Среда, 21 февраля 2024

Начальнік аддзела культуры Канстанцін Панімаш: «Наша праца — для душы, сваёй і гледачоў»

559

Дзень работнікаў культуры Рэспублікі Беларусь аб’ядноўвае вялікую колькасць творчых людзей. Апантаных сваёй прафесіяй, таленавітых, творчых і, самае галоўнае, жадаючых дзяліцца гэтай творчасцю з навакольнымі.

Пра здабыткі і планы ўладароў сцэн, бібліятэк, кіраўнікоў аматарскіх аб’яднанняў напярэдадні прафесійнага свята мы пагаварылі з начальнікам аддзела культуры райвыканкама Канстанцінам Панімашам.

— Арганізацыяй культурнага жыцця Пружаншчыны займаюцца 12 структурных падраздзяленняў, якія ахопліваюць музычны, танцавальны, мастацкі, бібліятэчны, музейны, клубны накірункі. Таксама ў нашай сферы дзейнічаюць 26 калектываў, якія маюць званні «народны» ці «ўзорны», а яшчэ больш за 130 клубных фарміраванняў. Апошнія ахопліваюць усе ўзросты, пачынаючы з дашкалят і заканчваючы людзьмі сталага ўзросту.

Словам, наша сфера дае магчымасць атрымаць задавальненне ад убачанага, стаць удзельнікам імпрэз, раскрываючы ўласныя таленты.

— Канстанцін Іванавіч, бягучы год стаў больш насычаным на розныя мерапрыемствы пасля працяглага «кавіднага» перапынку. Але чым найбольш асаблівым ён застанецца ў памяці?

— Самай знакавай падзеяй сёлетняга культурнага года стала адраджэнне брэндавага для Пружаншчыны свята «Ружанская брама». Нягледзячы на працяглы перапынак, фестываль сабраў больш за 6 тысяч гасцей з розных куткоў Беларусі. З улікам таго задавальнення, эмоцый, што панавалі на мерапрыемстве, мяркуем ладзіць гэтае свята штогод. А ў перспектыве прапрацоўваем планы па павышэнні ўзроўню фестывалю да міжнароднага статуса з запрашэннем творчых калектываў з блізкага і далёкага замежжа.

У дадатак сёлета сабралі шмат удзельнікаў нашы традыцыйныя брэндавыя конкурсы «Магія танца» і «Музычны калейдаскоп», якія добра вядомы не толькі на Брэстчыне, а нават і ў суседніх абласцях.

Прыемнай навіной 2022 года стала прызнанне Шарашэўскай гарпасялковай бібліятэкі лепшай у рэспубліцы ў праекце «Асяродак нацыянальнага жыцця». Увогуле ўдзел нашых калектываў і асобных работнікаў у розных творчых конкурсах абласнога, рэспубліканскага і нават міжнароднага ўзроўню — штогадовая традыцыя, якая рэгулярна папаўняе скарбонку раённай галіны граматамі, дыпломамі і іншымі ўзнагародамі.

Пра нашы перамогі абавязкова даведаюцца гледачы фестывалю «Дараванне -2022», які адбудзецца напрыканцы бягучага года. І я перакананы, што зноў нашы творчыя калектывы і асобныя выканаўцы будуць узнімацца на сцэну часцей за іншых лаўрэатаў.

— Што прымушае людзей, якія прыходзяць працаваць у сферу культуры, настолькі самааддана ахвяраваць уласныя сілы і энергію, а таксама час?

— Нельга сказаць, што ў нас ёсць адчувальны матэрыяльны стымул. Усё заснавана на іншых прынцыпах, сярод якіх пануюць духоўныя — добразычлівасць, душэўнасць і нават жыццялюбства. Без валодання такімі якасцямі ні сцэна, ні гледачы не прымуць «добрую міну пры дрэннай гульні». Усе эмоцыі павінны быць праўдзівымі, шчырымі і ўсёабдымнымі. І яны ёсць толькі ў тых людзей, якія надзелены вышэйшымі сіламі багатай душой.

З нагоды нашага свята жадаю работнікам культуры і ветэранам галіны цярпення, без якога немагчыма ў віхуры паўсядзённых клопатаў і трывог захаваць добры настрой, а яшчэ жадання дзяліцца ім з гледачамі. Зычу сіл заўсёды ўсміхацца як на сцэне, так і ў жыцці, захоўваць у сваёй палітры самыя яркія фарбы. І, канешне, сямейнага дабрабыту, які таксама з’яўляецца для нас крыніцай папаўнення добрых эмоцый.

Гутарыў Алег Сідарэнка