Понедельник, 9 декабря 2024

Намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Максім Алесавец дапамог разбрацца з арэндай азёр

422

У вёсцы Ляхі ёсць вадаём, які перададзены ў арэнду. Мы група аматараў-рыбакоў, лічым, што лепш маглі б распарадзіцца гэтым возерам, гатовы зарыбіць яго. Калі ў таго арандатара скончыцца дазвол?

Са званка ў рэдакцыю.

Арандатар сапраўдны гаспадар

Арэнда азёр з моманту ўкаранення такой магчымасці стала сферай сутыкнення інтарэсаў. Сапраўды, людзі нават не пажылыя, а сярэдняга ўзросту памятаюць з дзяцінства, што можна было палавіць рыбку на любым вадаёме, не звяртаючыся па дазвол, і зусім бясплатна. Ды ніхто з нас і не задумваўся пра лёс таго возера. Хай думае сама прырода! Вось толькі ўсё часцей прыродныя механізмы пачынаюць збівацца з былога рытму, патрабуючы ад чалавека пераводу з «аўтаматычнага» ў «ручны» рэжым. Што і прымусіла на дзяржаўным узроўні перакласці адказнасць за водныя рэсурсы на плечы тых, хто пагодзіцца займацца падобнай справай. Але ж такі падыход сярод іншых аматараў рыбалкі выклікае абурэнне: маўляў, «арандатары нічога не робяць, толькі грошы бяруць за рыбалку ды самі рыбу выцягваюць».

Паспрабуем разабрацца, ці сапраўды сітуацыя выйшла з-пад кантролю.

Як высветлілася, дзяржава строга кантралюе выкарыстанне прыродных, у тым ліку і водных, рэсурсаў. Распрацавана сур’ёзная заканадаўчая база, якая рэгламентуе гэты працэс. Некалькі гадоў таму ў правілы арандавання вадаёмаў былі ўнесены чарговыя змены, згодна з якімі была забаронена перадача з дзяржаўнага фонду ў рукі прыватных грамадзян рэк і каналаў. Да таго ж, устаноўлены абмежаванні плошчы воднага «люстэрка», якое можа быць арандавана.

Як паведамляе намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Максім Алесавец, які курыруе дадзены накірунак, у Пружанскім раёне вызначаным новым заканадаўствам умовам адпавядаюць восем вадаёмаў. Гэта сажалкі каля вёсак Клятное, Краснае, Ляхі, Крупа, Магілёўцы, Стаі, Бузуны, Ласасін.

Мэта перадачы ў арэнду не бізнес або крыніца папаўнення бюджэту, бо сумы там атрымліваюцца амаль незаўважныя для дзяржаўнай скарбонкі, зазначае Максім Анатольевіч. Галоўнае, каб з’явіўся сапраўдны гаспадар, які будзе непасрэдна і рэгулярна кантраляваць стан часова перададзенага яму воднага аб’екта. І не толькі займацца яго добраўпарадкаваннем або зарыбленнем, але і прыпыняць выпадкі браканьерскай лоўлі. Пагадзіцеся, што раней з гэтым было больш праблем.

Кантроль прысутнічае і тут

Між тым нельга сказаць, што перадача ў арэнду заснавана на наіўным даверы. Памылкова меркаваць, што дзяржава спадзяецца на сумленне арандатара, лічачы, што апошні зацікаўлены па-гаспадарску выконваць узятыя на сябе абавязкі. Заўсёды застаецца месца для так званага «чалавечага фактара», які неабходна строга кантраляваць. Для ўзмацнення дысцыплінаванасці прадугледжаны шэраг акалічнасцяў. Па-першае, арэнда не з’яўляецца пажыццёвым правам уласнасці. Стандартны тэрмін не больш за 10 гадоў. Такім чынам, возера каля в. Ляхі напрыканцы 2026 года будзе зноў разглядацца на своеасаблівым аўкцыёне як арэндны лот. І гэта другая акалічнасць: згодна з новымі правіламі, праводзіцца адпаведны тэндар сярод жадаючых арандаваць водны аб’ект, каб кожны меў магчымасць праявіць сябе як гаспадар. Такім чынам, чытач «раёнкі» па заканчэнні тэрміну дагавора арэнды Ляхоўскага возера можа выказаць свой інтарэс. Аднак ён павінен ведаць пра трэцюю акалічнасць. Закон не агаворвае статус саіскальніка, дазваляецца ўдзельнічаць у аўкцыёне юрыдычным і фізічным асобам, індывідуальным прадпрымальнікам. Але не групе аматараў, бо, як кажуць у народзе, у сямі нянек парадку няма. Падобнае абмежаванне звязана з тым, што саіскальнік павінен не толькі мець жаданне, але і прадаставіць распрацаваны своеасаблівы бізнес-план спіс мерапрыемстваў, якія ён мяркуе рэалізоўваць на працягу тэрміну арэнды. У тым ліку і зарыбленне вадаёма.

І кожнае мерапрыемства, дакладней, яго правядзенне, кантралюецца адпаведнымі службамі. У прыватнасці, як зазначае Максім Алесавец, па возеры Ляхі былі складзены два акты, адзін з якіх пацвярджае факт зарыблення, а другі адсутнасць заморных з’яў. Гэты працэс строга кантралюецца і пацвярджаецца дакументальна.

Ёсць яшчэ адна ўмова, якая практыкуецца на Пружаншчыне з намерам паменшыць вастрыню сутыкнення інтарэсаў і пазбегнуць канфліктных сітуацый. За некалькі месяцаў да афармлення дагавора арэнды абавязкова праводзіцца публічнае абмеркаванне з мясцовымі жыхарамі і атрымліваецца згода на арэнду. Так было ў свой час зроблена і з возерам каля Ляхоў: пратакол правядзення сходу пацвярджае, што 14 вяскоўцаў выказалі давер часоваму гаспадару.

Крытыкаваць лягчэй

З улікам вышэйпералічанага не варта лічыць арэнду водных аб’ектаў лёгкай справай. Калі заўважаны недахопы не варта адразу крытыкаваць, бо рэдка які гаспадар можа пахваліцца ідэальным парадкам на сваім падворку. Ды і часта мы любім каго-небудзь пакрытыкаваць, мяркуючы, што самі зробім лепш. Але ж варта задумацца і пра тое, што крытыкаў у нас больш, чым руплівых гаспадароў.

А ці можа арандатар забараніць лоўлю рыбы? Заканадаўства дае і такое права, напрыклад, рэгулярна ўводзяцца рэспубліканскія забароны, якія звязаны з перыядам нерасту і іншымі абмежаваннямі прыроднага характару. У дадатак пасля зарыблення часовы гаспадар можа спыніць рыбалку на водным аб’екце на перыяд да трох месяцаў. З чым гэта звязана, вопытнаму рыбаку не трэба тлумачыць. У іншы час арандатар абавязаны забяспечыць аматарскую рыбалку.

Алег Сідарэнка. Фота з архіву