Пятница, 14 февраля 2025

На выязной рэдакцыйнай «лятучцы» ў Клепачах абмяркоўвалася шырокае кола пытанняў

329

Дастаткова шырокае кола пытанняў было ўзнята падчас чарговай выязной рэдакцыйнай «лятучкі», якая прайшла на базе Кляпацкага сельскага Дома культуры. З жыхарамі аг. Клепачы сустрэліся рэдактар «Раённых будняў» Віктар Ільюшчанка, загадчыкі аддзелаў Алег Сідарэнка, Ірына Сядова, Вадзім Раўнейка, фотакарэспандэнт Кацярына Масік.

Размова атрымалася канструктыўнай. З аднаго боку, яна дапамагла журналістам зразумець магчымыя ўласныя недапрацоўкі, з другога – дазволіла патлумачыць чытачам, чым абгрунтаваны падыходы да выбару тэм. Сярод іншых было зададзена пытанне адносна публікацыі матэрыялаў кантралюючых органаў.

– Напрыклад, калі праводзіцца праверка дзейнасці нейкага кіраўніка, вы пішаце пра гэта.  Прозвішча ў газеце, зразумела, не называецца па этычных прычынах, ды мясцовыя жыхары заўсёды ведаюць, пра каго ідзе гутарка. І вось аказалася, што хібаў у рабоце няма, усё нармальна, абвінавачванні зняты, але ж газета пра гэта ўжо… маўчыць. Гэта няправільна, людзей варта інфармаваць пра вынікі падобных праверак, каб не было лішніх домыслаў, – лічыць адна з чытачак.

Падчас лятучкі былі зададзены пытанні, якія тычыліся медыцынскага і камунальнага абслугоўвання. Іх мы пераадрасавалі ў адпаведныя службы і пакуль чакаем адказаў.

А вось заўвагу наконт таго, што недастаткова ўвагі ўдзяляем творчым асобам, якіх на тэрыторыі сельсавета нямала, прымаем. Спадзяёмся, што аповеды пра майстрых-рукадзельніц, самадзейных спевакоў, клубных работнікаў у хуткім часе знойдуць сваё месца на старонках газеты.

Ірына Сядова