Маляўнічы бераг возера Паперня на мінулым тыдні пераўтварыўся ў сапраўдны палатачны гарадок. Шмат гадоў запар менавіта гэты куточак Ружанскай пушчы становіцца цэнтрам турызму і краязнаўства вобласці, дзе праводзяцца турыстычныя злёты.
На гэты раз на Паперні разгарнулася 16 палатачных «мікрараёнаў». Менавіта столькі каманд прыехала на злёт.
Не магла прапусціць яго і каманда Пружанскага раёна. У яе ўвайшлі 11 юных турыстаў з СШ №1, 3, 5, гімназіі, Шарашоўскай і Шаняўской школ, Старавольскага ВПК д/с-БШ. Усе яны наведваюць аб’яднанне па інтарэсах «Турызм і арыентаванне» пад кіраўніцтвам С.В.Зелянеева. Дарэчы, самаму юнаму ўдзельніку пружанскай каманды ўсяго 6 гадоў.
Змагаліся турысты на працягу чатырох дзён. У мінулы аўторак ладзіліся спаборніцтвы па тэхніцы воднага турызму, у якіх пружанская каманда атрымала ўпэўненую перамогу. Акрамя таго, змешаны экіпаж у складзе Кацярыны Гарустовіч з СШ №3 і Арцёма Братуліна з гімназіі заняў другое месца. А мужчынскі экіпаж Міхаіла Мацяша (СШ №1) і Аляксея Протаса (СШ №5) узяў бронзу.
Другі дзень прынёс выпрабаванні па тэхніцы веласіпеднага турызму. Таксама ўдзельнікаў чакала спартыўнае арыентаванне. У чацвер вызначалі лепшых у тэхніцы пешаходнага турызму. Акрамя гэтага, быў конкурс быту. А вось конкурс турысцкай песні прынёс пружанцам трэцяе месца.
Вельмі крэатыўна падышла наша каманда да конкурсу насценгазет «Будні злёту». Вынік – другое месца. Пружанцы назвалі сваю газету «Турзнайка». Першая яе частка ўяўляла абпалены агнём ліст, у якім змяшчаліся ўспаміны пра вайну. Другая – маналог турысткі, якая бяжыць дыстанцыю па лесе. Трэцяя прысвячалася самой пружанскай камандзе і некаторым яе традыцыям.
Напрыклад, у дзень, калі на злёт завіталі карэспандэнты, свой дзень нараджэння адзначала Паліна Кавалеўская з СШ №1.
Дзяўчынку павіншавалі і ўручылі салодкія падарункі.
Злёт для вучняў — магчымасць стаць больш самастойнымі і дарослымі, набыць неабходныя для жыцця навыкі. Па выніках усіх выпрабаванняў перамогу святкавалі каманды адразу двух раёнаў — Бярозаўскага і Кобрынскага, якія набралі роўную колькасць балаў. На трэцім месцы турысты з Брэсцкага раёна. Пружанская каманда заняла восьмае месца.
Уладзіслаў Шпарла, Кацярына Масік (фота).