Среда, 19 февраля 2025

На справаздачна-выбарнай канферэнцыі раённай арганізацыі ГА «Беларускае таварыства інвалідаў» абмяркоўваліся вынікі работы аб’яднання

350

Справаздачна-выбарная канферэнцыя раённай арганізацыі ГА «Беларускае таварыства інвалідаў» прайшла на мінулым тыдні ў малой зале гарадскога Палаца культуры. У яе рабоце прынялі ўдзел намеснік старшыні Пружанскага райвыканкама Руслан Супрыновіч і старшыня праўлення Брэсцкай абласной арганізацыі
ГА «БелТІ» Валянціна Ізаак.

Справаздачу аб рабоце раённай арганізацыі за апошнія шэсць гадоў трымала старшыня праўлення Валянціна Чаевіч.

Валянціна Рыгораўна адзначыла, што на сённяшні дзень у раёне налічваецца каля 2600 чалавек, якія маюць інваліднасць розных ступеняў. Членаў таварыства 607, з іх 502 інваліды. Каб падтрымаць людзей з пэўнымі абмежаваннямі, дапамагчы вырашыць жыццёвыя праблемы, суполка актыўна супрацоўнічае з органамі ўлады, установамі і прадпрыемствамі, іншымі грамадскімі аб‘яднаннямі.

Для падтрымкі інвалідаў у нашай краіне зроблена шмат, у тым ліку і на заканадаўчым узроўні: у 2008 годзе быў прыняты Закон «Аб папярэджанні інваліднасці і рэалібітацыі інвалідаў», сёлета быў распрацаваны Закон «Аб правах інвалідаў і сацыяльнай інтэграцыі», асноўныя палажэнні якога ўступяць у сілу са студзеня 2023 года.

Асновай раённай арганізацыі з‘яўляюцца пярвічныя арганізацыі, іх у нас 19: сем у горадзе і 12 у сельскіх населеных пунктах. Многія старшыні «пярвічак»  зарэкамендавалі сябе як актыўныя і нераўнадушныя людзі, якія дапамагаюць іншым глядзець на жыццё з аптымізмам, не здавацца цяжкасцям. 

Валянціна Чаевіч азнаёміла прысутных з бюджэтам арганізацыі, даходы якога складаюцца з членскіх узносаў, дабрачыннай дапамогі, адлічэнняў ад даходаў УП «Людміла». Спонсарскія падарункі, няхай і невялікія, атрымлівалі ад шэрага брэсцкіх прадпрыемстваў. У папярэднія гады арганізацыя таксама атрымлівала гуманітарную дапамогу ад дабрачынных хрысціянскіх арганізацый Германіі і Ірландыі. І гэта былі не толькі адзенне і абутак, прадметы ўжытку і сродкі гігіены, але і інвалідныя каляскі, сродкі рэабілітацыі, спецыяльныя ложкі і матрацы, памперсы і інш. Сёлета, на жаль, падобная дапамога з-за мяжы стала немагчымай. І без таго складанае фінансавае становішча арганізацыі пагоршылася. Звярталіся з просьбай да кіраўнікоў мясцовых гаспадарак і вельмі ўдзячны тым, хто з разуменнем паставіўся да праблем інвалідаў: дырэктарам ААТ «Шані-аграпрадукт» Аляксандру Якімаўцу, ААТ «Ліноўскае» Васілію Казмерчуку, ААТ «Радзіма» Паўлу Дарафею.

Праводзілася культурна-масавая работа, мерапрыемствы прысвячаліся ў тым ліку і Міжнароднаму дню інвалідаў, дэлегаты таварыства прымалі ўдзел і перамагалі ў абласным фестывалі «Разам мы мацнейшыя», у мерапрыемствах у рамках фестывалю «Славянскі базар у Віцебску».

Інваліды шукаюць у таварыстве не толькі сацыяльнай, але і прававой абароны, дапамогі ў вырашэнні шэрага пытанняў, у тым ліку і кватэрных, якія знаходзяцца ў кампетэнцыі праваахоўных органаў, аддзелаў райвыканкама, розных абласных структур.

Інваліднасць гэта ўсяго толькі стан цела. Галоўнае, што ўсе вы маеце душу, жаданні, свае імкненні, звярнулася Валянціна Чаевіч да прысутных. Хваробы не зламілі вас. Нягледзячы ні на што, кожны з вас ставіць свае мэты і дынамічна імкнецца да іх. Нізкі вам паклон.

Аб рабоце кантрольна-рэвізійнай камісіі расказала яе старшыня Алена Місюля. У абмеркаванні справаздачы прынялі ўдзел старшыні «пярвічак»: Вераніка Вярхоўцава з Белавусаўшчыны, Галіна Халецкая са Стараволі, Клаўдзія Гусоўчанка і Марыя Бондар з Пружан, а таксама старэйшы член таварыства Мікалай Мікалаевіч Каробка.

У выніку работу раённай арганізацыі ацанілі на «выдатна». Была прынята адпаведная пастанова.

Намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч у сваім выступленні высока ацаніў работу раённага таварыства ГА «БелТІ» і адзначыў, што апошнім часам мацнее рэальная падтрымка інвалідаў з боку дзяржавы, выканаўчая ўлада атрымлівае для гэтага ўсё больш магчымасцей.

Узяць даступнае асяроддзе. З 6 студзеня 2023 года ў рамках новага Закона ўступяць у сілу палажэнні, якія тычацца стварэння не толькі магчымасці бесперашкоднага руху чалавека з абмежаваннямі, але і доступу да сацыяльных устаноў, транспартнай інфраструктуры, інфармацыі і г.д. Гэты інструмент дазваляе нам сістэматызаваць работу, якая вядзецца і цяпер. Напрыклад, зусім нядаўна быў значна абноўлены будынак цэнтра дзённага знаходжання інвалідаў. Многае робіцца па ўладкаванні пандусаў, нанясенні адпаведнай дарожнай разметкі, стварэнні свабоднага доступу людзей з абмежаваннямі ў розныя ўстановы.

Руслан Васільевіч паабяцаў, што карыснае супрацоўніцтва з ГА «БелТІ» працягнецца: 

Ніводная ваша праблема ў рамках існуючага заканадаўства не застанецца без увагі.

Наступнымі пытаннямі парадку дня было выбранне новага складу праўлення раённай арганізацыі ў колькасці 15 чалавек, кантрольна-рэвізійнай камісіі, а таксама дэлегатаў на абласную канферэнцыю і VII з‘езд ГА «Беларускае таварыства інвалідаў».

Адбыліся і выбары старшыні праўлення раённай арганізацыі ГА «БелТІ». З гэтай нагоды варта адзначыць, што з лютага 2014 года яе ўзначальвала Валянціна Чаевіч. А наогул жанчына ўдзельнічае ў рабоце таварыства амаль 20 гадоў, з 2003-га. Пра імкненне Валянціны Рыгораўны зрабіць як мага больш для патрэб людзей, пра «моцнае плячо», якое яна стараецца падставіць кожнаму, казалі літаральна ўсе выступоўцы. Прыводзілі і шматлікія факты таго, як ёй удавалася вырашыць, здавалася б, невырашальную праблему, у літаральным сэнсе зрушыць з месца сцяну. Валянціна Ізаак высока ацаніла работу пружанскай суполкі, уручыла Валянціне Чаевіч грамату праўлення Брэсцкай абласной арганізацыі ГА «БелТІ» і выказала спадзяванне, што яе энергіі ў рабоце таварыства хопіць яшчэ на доўгія гады.

А новым старшынёй стала Святлана Більдзейка. Поспехаў у рабоце, Святлана Віктараўна!

Ірына Сядова. Фота аўтара