На працягу трох дзён выставу «Беларусь інтэлектуальная» можна было наведаць у Брэсце. У ліку іншых прадстаўнікоў Пружаншчыны, хто адправіўся пазнаёміцца з навуковымі дасягненнямі нашай краіны, былі і супрацоўнікі нашай рэдакцыі.
У нядзелю ў Брэсце завяршыла работу выстава «Беларусь інтэлектуальная». Горад над Бугам стаў апошнім абласным цэнтрам, дзе была прадстаўлена яе экспазіцыя.
У адкрыцці прадстаўнічай выставы, а было гэта 24 сакавіка, прыняў удзел старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка. Старшыня Пружанскага райвыканкама Міхаіл Грышкевіч таксама ўдзельнічаў у пачатку работы своеасаблівай ВДНГ краіны.
Як стала вядома, свае напрацоўкі і дасягненні дэманстравалі больш за 150 прадпрыемстваў і арганізацый краіны, убачыць можна было звыш 400 экспанатаў. Большая палова — з Брэсцкага рэгіёна. Складалася экспазіцыя з распрацовак у галіне штучнага інтэлекту і высокіх тэхналогій, абаронна-прамысловага комплексу, інавацыйнага прыборабудавання, АПК, біятэхналогій і экалогіі, аховы здароўя і харчавання.
У дэлегацыю ад Пружанскага раёна ўвайшлі прадстаўнікі 13 арганізацый.
На самой выставе Пружаншчыну прадстаўлялі ААТ «Пружанскі малочны камбінат» і РУП «Брэсцкая абласная сельскагаспадарчая доследная станцыя Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі».
Вялікае задавальненне — паспытаць прадукцыю нашага малочнага камбіната. На выставе «Беларусь інтэлектуальная» зрабіць гэта маглі ўсе жадаючыя.
На пляцоўцы доследнай станцыі, як расказаў яе дырэктар Уладзімір Цімошчанка, былі прадстаўлены сарты садовых суніц (некаторыя з ягадамі), корнерастковыя слівы, насенне новых сельгаскультур, якія з-за санкцый карыстаюцца попытам, а гэта соя плюс крупяныя культуры, такія як чуміза, суданская трава, таксама новыя перспектыўныя сарты бульбы.
Цікавасць да выстаўкі праявілі не толькі спецыялісты розных прадпрыемстваў Брэстчыны, але і звычайныя наведвальнікі. Для дзяцей самым папулярным стаў стэнд з сімулятарам. Надзеўшы віртуальныя акуляры, яны маглі апынуцца ў кабіне баявога самалёта альбо верталёта, скокнуць у зададзены квадрат з парашута альбо стаць кіроўцам танка. Тут чарга склалася і з дарослых, і з малых.
Не сумняваюся, што не менш наведвальнікаў было і ў астатнія два дні работы выставы.
Віктар Ільюшчанка. Фота Кацярыны Масік
Фотаальбомы з выставы: https://vk.com/album-23306785_292084477 і https://ok.ru/budni/album/958025518216