Четверг, 5 декабря 2024

На вуліцы Майскай здадзена ў эксплуатацыю першая ў Пружанах пяціпавярхоўка з ліфтам

968

У Пружанах была здадзена ў эксплуатацыю першая пяціпавярхоўка, абсталяваная ліфтам. Узвядзенне гэтага аб’екта выканала ПМК-29, і, як расказвае намеснік начальніка механізаванай калоны В.У.Варыцкі, падобны праект прадпрыемства рэалізавала ўпершыню.

— Раней нам даводзілася будаваць шматпавярховыя дамы з ліфтавымі сістэмамі, і той вопыт мы рэалізавалі на новым аб’екце, — зазначае Валерый Уладзіміравіч. — Пры гэтым справіліся з задачай у вызначаныя тэрміны, дом быў «з нуля» ўзведзены за восем з паловай месяцаў.

Трэба адзначыць, што такая ж пяціпавярхоўка адначасова была здадзена ў эксплуатацыю ў Брэсцкім раёне. Падобныя жылыя дамы сталі першымі на Брэстчыне аб’ектамі, пабудаванымі згодна з унесенымі ў Дзяржпраграму «Сацыяльная абарона» ў 2019 годзе змяненнямі. Згодна з імі, цяпер дамы вышэй за два паверхі павінны быць абсталяваны ліфтамі з мэтай стварэння зручнасцей людзям з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. А з улікам таго, што новая 40-кватэрная пяціпавярхоўка амаль поўнасцю будзе засяляцца шматдзетнымі сем’ямі, ліфты можна лічыць паўсядзённай неабходнасцю: яны аблегчаць пад’ём на апошнія паверхі дзіцячых калясак.

Варта дадаць, што праекціроўшчыкі ўлічылі розныя моманты, у выніку чаго ліфтавая кабіна прасторная, тут лёгка размесцяцца інвалідная або дзіцячая каляска побач з некалькімі пасажырамі.

Але гэта не адзіная асаблівасць новай пяціпавярхоўкі, якая стала «першай ластаўкай» будуемага мікрараёна па вул.Майскай у заходняй частцы райцэнтра. Нагадаем, што там мяркуецца ўзвесці восем жылых дамоў, забяспечыць іх камунальнай і сацыяльнай інфраструктурай. Згодна з патрабаваннямі безбар’ернага асяроддзя, прадугледжана выключная магчымасць бесперашкоднага перамяшчэння. Без усялякіх бар’ераў у выглядзе бардзюраў і прыступак можна трапіць у пад’езд да ліфтавай пляцоўкі, а кабіна без праблем падыме на патрэбны паверх. Тое ж самае тычыцца і прылеглай тэрыторыі, добраўпарадкаванне якой зараз заканчвае ПМК-22.

Яшчэ адна перавага шматкватэрнага дома — абсталяванне кватэр уласнымі прыборамі цеплагенерацыі. Кожная кватэра мае свой двухконтурны газавы кацёл, які забяспечвае і цяплом, і гарачай вадой без усялякіх графікаў, а толькі па жаданні ўладальнікаў жылля. Прадугледжана і «разумнае» цеплазберажэнне, для чаго, напрыклад, кожны пакой абсталяваны паветранай вентыляцыяй, з дапамогай якой можна зрабіць праветрыванне дзіцячага пакоя без адкрыцця вокнаў. Гэта выключае і скразнякі, і небяспеку для малых.

Як паведамляе В.У.Варыцкі, жылы дом здаваўся ў эксплуатацыю не проста з выкананнем агульнабудаўнічых работ. Згодна з праектам, амаль ва ўсіх кватэрах выканана чыставая аддзелкя памяшканняў, ашкленне вокнамі ПВХ, а таксама ўстаноўка ўсіх сантэхпрыбораў. У выніку навасёлам застаецца толькі расставіць па сваім гусце мэблю і абжываць нерухомасць. З такімі пастаўленымі задачамі справіліся брыгады будаўнікоў на чале з майстрамі Ігарам Прыгодзічам і Уладзіславам Дронжыкам, а брыгадай аддзелачнікаў кіраваў Дзмітрый Самайлюковіч.

Меркаванне навасёла

А.В.Папко:
— Зазначу, што маёй шматдзетнай сям’і выпаў шчаслівы білет — магчымасць перасяліцца ў такі дом. Дагэтуль мы мелі арэнднае жыллё, і тыя ўмовы пражывання не ідуць ні ў якое параўнанне з цяперашнімі. Пры гэтым радуе не толькі ліфт, наяўнасць якога здымае вялікую колькасць нязручнасцей, але і ўстаноўка ўласнага катла. Нядаўна ўключылі яго, і за гадзіну кватэра была поўнасцю прагрэта.

Дастаткова прасторныя пакоі, вось толькі кухня для нас некалькі малавата. Хапае месца на балконе, выхад на які зроблены з кухні, гэта вельмі зручна. У пакоях зроблена вентыляцыя, работу якой можна самастойна рэгуляваць. Можна адзначыць і рамонт памяшканняў. Хаця ён і лічыцца «стандартным», але многіх вызваляе ад выканання аддзелкі і адцягвання ўваходзін. Словам, можна засяляцца і жыць.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік