Пятница, 14 февраля 2025

На возеры Паперня з’явіліся новыя выратавальнікі

758

У бягучым купальным сезоне на Брэстчыне адкрылася пяць дадатковых сезонных выратавальных пастоў на вадаёмах. Адзін з такіх аб’ектаў у рэгіёне абласная структура таварыства выратавання на водах, кіруючыся рашэннем Брэсцкага аблвыканкама, 1 чэрвеня адкрыла на возеры Паперня каля г.п. Ружаны.

На гэтым вадаёме некалькі гадоў ужо дзейнічаў выратавальны пост, але ведамасны, які адкрыла ў свой час ААТ «Ружаны-Агра». Ён размяшчаўся ў спецыяльна зробленай пабудове, гаспадарка забяспечвала дзяжурных, што заступалі на змену, неабходным інвентаром, які мог спатрэбіцца ў надзвычайных сітуацыях.

Але гэтага было недастаткова. Паводле «купальнай» статыстыкі, Паперня займае па папулярнасці другое месца пасля вадасховішча ў Пружанах, а па некаторых пазіцыях нават лідзіруе. Вадаём даволі вялікі, пляжны ўчастак працяглы і знаходзіцца літаральна ў лесе. З улікам гэтага, а таксама таго, што возера размешчана за межамі пасёлка, сюды кожнае лета з’язджаюцца аматары прыродных уік-эндаў з усёй Беларусі і нават з расійскіх рэгіёнаў. У асабліва спякотныя дні колькасць адпачываючых на пляжы перавышае сотню чалавек.

Гэта і стала нагодай для адкрыцця тут паўнацэннага сезоннага выратавальнага паста з матросамі-выратавальнікамі таварыства.

Што змянілася? Як расказвае старшыня раённай структуры ТВВАД Юрый Амельянчук, цяпер састаў паста налічвае двух матросаў разам са старшым кіраўніком. Дзяжурства разбіта на змены, пры гэтым за парадкам у акваторыі адначасова сочаць два спецыялісты. У чэрвені і ліпені выратавальнікі будуць дзяжурыць з 10 да 22 гадзін, у жніўні і верасні графік работы зрушыцца на адну гадзіну раней — з 9 да 21.

Выратавальнікі прайшлі спецыяльнае навучанне, здавалі залікі па выкананні ўскладзеных на іх абавязкаў. Асобныя заняткі па аказанні першай даўрачэбнай дапамогі пацярпелым правялі з імі медыкі.

Аб’ект абсталяваны належным чынам: ёсць выратавальныя кругі і камізэлькі, лодка і іншая маёмасць, укамплектавана аптэчка.

Па словах Юрыя Міхайлавіча, пакуль сезонны пост размяшчаецца ў той жа пабудове, што паставіла «Ружаны-Агра», аднак у бліжэйшым будучым будзе набыты стацыянарны будынак спецыяльнай канструкцыі і аснашчэння.

Старшыня раённай структуры ТВВАД звяртаецца да будучых адпачываючых з просьбай захоўваць парадак і выконваць правілы паводзін ля вады.

— Асабліва заклікаю бацькоў уважліва сачыць за баўленнем вольнага часу іх дзяцей, нагадваю, што да 14 гадоў падлеткі без дарослых на пляж не дапускаюцца. Ды і каля вады не пакідайце сваіх дзяцей без увагі.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік