Пятница, 18 апреля 2025

На злёт вялікай сям’і Касюкоў у Плябанцах сабраліся родзічы з розных куткоў Беларусі. Глядзіце і чытайце, як гэта было!

970

15 ліпеня, якраз у той дзень, калі Пружаны адзначалі юбілей горада, вялікая і дружная сям’я Касюкоў сабралася, каб парадавацца адзін аднаму, пра жыццё пагаварыць, дзяцей паміж сабой пазнаёміць. Так і назвалі сустрэчу — «Злёт Касюкоў», бо зляцеліся ў вёску Плябанцы родзічы з розных куткоў раёна, вобласці і нават рэспублікі.

— Сёння мы сабраліся, так сказаць, па сямейных абставінах, — кажа Леанід Касюк, старэйшы ў коле сям‘і, былы меліяратар, будаўнік, а цяпер пенсіянер. — І сабралася толькі малая частка нашага вялізнага роду. Хочацца паглядзець на моладзь, дзяцей, бліжэй даведацца пра сваіх пляменнікаў, дваюрадных і траюрадных унукаў. І іх пазнаёміць паміж сабой. Нам, старэйшаму пакаленню, зараз застаецца толькі радавацца поспехам сваіх нашчадкаў: яны прыстойныя, працавітыя, многія атрымалі вышэйшую адукацыю. І хочацца, каб яны памяталі пра нас, ведалі, як мы жылі, чаго дасягнулі.

Леанід Уладзіміравіч падкрэслівае, што члены вялікага роду атрымалі розныя спецыяльнасці: хто пайшоў у навуку, хто працуе ў банку, хто ў сферы міжнародных эканамічных адносін, ёсць ваенныя — адным словам, вельмі многа напрамкаў дзейнасці.

— І мы радуемся любым поспехам нашых дзяцей, унукаў і ўнучак. Хочацца, каб яны былі шчаслівымі, а мы заўсёды імкнёмся іх падтрымаць і словам, і справай.

Другі брат Георгій Уладзіміравіч (гэта ў яго доме наладзілі злёт) 45 гадоў працаваў фельчарам у аддзяленні хуткай дапамогі Пружанскай ЦРБ, нават сем гадоў ужо будучы на пенсіі.

— Так сталася, што многія з нашай «галінкі» Касюкоў — медыкі, ратуюць людзей. Маю справу працягнулі дочкі, зяць, а цяпер ужо і ўнук, — кажа мужчына.

Гутарку працягвае сястра Валянціна Уладзіміраўна:

— Нашы бацькі родам са Стараволі, жылі бедна, хаця шмат працавалі… А вы ўяўляеце, напэўна, наколькі цяжкай можа быць сялянская праца, асабліва ў часы, калі ўсё ўручную рабілася. Нас у сям‘і было дзевяць дзяцей: шэсць братоў і тры сястры. Я з васьмі гадоў навучылася кароў даіць, дапамагала на ферме сястры. Але бацькі былі шчаслівыя адзін з адным. Здолелі ўсіх дзяцей выгадаваць, даць адукацыю, пуцёўку ў жыццё. Бацька Уладзімір Іосіфавіч быў ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і ветэранам працы, мама Вера Іосіфаўна мела ордэны Мацярынскай славы ІІІ, ІІ і І ступеняў (адпаведна за нараджэнне 7, 8 і 9 дзяцей). Бацька пайшоў з жыцця ў 75 гадоў у выніку няшчаснага выпадку, а мама літаральна праз год: вельмі сумавала па ім, штодзень хадзіла на могілкі.

— Мы захоўваем светлую памяць пра іх, — кажа Георгій Касюк. — І ведаеце, мы вельмі шчаслівыя па жыцці, таму што заўсёды трымаліся адзін аднаго, жылі дружна. І цяпер нас са старэйшага пакалення засталося толькі трое, але глядзіце, як нас насамрэч шмат! Тыя, хто сабраўся, нават не палавіна вялізнага калектыву Касюкоў! Спадзяюся, дачакаемся і праўнукаў. І сямейнае дрэва, пачатак якому некалі далі нашы бацькі, працягне зелянець усё новымі і новымі галінамі.

Ірына Сядова. Фота аўтара