Четверг, 10 октября 2024

На старце новага навучальнага года настаўнікаў раёна сабрала раённая педагагічная канферэнцыя (+фота)

445

Традыцыйна напярэдадні пачатку навучальнага года настаўнікі раёна сабраліся на жнівеньскую нараду. На гэты раз канферэнцыя педагогаў прайшла ў абмеркаванні тэзіса «Якасць сучаснай адукацыі — заклад устойлівага развіцця рэгіёна». Прамую ўзаемасувязь паміж дзейнасцю раённай сістэмы адукацыі і сацыяльна-эканамічным росквітам Пружаншчыны даказала начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Ірына Казарэз, з выступлення якой і пачалося мерапрыемства.

— Штогод адукацыйныя ўстановы, педагагічныя калектывы і навучэнцы ўслаўляюць наш рэгіён на абласным і рэспубліканскім узроўнях, — зазначыла Ірына Анатольеўна. — За школьнымі партамі гадуюцца будучыя спецыялісты для розных сфер жыццядзейнасці: амаль кожны другі выпускнік дзявятага класа бягучым летам паступіў у прафесійныя каледжы ці ліцэі, а з адзінаццацікласнікаў больш за 80% сталі студэнтамі ВНУ.

Пры гэтым варта падкрэсліць той факт, што бягучая ўступная кампанія праходзіла ў новых умовах. Яны былі звязаны са здачай цэнтралізаванага экзамену, да якога ў поўнай меры выпускнікі школ і педагагічныя калектывы не здолелі падрыхтавацца. І высокі вынік — пацвярджэнне прафесійнага базісу раённай сістэмы адукацыі. Да слова, найбольш адметныя дасягненні прадэманстравалі выпускнікі Мураўскай і Мокраўскай школ.

Даволі адчувальны ўклад у «пасляшкольны выбар» уносіць профільнае навучанне, якое ў папярэднія гады рэалізоўвалася праз дзейнасць класаў педагагічнай і аграрнай накіраванасці. Такую практыку вырашана пашырыць: у наступным навучальным годзе да ўжо акрэсленых вектараў далучацца яшчэ два — класы з інжынерным і ваенна-патрыятычным ухіламі.

Немалаважную ролю пружанская школа адыгрывае і ў фізічным развіцці падрастаючага пакалення. А гэта і фізічная загартоўка, і магчымасці аздараўлення, а яшчэ збалансаванае харчаванне, узровень якога таксама зараз пад увагай, зыходзячы з чаго ў 2023-2024 навучальным годзе праводзіцца пілотны праект па арганізацыі школьнага харчавання, які ахопіць 11 устаноў.

Паслязаўтра, першага верасня, пройдуць лінейкі, і школы гатовы да гэтай падзеі. Як гатовы і настаўнікі, якія ўжо распрацавалі праграму першага ўроку «Беларусь і Я — дыялог міру і стварэння».

Ёсць усе падставы прагназаваць, што наступныя выпускнікі будуць не менш падрыхтаванымі, бо нездарма па выніках педагагічнай дзейнасці раённы аддзел па адукацыі атрымаў абласны дыплом ІІІ ступені. І ў гэтым заслуга кожнага работніка сістэмы адукацыі раёна.

— У вашых руках — наша будучыня, — зазначыў старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч, які павіншаваў педагогаў з пачаткам новага навучальнага года і пажадаў новых перамог на яго працягу. А тое, што дасягненні не застаюцца незаўважанымі, Міхаіл Міхайлавіч даказаў, уручыўшы Граматы і Падзячныя пісьмы райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў лепшым педагогам.

Увогуле на канферэнцыі ўзнагароды раённага і абласнога ўзроўню атрымалі больш за паўсотні спецыялістаў, якіх віншавалі начальнік аддзела па адукацыі Ірына Казарэз і старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Іван Сачэўка.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік


Пружанскі раённы выканаўчы камітэт вырашыў узнагародзіць:

Граматай Пружанскага раённага выканаўчага камітэта

за шматгадовую добрасумленную працу, дасягнутыя поспехі ў навучанні і выхаванні падрастаючага пакалення, асабісты ўклад у развіццё сістэмы адукацыі Пружанскага раёна

Жмыреню Алену Мікалаеўну, загадчыцу ДУА «Ружанскі дзіцячы сад № 2 Пружанскага раёна»,
Лаптановіч Наталію Мікалаеўну, дырэктара ДУА «Навасёлкаўская сярэдняя школа Пружанскага раёна»,
Сідарук Ніну Міхайлаўну, дырэктара ДУА «Хараўская сярэдняя школа»;

Падзячным пісьмом Пружанскага раённага выканаўчага камітэта

за шматгадовую добрасумленную працу, прафесійнае майстэрства, дасягнутыя поспехі ў навучанні і выхаванні падрастаючага пакалення

Арабчыка Дзмітрыя Станіслававіча, настаўніка матэматыкі і інфарматыкі ДУА «Сярэдняя школа № 5 г. Пружаны»,
Грынюк Вольгу Міхайлаўну, загадчыцу ДУА «Сланімцоўскі дзіцячы сад Пружанскага раёна».

Прэзідыум Пружанскага раённага Савета дэпутатаў вырашыў узнагародзіць

Ганаровай граматай Пружанскага раённага Савета дэпутатаў

за шматгадовую добрасумленную працу ў сістэме адукацыі і дасягнутыя поспехі ў навучанні і выхаванні падрастаючага пакалення

Кунінец Ганну Мікалаеўну, дырэктара ДУА «Сярэдняя школа № 3 г. Пружаны»,
Саўчук Алену Яўгенаўну, настаўніцу матэматыкі ДУА «Сярэдняя школа № 5 г. Пружаны»,
Чарнак Любоў Аляксандраўну, дырэктара ДУА «Шчарчоўская сярэдняя школа Пружанскага раёна».


Больш фота глядзіце тут: https://vk.com/album-23306785_295941089 і https://ok.ru/budni/album/966879075976