На мінулым тыдні ў г.п. Шарашэва прайшоў вялікі сельскі сход грамадзян з мэтай прафілактыкі бяспекі жыццядзейнасці.
Трывогу забілі супрацоўнікі РАНС, калі лічбы статыстыкі ў параўнанні з мінулым годам значна ўзраслі. У Пружанскім раёне за бягучы перыяд 2024 года зарэгістраваны 34 пажары, у якіх загінулі 3 чалавекі. На тэрыторыі Шарашэўскага сельсавета за гэты час адбылося 9 пажараў, за аналагічны перыяд мінулага года — 0.
З мэтай рэагавання на наяўнае становішча з пажарамі работнікамі РАНС праведзена чарговая праверка супрацьпажарнага стану жылых дамоў і кватэр. У ходзе работы абследавана 285 домаўладанняў. За парушэнне правілаў пажарнай бяспекі да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 19 грамадзян.
Сельскі сход арыентаваны на жыхароў гарадскога пасёлка і школьнікаў з мэтай павышэння іх дасведчанасці аб мерах бяспекі і правільных дзеяннях пры пажарах. Адкрыты дыялог з насельніцтвам правялі прадстаўнікі мясцовых органаў улады, супрацоўнікі РАНС, РАУС, раённай энергагазінспекцыі, духавенства.
У паўсядзённым жыцці людзі часцяком грэбуюць простымі правіламі пры спальванні смецця, топцы печы з няспраўнасцямі, кураць у пасцелі ці маюць аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі без элементаў сілкавання. Усё гэта цягне за сабой незваротныя наступствы, боль і слёзы, а самае страшнае — страту блізкага чалавека. Для поўнага разумення ўсёй карціны жыхарам Шарашэва прадэманстравалі відэафільмы «Супрацьпажарны стан домаўладанняў на тэрыторыі Шарашэўскага сельсавета», «Ахвяра звычкі» і іншыя.
Асноўная задача мерапрыемства — прыцягненне ўвагі грамадзян да неабходнасці строгага захавання патрабаванняў пажарнай бяспекі. Трэба разумець, што агонь не шкадуе нікога, і спадзявацца на авось не той выпадак. У ходзе сустрэчы таксама праведзены тэматычныя гутаркі і практычныя заняткі, накіраваныя на навучанне жыхароў і школьнікаў асновам пажарнай бяспекі. Удзельнікі сходу даведаліся, як прадухіліць пажары ў побыце, а таксама як дзейнічаць у выпадку ўзгарання. Важна памятаць, што паніка ў такіх сітуацыях можа толькі пагоршыць становішча.
Адной з ключавых частак мерапрыемства стала навучанне карыстанню вогнетушыцеля. Спецыялісты РАНС прадэманстравалі, як правільна карыстацца гэтым важным сродкам пажаратушэння.
Удзельнікі акцыі даведаліся, як хутка і эфектыўна ліквідаваць ачаг узгарання, што ў далейшым можа выратаваць жыцці і асабістую маёмасць. Усе жадаючыя змаглі прымераць супрацьпажарны касцюм і патушыць ачаг узгарання.
Асаблівая ўвага была нададзена дзецям, бо менавіта яны часта становяцца ахвярамі пажараў з-за неасцярожнага абыходжання з агнём. Школьнікам расказалі аб правілах пажарнай бяспекі ў хатніх умовах, у школе, на вуліцы, а таксама прадэманстравалі прафілактычныя відэаролікі.
Сельскі сход стаў важным крокам у павышэнні ўзроўню бяспекі жыццядзейнасці на тэрыторыі Шарашэўскага сельсавета. Мы спадзяёмся, што паўтарэнне асноў пажарнай бяспекі і ўменне правільна дзейнічаць у экстраных сітуацыях дапамогуць знізіць рызыку пажараў і захаваць уласнае жыццё.
Ірына Велясевіч
Фото аўтара