Понедельник, 21 апреля 2025

На трех пружанских улицах появятся таблички с их историческим названием

1 478

У сувязі з прыняццем Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 снежня 2017 г. №462 «Аб устанаўленні бязвізавага парадку ўезду і выезду замежных грамадзян» і з мэтай павышэння эфектыўнасці выкарыстання турыстычнай інфраструктуры раёна ў студзені быў распрацаваны план мерапрыемстваў далейшага турыстычнага развіцця Пружаншчыны.

Сёння перад арганізацыямі і службовымі асобамі стаіць задача ўвасобіць у жыццё 46 пунктаў плана, накіраванага на павышэнне турыстычнай прываблівасці нашага рэгіёна. Нягледзячы на тое, што з моманту прыняцця адпаведнага рашэння райвыканкамам прайшло ўсяго каля двух месяцаў, на апаратных нарадах і пасяджэннях спецыялісты ўжо расказваюць, што зроблена для развіцця трансгранічнага супрацоўніцтва, удасканалення паслуг, што прапануюцца аб’ектамі харчавання і гандлю, якія новыя турыстычныя маршруты запускаюцца.

— Сярод іншых стаіць задача па размяшчэнні ўказальнікаў і вывесак рэкламных шчытоў на рускай альбо беларускай і англійскай мовах. Гэта тычыцца назваў вуліц, магазінаў, пунктаў харчавання, мясцовых славутасцяў, якія мы можам паказаць гасцям раёна, — расказаў старшыня раённага Савета дэпутатаў М.П.Кудравец. — Напрыклад, большасць пунктаў грамадскага харчавання ўжо зрабілі меню як мінімум на дзвюх мовах, у рэстаране грамадска-культурнага комплексу «Мікалаеўскі» ў Мокрым і кафэ «Візіт» у Клепачах і больш за тое — у тым ліку на англійскай, польскай і нават кітайскай мовах. На некалькіх мовах убачылі свет і паўтысячы экзэмпляраў турсхем і каталогаў турпрадпрыемстваў дэстынацыі «Камянец-Пружаны», вырабленых у рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Падтрымка ўстойлівага развіцця турызму ў Беларусі». Для прыцягнення турыстаў актыўна выкарыстоўваецца рэклама, інтэрнэт: шэраг суб’ектаў прадстаўлены ў сістэмах анлайн-браніравання, створаны сумесны сайт «Камянец-Пружаны», заключана дамоўленасць з адміністрацыямі Гайнаўскага павета (Польшча) і гарадоў Паўлікені і Першамай (Балгарыя) аб размяшчэнні інфармацыі аб бязвізавым уездзе на турыстычных парталах краін.

Акрамя таго, да канца года ў Пружанах з’явяцца таблічкі, якія раскажуць, як гучалі назвы пружанскіх вуліц шмат гадоў таму. Пакуль гэта датычыцца толькі трох вуліц: Савецкай, Леніна і Р.Шырмы — цэнтральных, старэйшых вуліц горада, якія турыстамі наведваюцца ў першую чаргу. Як мяркуецца, побач з сучаснай бу-дзе згадана самая першая назва вуліцы. Эскізы таблічак падрыхтаваны. Цяпер справа за камунальнай службай, задача якой — заказаць іх і ўстанавіць замест старых.

Мясцовыя ўлады перакананы, указанне ранейшых тапонімаў павінна пазітыўна адлюстравацца на турыстычным патэнцыяле горада: гэта будзе цікава і гара-джанам, і гасцям,  а таксама дапаможа аднавіць гістарычную атмасферу.

… Такі крок з’яўляецца і кампрамісным варыянтам для тых, хто прытрымліваецца меркавання аб дэсаветызацыі вуліц, якія носяць адпаведныя назвы. Так ужо зрабілі ў Гродне, Баранавічах, Мінску, Магілёве, Міры… А вось пераназываць вуліцы цалкам сапраўды немэтазгодна: наўрад ці арганізацыі і жыхары вуліц, якія прапануюць пераназваць, скажуць дзякуй за тое, што ім давя-дзецца клапаціцца пра выраб новай дакументацыі на нерухомасць і домаўладанні.

Даведка “РБ”

Па стане на 23 сакавіка 2018 года ў рамках бязвізавага ўезду ў Брэсцкую вобласць колькасць турыстаў, якія наведалі турысцка-рэкрэацыйную зону «Брэст», склала 1155 чалавек, праз пункт пропуску «Перароў» да нас прыбылі 322 чалавекі. Колькасць зарэгістраваных турыстаў — 1226 чалавек.

Да слова, летась, да з’яўлення Указа №462, на Пружаншчыне пабывала больш за пяць тысяч замежных турыстаў.

Марына Вакульская.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *