Понедельник, 2 декабря 2024

Начальнік АДАІ Сяргей Мышкевіч: сёлета па віне нецвярозых вадзіцеляў у Пружанскім раёне адбылося чатыры ДТЗ

673

Выпіў за рулём — да грашовых страт. На жаль, гэта прыкмета нашага часу не губляе актуальнасці, хаця за апошнія гады сур’ёзна павысілася адказнасць за кіраванне аўтамабілем у нецвярозым стане. Як паведамляе начальнік аддзялення ДАІ Сяргей Мышкевіч, з пачатку бягучага года на Пружаншчыне было выяўлена 70 падобных фактаў пры тым, што за ўвесь 2021 год — 60.

Такі ўчынак з пункту гледжання дарожнай інспекцыі — самы цяжкі, бо п’яны за рулём — сапраўдны забойца. І гэта не проста словы, а аб’ектыўная ацэнка: у бягучым годзе па віне нецвярозых вадзіцеляў на дарогах раёна адбылося чатыры дарожна-транспартныя здарэнні (кожная трэцяя аварыя з агульнай колькасці зарэгістраваных за 2022 год), у якіх двое чалавек загінулі і трое атрымалі цяжкія траўмы.

— Большасць падобных фактаў выяўляецца ўвечар пятніцы і ў выхадныя дні, — расказвае Сяргей Міхайлавіч. — У асноўным парушальнікі — людзі ва ўзросце 30-50 гадоў, хаця здаралася, што затрымлівалі і непаўналетніх, і пенсіянераў. Лічу, што ад узросту праблема не залежыць, усё вызначае ўзровень выхаванасці чалавека. Напрыклад, толькі адзін з дзесяці затрыманых быў «пасля ўчарашняга»: чалавек не дапусціў, што выпіты напярэдадні алкаголь на наступны дзень яшчэ застаўся ў крыві, з-за чаго алкатэстар паказаў 0,6-0,8 праміле. Такіх парушальнікаў супрацоўнікі ДАІ не адносяць да катэгорыі «злосных», хаця і яны нясуць пакаранне згодна з патрабаваннямі заканадаўства. Найбольшую небяспеку ствараюць тыя, ў каго выяўлена два і больш праміле алкаголю ў крыві. Гэта азначае, што чалавек на добрым падпітку свядома сеў за руль аўто. Вось ад такіх кіроўцаў можна чакаць усяго на дарозе.

— Ці былі на пружанскіх дарогах свае «рэкорды Бахуса»?

— Бывала, што мы і самі дзіваваліся выяўленаму. У прыватнасці, сярод затрыманых былі кіроўцы, якія селі за руль з 4,1-4,3 праміле алкаголю ў крыві і пры гэтым яшчэ даказвалі, што «яны цвярозыя». Гэта пры тым, што медыкі сцвярджаюць: перавышэнне чатырох праміле — смяротная доза. Здаралася, што затрыманыя парушальнікі засыналі ў службовым аўто. А аднаго нават давялося дастаўляць у рэанімацыйнае аддзяленне, каб ўрачы вывелі яго з алкагольнай комы.

Таксама здзіўляемся, калі затрымліваем п’яную жанчыну за рулём. Здаецца, прадстаўніцы прыгожай паловы больш асцярожныя і акуратныя вадзіцелі, аднак, як аказваецца, не ўсе. Сёлета затрымалі такую з 1,5 праміле, якая вырашыла на машыне дабрацца ў вёску за 20 км.

— Якому працэнту падобных парушальнікаў хапае «першага папярэджання»?

— Калі «Алконт» паказвае ўзровень до 0,8 праміле, то складаецца пратакол па ч.1 арт.18.15 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, згодна з якой прадугледжваецца штраф у памеры 100 базавых велічынь і на тры гады вадзіцель пазбаўляецца вадзіцельскага пасведчання. Пры большых паказчыках — штраф павялічваецца ўдвая плюс пазбаўленне права на кіраванне аўто складае ўжо пяць гадоў. Вось толькі не ўсіх палохае страта адпаведна 3200 ці 6400 рублёў. У бягучым годзе былі затрыманы тры «паўторнікі», у дачыненні да якіх ужо былі ўзбуджаны крымінальныя справы, а іх аўтамабілі канфіскаваны.

Больш таго, «п’яныя парушальнікі» для таго, каб аднавіць вадзіцельскае пасведчанне, павінны здаваць поўны экзамен па тэорыі і практыцы. І калі другі прайсці не так складана, то ўзнавіць тэарэтычныя веды праз 10, 20 ці 30 гадоў з моманту першай здачы праблемна. Хаця знаходзяцца і такія, хто пасля атрымання новага пасведчання «адзначае» падзею і… «наступае на тыя ж граблі». Напрыклад, адзін жыхар раёна быў пазбаўлены правоў за п’янае кіраванне, аднавіў праз тры гады пасведчанне, а праз месяц зноў трапіўся нецвярозым за рулём. Яшчэ адзін грамадзянін ужо тройчы пазбаўляўся правоў, аднак гэта яго не прымусіла зрабіць для сябе правільныя высновы.

Ёсць яшчэ адна акалічнасць. Як аказалася, большасць аматараў ездзіць «пад чаркай» працавалі вадзіцелямі ў розных арганізацыях. І, відавочна, разам з правамі пазбавіліся месца працы. У бягучым годзе мы былі вымушаны адабраць правы ў такога парушальніка, у якога ёсць сям’я і двое малых дзяцей. З-за неабдуманага ўчынку яму цяпер давядзецца шукаць крыніцу даходаў.

— Сяргей Міхайлавіч, ці можна назваць дзейснай забаронай на кіраванне транспартам адабраныя вадзіцельскія правы? Колькі пакараных потым трапляюць у катэгорыю «бяспраўнікаў»?

— Хапае і такіх парушальнікаў: з пачатку бягучага года выяўлена 222 чалавекі, хаця за 2021 год было спынена 162 «бяспраўнікі». Восем з затрыманых трапілі на працягу года ў другі раз і заплацілі штрафы ад 20 да 50 базавых велічынь. Вось пакуль «трайнікоў» не затрымлівалі, хаця варта папярэдзіць аўтаўладальнікаў, што за трэці падобны ўчынак ужо прадугледжана крымінальная адказнасць — арышт тэрмінам да 6 месяцаў.

Гутарыў Алег Сідарэнка. Фота з архіву