Воскресенье, 20 апреля 2025

На сцяне макаткі, на дзежцы — надзежнік. Чытачы ўзгадваюць рэдкія дыялектныя словы

249

У адным з нумароў мы апублікавалі пісьмо Алены Раманоўскай з Роўбіцка, у якім жанчына ўзгадвала словы, якімі карысталіся беларускія сяляне яшчэ не так даўно, у сярэдзіне і другой палове мінулага стагоддзя. Алена Іванаўна нават прапанавала наладзіць своеасаблівы конкурс на веданне роднай мовы. Не скажу, што тэлефанаванняў і пісьмаў з нагоды падобнай прапановы атрымалі шмат, але яны былі. Дакладней за ўсіх, ды яшчэ і з прыкладамі, на пытанні адказала жыхарка в. Бузуны Антаніна Сцяпанаўна Карпыза.

Апоўзіны, гэта калі сена ставілі на піках, і там былі такія палкі тоненькія, іх звязвалі, накідалі на стог. Тры кійкі такія, каб вецер не разносіў сена.

Пакот — гэта столь, па-руску «потолок». Калісьці прыйшла цётка, кажа: «Пакот сёння бяліла, то рука стамілася. А дзеці сцены мазалі». Бо сцены мазалі глінаю дзяўчаты, а хлопчыкі мылі памост (падлогу называлі памостам). «Кожную памосцінку так хлопцы вышаруюць пясочкам». Пакот таксама мылі, у каго хата добрая. А наогул пакот той бялілі белаю глінкаю і дабаўлялі зялёнкі, а ніз сцяны мазалі жоўтай глінаю. У кожнай вёсцы было месца, дзе гліну на цэглу капалі, адтуль і бралі.

Называлі пакотам і паддахавае памяшканне. На пакот, напрыклад, цыбулю клалі, каб падсохла, адзёжу зімой там вешалі.

Макатка — гэта былі такія вышыўкі. У рамках, прадаўгаватыя, як дарожкі. Вышыўку чаплялі на акно, на яе — намочанае палатно і алоўкам малюнак адкалькоўвалі. Казалі: «Прывёз малодуху ў хату, то столькі макатак было». Гэта калі пасля вяселля маладую ў хату мужа прыводзілі, за ёй скарб везлі.

Запатылак — затылок. Хлопцы старэйшыя меншых па запатылку білі. А яшчэ так называлі драўляны кліночак у касе.

Надзежнік — вышыты квадрат, якім дзежку закрывалі, у якой замешвалі цеста. А калі ў госці ішлі або ў сваты, напрыклад, у надзежнік клалі хлеб або пірог, што з сабой неслі.

— Зараз ужо ніхто не гаворыць так, занадта шмат змянілася ў жыцці, — кажа Антаніна Сцяпанаўна. — Нямала і чужых слоў аднекуль з‘явілася: то «хайпуюць», то «кайфуюць». А раней па гаворцы нават месца жыхарства пазнаць было можна. Я, напрыклад, родам з Навасёлак, а ў Бузуны ў свой час замуж пайшла. Тут больш на «о» гавораць. «Корова», «побачыць», «порося». Неяк я на базары стаю, са знаёмай размаўляю, падыходзіць іншая жанчына, пытаецца, адкуль я. Кажу, што з Бузуноў. «А размаўляеце па-велікасельску», — кажа.

Падрыхтавала Ірына Сядова