастановы арганізацыям, якія аказваюць паслугі сотавай сувязі, і інтэрнэт-правайдарам з забаронай падключэння даўжніка.
Гутарыў Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік