Да памяці, як паказваюць апошнія падзеі ў свеце, можна ставіцца па-рознаму. Псіхолагі аднолькава вывучаюць асаблівасці кароткачасовай і доўгачасовай памяці, гісторыкі больш надаюць увагі менавіта апошняй. А вось палітыкі кіруюцца толькі кароткачасовай памяццю, нярэдка «забываючыся» пра падзеі мінуўшчыны. Нават перапісваючы праўду з пункту гледжання «бягучага моманту». Асабліва модна зараз стала абвяргаць падзеі Вялікай Айчыннай вайны, прыдумваючы неіснуючыя аргументы і факты.
Аднак штогод салдаты 52-га пошукавага батальёна знаходзяць чарговыя доказы жудасных злачынстваў фашызму. Як і пацвярджэнне подзвігу абаронцаў Айчыны, што змаглі перамагчы «гітлераўскую чуму».
Як расказвае начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Аляксандр Момлік, штогод вядзецца няспынная работа па выяўленні безыменных пахаванняў часоў Вялікай Айчыннай вайны.
– Па-першае, імкнёмся ўзнавіць прозвішчы герояў і мірных жыхароў, што былі закатаваны акупантамі, – зазначае Аляксандр Канстанцінавіч. – А па-другое, гэтыя людзі заслужылі вечную памяць, каб у ёй іх подзвіг мог уваскрэснуць і стаць пастаянным напамінам, якім павінен быць патрыятызм. І важна тое, што гэта патрэбна нам, наступным пакаленням.
У гэтым годзе ў Міністэрства абароны было накіравана пяць інфармацыйных лісткоў са звесткамі пра магчымыя няўлічаныя пахаванні чырвонаармейцаў на тэрыторыі Пружанскага раёна. Аднак больш падрабязная інфармацыя датычылася пахаванняў каля вёсак Блізная і Клепачы. Туды і былі накіраваны пошукавікі, якія пацвердзілі звесткі. Падчас раскопак былі знойдзены астанкі трох воінаў, адзін з якіх, мяркуецца, быў лётчыкам. На жаль, больш падрабязную інфармацыю пра загінулых пакуль не ўдалося ўстанавіць.
Як паведамляе галоўны спецыяліст аддзела культуры Наталія Пракаповіч, актыўная пошукавая работа на Пружаншчыне вядзецца з пачатку 2000-х гадоў.
– На вайсковых могілках у в. Слабудка было праведзена ўжо дзевяць перапахаванняў астанкаў каля шасці дзясяткаў чырвонаармейцаў, сёлета дадаткова ўстаноўлена амаль 30 прозвішчаў загінулых, –адзначыла Наталія Сяргееўна.
На гэтым тыдні на вайсковых могілках у в. Слабудка была праведзена жалобная цырымонія перапахавання астанкаў трох абаронцаў Айчыны, што былі знойдзены сёлета, і ўрачысты мітынг, прысвечаны памяці байцоў Чырвонай Арміі, якія аддалі жыцці за вызваленне нашай зямлі. У мерапрыемстве прынялі ўдзел старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч, старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец, прадстаўнікі ўладных і сілавых структур, райваенкамата, грамадскіх аб’яднанняў, педагогі і школьнікі Слабадской школы, а таксама мясцовыя жыхары.
У звароце да ўдзельнікаў мітынгу старшыня райвыканкама выказаў упэўненасць, што такая работа не будзе спынена, пакуль не будзе аддадзена павага апошняй ахвяры Вялікай Айчыннай вайны з тых, што яшчэ застаюцца ў невядомасці. Перакананасць кіраўніка раёна падтрымалі ветэраны, грамадскія дзеячы і моладзь. Іерэй Дыянісій Папоў правёў паніхіду, пасля якой быў дадзены развітальны салют. Праз некалькі мінут каля асноўнага помніка пахаваным на могілках ваеннаслужачым з’явілася яшчэ адна магіла, якая ў будучым будзе добраўпарадкавана памятнай плітой. Магчыма, да таго часу ўсё-такі атрымаецца ўстанавіць імёны перапахаваных. У нашай памяці яны назаўжды застануцца нашымі абаронцамі і пераможцамі.
Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік
Фота з цырымоніі перапахавання: https://vk.com/album-23306785_289383897 і https://ok.ru/budni/album/951770200456