Среда, 15 января 2025

На военном кладбище в Слобудке перезахоронили останки красноармейцев, погибших во время Великой Отечественной войны

768

На мінулым тыдні на ваенным пахаванні часоў Вялікай Айчыннай вайны каля вёскі Слабудка прайшоў урачысты мітынг з нагоды перапахавання астанкаў чырвонаармейца, якія былі знойдзены на тэрыторыі раёна ў бягучым годзе. На мерапрыемстве прысутнічалі прадстаўнікі ўлады, розных арганізацый, мясцовыя жыхары і вучні Слабадской школы.
Спачатку дагэтуль невядомае месца пахавання загінулага воіна знайшлі жыхары в.Блізная, якія і паведамілі пра факт мясцовай уладзе. Былі выкліканы ваеннаслужачыя 52-га пошукавага батальёна, якія правялі дакладнае абследаванне названага месца і сабралі выяўленыя астанкі. Па гузіках савецкага ўзору і патронах да вінтоўкі, якая ў пачатку вайны была на ўзбраенні Чырвонай арміі, устанавілі, што ў тым месцы быў пахаваны чырвонаармеец, але ж яго прозвішча засталося невядомым. Нягледзячы на гэта, было прынята рашэнне перанесці знойдзеныя астанкі на ваенныя могілкі каля в.Слабудка.
Нярэдка даводзіцца чуць, што не трэба рушыць магілы тых, хто загінуў больш чым паўстагоддзя таму: маўляў, яны знайшлі сваё месца, няхай і невядомае іншым. Але ёсць і іншае меркаванне, якога прытрымліваецца большасць: ніхто не забыты і нішто не забыта. І нягледзячы на тое, колькі пакаленняў змянілася, абавязак кожнага — прыкласці ўсе намаганні, каб вярнуць народу імёны яго герояў, якія аддалі сваё жыццё за мірную будучыню. Не здрадзілі, не схаваліся, не адмовіліся ад салдацкага абавязку абараняць старых, жанчын і дзяцей, а прынялі смяротную кулю, затрымалі ворага і знайшлі сілы прагнаць яго з роднай зямлі.

Аб гэтым выказаўся і Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка на нядаўняй сустрэчы з актывам Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. У прыватнасці, Кіраўнік дзяржавы зазначыў, што «прыродай і спадчыннасцю ў кожным з цяперашніх маладых людзей закладзена вялікая ўнутраная сіла дабра. Вы павінны ведаць і помніць, што з’яўляецеся нашчадкамі герояў, што трэба жыць так, каб не было сорамна перад іх памяццю. Берагчы праўду аб гераічным мінулым, расказваць яе падрастаючаму пакаленню, потым — сваім дзецям».

Менавіта на такіх прыкладах і павінна будавацца сучасная работа па патрыятычным выхаванні. Нам ёсць што захоўваць і ёсць чым ганарыцца. Пра гэта падчас мітынгу гаварыў старшыня раённага Савета дэпутатаў М.П.Кудравец, які асабліва падкрэсліў мэтанакіраванасць падобнай пошукавай работы, якая няспынна вядзецца на тэрыторыі раёна з 2005 года. За мінулы час на ваенных могілках каля в.Слабудка з‘явілася ўжо шэсць дадатковых пахаванняў, дзе знайшлі спачын астанкі 85 воінаў. І няхай удалося ўстанавіць прозвішчы толькі чатырох з іх, такая работа з’яўляецца пачэснай і будзе працягвацца далей.
— І сённяшні мітынг з’яўляецца пацвярджэннем таго, што мы захоўваем памяць,— зазначыў старшыня раённай арганізацыі ветэранаў М.Я.Дулько. Яго падтрымалі старшыня пярвічнай арганізацыі Беларускага саюза афіцэраў А.Г. Нілаў і навучэнец Слабадской школы Ілья Бузуеў. Памінальны малебен на новым, сёмым па ліку, пахаванні адслужыў айцец Ігар Мрыхін, пасля чаго пад гукі жалобнага марша ў выкананні духавога аркестра Палаца культуры да яго былі ўскладзены кветкі і вянкі.
Алег СІДАРЭНКА, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *