Праваслаўныя вернікі адзначылі Дзмітраўскую бацькоўскую суботу. Так называецца апошняя субота перад днём памяці велікамучаніка Дзімітрыя Салунскага, які адзначаецца 8 лістапада. Таксама будзем памінаць памерлых у Міхайлаўскую (19 лістапада) і Піліпаўскую (26 лістапада) суботы.
На што важна звярнуць увагу ў памінальныя дні? На гэтае і іншыя пытанні мы папрасілі адказаць настаяцеля пружанскага Спаса-Праабражэнскага храма протаіерэя Ігара Мрыхіна.

— Айцец Ігар, для чаго здзяйсняецца памінавенне памерлых?
— Малітва пра тых, хто перайшоў з жыцця часовага ў жыццё вечнае, з‘яўляецца даўняй традыцыяй царквы, асвечанай стагоддзямі. Пакідаючы цела, чалавек выходзіць з бачнага свету, але ён не пакідае Царкву, а застаецца яе членам. І абавязак тых, хто застаўся на зямлі, маліцца за яго. Царква веруе, што малітва аблягчае пасмяротную долю чалавека. Калі чалавек жывы, ён здольны каяцца ў грахах і самастойна тварыць дабро, а пасля смерці цела і прыватнага суда Божага душа знаходзіцца ў чаканні вечнай асалоды або вечных пакут — у залежнасці ад таго, як нябожчык пражыў зямное жыццё — і застаецца толькі надзея на малітвы жывых.
— Чым вылучаюцца бацькоўскія суботы?
— У вызначаныя суботнія дні раніцай падчас Літургіі Царква памінае ўсіх раней памерлых хрысціян. Напярэдадні, у пятніцу вечарам, служыцца парастас (у перакладзе з грэчаскай азначае «хадайніцтва»). Амаль усе бацькоўскія суботы не маюць вызначанай даты, а злучаны з пераходзячым днём святкавання Вялікадня. Напрыклад, субота мясапусная бывае за восем дзён да пачатку Вялікага Посту, бацькоўскія суботы — на другой, трэцяй і чацвёртай сядміцах Вялікага Посту (у нас у Пружанах гэтыя памінавенні называюць «на цукар»). Троіцкая бацькоўская субота – напярэдадні дня Святой Троіцы. Міхайлаўская і Піліпаўская прыпадаюць на суботы напярэдадні і пасля дня памяці Архістратыга Божага Міхаіла, які адзначаецца 21 лістапада. Асабліва папулярная ў Пружанах Міхайлаўская бацькоўская субота.
— Ці можна маліцца аб упакаенні пасля бацькоўскіх субот?
— Можна і трэба. Гэта абавязак жывых перад памерлымі і выказванне любові да іх. Смерць — не зыход у небыццё, а працяг існавання душы ў вечнасці, таму памерлыя маюць патрэбу ў малітоўным памінавенні.
— Якое памінавенне з‘яўляецца асабліва важным?
—Асаблівую сілу маюць малітвы на Літургіі. Царква моліцца пра ўсіх памерлых, у тым ліку і тых, хто знаходзіцца ў пекле. Таму ў бліжэйшыя дні пасля смерці чалавека можна заказаць у храме саракауст, г. зн. Памінанне на сарака Літургіях: сорак разоў прыносіцца Бяскроўная Ахвяра за памерлага, з прасфоры вымаецца часцінка і змяшчаецца ў Кроў Хрыстову з малітвай аб прабачэнні грахоў новапрастаўленага.
— Хто такі новапрастаўлены?
— Так у царкоўнай традыцыі называюць памерлага чалавека на працягу 40 дзён пасля яго зыходу з жыцця. Калі самі хочаце весці такі падлік, майце на ўвазе, што першым лічыцца дзень смерці, нават калі яна наступіла за некалькі мінут да паўночы.
Ёсць і іншы тэрмін — «прыснапамятны». Слова «прысна» азначае «заўсёды». Так называюць памерлага, пра якога заўсёды памятаюць і моляцца.
— Айцец Ігар, а колькі дзён носяць жалобу па памерлым?
— Існуе традыцыя 40-дзённага нашэння жалобы па блізкім чалавеку. Гэта з-за таго, што менавіта на саракавы дзень душа памерлага атрымлівае вызначанае месца, дзе яна будзе знаходзіцца да Страшнага Суда, і ў гэты перыяд патрабуецца ўзмоцненая малітва аб прабачэнні грахоў. Нашэнне жалобы садзейнічае ўнутранай засяроджанасці і ўвазе да малітвы, але можна мець малітоўны настрой і без апранання чорнага адзення. Унутранае важнейшае за знешняе.
Дапамагчы памерламу можна не толькі малітвай, але раздачай міласціны, добрымі справамі для Царквы, напрыклад, працай у манастыры.
— Існуе павер‘е, што да саракавога дня нельга нічога аддаваць з рэчаў нябожчыка. Ці правільна гэта?
— Ахвяраванне рэчаў памерлага — гэта акт міласэрнасці, які разам з малітвамі становіцца хадайніцтвам за душу нябожчыка. І рабіць гэта варта якраз да саракавога дня.

— Што рабіць, калі сніцца памерлы?
— Не варта звяртаць увагу на сны. У той жа час зноў паўтаруся: не трэба забывацца, што вечна жывая душа нябожчыка мае патрэбу ў пастаяннай малітве за яе.
— Як Вы ставіцеся да традыцыі закрываць у доме люстэркі, калі нехта з родных пайшоў з жыцця?
— Гэта забабон, які не мае нічога агульнага з царкоўнымі традыцыямі пахавання памерлых. Звычай занавешваць люстэркі часткова пайшоў з павер‘я, што той у доме, хто ўбачыць сваё адлюстраванне, таксама хутка пойдзе з жыцця. І гэта не адзіны «люстэркавы» забабон, іх шмат і некаторыя звязаны з варажбой на люстэрках. А там, дзе магія і чара-дзейства, абавязкова з‘яўляюцца страх і забабоны. Працягласць нашага жыцця цалкам залежыць ад Госпада, а не ад занавешвання люстэркаў.
Гутарыла Ірына Сядова