
Традыцыйны турнір на прызы рэдакцыі газеты «Раённыя будні» па шахматах і шашках памяці Аляксандра Мікалаевіча Чавусава завяршыўся. Былі падведзены вынікі і ўзнагароджаны пераможцы.
Трэці раз на маёй памяці праводзіцца гэты турнір. Праходзіў ён і раней. Але каранавірус на нейкі перыяд часу зрабіў карэкціроўку. У 2022 годзе мы ўзнавілі шахматна-шашачныя баталіі. Дзякуем за гэта філіялу «Пружанскі раённы фізкультурна-спартыўны клуб «Мухавец» і непасрэдна яго загадчыцы Вікторыі Шаманавай за арганізацыю шэрагу турніраў, а яшчэ галоўнаму суддзі спаборніцтваў Веры Аляксандраўне Шурынай.
Было прыемна, што другі год сваё майстэрства ў шахматах дэманструе дзесяцігадовы спартсмен-інтэлектуал Сямён Служанікін. Пакуль хлопчык не заняў прызавое месца, але адзначаны рэдакцыяй дыпломам і падарункам як самы юны ўдзельнік турніру. Не сумняваюся, што ў хуткім часе Сямён яшчэ гучна пра сябе заявіць. На жаль хлопчыку няма з кім гуляць. Яго аднагодкі не цікавяцца шахматамі, шмат часу праводзяць у гаджэтах. Вось і прыходзіцца Сямёну шукаць анлайнавых гульцоў. Гэта некалькі не тое. Як мне стала вядома, нават у школах адсутнічаюць шахматна-шашачныя клубы, бо там няма каму выкладаць. Гэтыя віды інтэлектуальнай гульні згуртоўваюць спартсменаў, вучаць уседлівасці, канцэнтрацыі ўвагі, прымушаюць думаць.
Вернемся да пераможцаў турніру. Трэцяе месца ў шахматах заваяваў Іван Мікалаевіч Макарчук, другое — Уладзімір Аляксандравіч Капіца і першае — Сяргей Паўлавіч Кажамячанка. У шашках месцы размеркаваліся наступным чынам: трэцяе — за Уладзімірам Аляксандравічам Капіцам, другое — Анатолем Іванавічам Неміровічам і першае — за Віктарам Уладзіміравічам Бубенчыкам.

Усіх пераможцаў павіншавала Вікторыя Шаманава і ўручыла граматы і сувеніры. Я, як галоўны рэдактар газеты, таксама павіншаваў прызёраў, уручыў дыпломы, якія гарантуюць бясплатную падпіску на газету «Раённыя будні» на месяц, квартал і паўгоддзе. Дыплом і падарунак атрымаў таксама самы сталы ўдзельнік турніру Іван Мікалаевіч Макарчук.
Вялікі дзякуй цэнтру творчасці дзяцей і моладзі і яго дырэктару Алене Пухнарэвіч за прадастаўленае месца для правядзення турніру.
Спадзяёмся, што турнір памяці А.М. Чавусава набярэ большую папулярнасць і да ўдзелу ў ім падключацца яшчэ больш працуючых і маладых пружанцаў.
Віктар Ільюшчанка. Фота Кацярыны Масік