Так павінна быць ва ўсіх! Гэтыя словы намесніка міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Гракуна адрасаваліся ўдзельнікам семінара-вучобы, які прайшоў 20 кастрычніка на базе ААТ «Пружанскі льнозавод». Прыкладам была работа льнаводчай галіны менавіта ў нашым раёне.
Сапраўды, ААТ «Пружанскі льнозавод» быў выбраны для правядзення семінара-вучобы нездарма. Тут увесь працэс: ад працы на палетку да адпраўкі льновалакна на ткацкія прадпрыемствы — наладжаны на выдатным узроўні. Гэта ўдзельнікі мерапрыемства ўбачылі сваімі вачыма. Тым больш, што экскурсаводам па прадпрыемстве стаў асабіста дырэктар ААТ «Пружанскі льнозавод» Мікалай Жогал.
Але гэта было крыху пазней, а спачатку прайшло невялікае азнаямляльнае пленарнае пасяджэнне. Уладзімір Гракун паведаміў прысутным аб плане работы, выказаў словы падзякі старшыні Пружанскага райвыканкама Міхаілу Грышкевічу за тое, што знайшоў час прыняць удзел у рабоце семінара. Удзельнікам яго прапанавалася вывучыць вопыт пружанскіх ільнаводаў па настройцы і рэгуліроўцы тэхналагічнага абсталявання.
Ці сапраўды на пружанскім прадпрыемстве ёсць чаму павучыцца нават спецыялістам з вялікім вопытам работы?
Спытаў пра гэта ў аднаго з удзельнікаў семінара — дырэктара КУП «Кармалён» Віктара Кавалёва. Той пацвердзіў, што на думку калег-ільнаводаў Пружанскі льнозавод з’яўляецца лепшым прадпрыемствам у краіне. Чаму звярнуўся менавіта да Віктара Фёдаравіча? Таму што з гэтым заслужаным ільнаводам неаднойчы даводзілася сустракацца, бываць на кармянскім прадпрыемстве ў той час, калі працаваў у мясцовай раёнцы.
Тое, што пружанцы — лепшыя, пасля вывучэння вопыту на практыцы, пацвердзіў і Уладзімір Гракун. Намеснік міністра з задавальненнем знаёміўся з тым парадкам, які панаваў на тэрыторыі завода. Было без акуляраў бачна, што так тут заведзена раз і назаўсёды. Сезонная тэхніка стаяла на лінейцы гатоўнасці пад навесамі, колы — пабелены. Гэты прыём робіцца для абароны гумы ад уздзеяння атмасферных умоў. Кожны агрэгат быў надзейна замацаваны на спецыяльных падпорках, а не на прыстасаваных кавалках дрэва ці цэглы. І ў той жа час — да работы гатовы, хоць вось зараз адпраўляйся ў поле.
Праводзячы дэлегацыю па тэрыторыі, Мікалай Жогал адначасова расказваў аб розных вынаходніцтвах прадпрыемства, якія паспрыялі атрыманню добрага ўраджаю льнотрасты, яе якаснай перапрацоўцы. «Вось гэты рэзервуар ад запраўшчыка ракетнага паліва пераабсталявалі для змешвання і ўнясення ў глебу гербіцыдаў, — дзеліцца Мікалай Сцяпанавіч. — Яму ўжо нямала гадоў, а яшчэ як новы».
Каб пералічыць усё тое, што мясцовыя «кулібіны» змаглі зрабіць дзеля поспеху вытворчасці, трэба асобны артыкул рыхтаваць. Ды не так даўно аб некаторых вынаходніцтвах і вынаходніках наша газета пісала.
Пра асноўныя настройкі і рэгуліроўкі тэхналагічнага абсталявання пярвічнай перапрацоўкі льна ў залежнасці ад якасці падаваемай на перапрацоўку льнотрасты, патрабаваннях да сыравіны, а таксама да тэхнічнага стану абсталявання расказваў намеснік начальніка аддзела аграхімізацыі і льнаводства РА «Белаграсэрвіс» Павел Іваноў. Гэта таксама было цікава для спецыялістаў. Не сумняваюся, што многія ўзялі гэтыя асаблівасці да сябе на ўзбраенне. Бо ўдакладняючых пытанняў было шмат.
Паглядзелі мы таксама на працэс пераўтварэння льнотрасты ў ільновалакно на бельгійскай лініі Depoortere.
Падводзілі вынікі работы семінара на пленарным пасяджэнні, на якім разглядалі бягучыя пытанні ўдасканалення работы льноводчай галіны селькай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці.
Па завяршэнні практычнай часткі семінара-вучобы я папрасіў намесніка міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзіміра Гракуна пракаменціраваць работу семінара.
Вось што расказаў Уладзімір Уладзіміравіч:
— Гэты семінар-вучобу мы праводзім у сувязі з тым, што ўзнікае шмат пытанняў па вырошчванні льна і вытворчасці льновалакна. Не на ўсіх заводах краіны работа вядзецца належным чынам. Сярод тых, хто ідзе ў авангардзе, — ААТ «Пружанскі льнозавод». Таму і вырашана на яго базе правесці чарговую вучобу.
Але навучыць можна толькі таго, хто гэтага жадае. Тых жа, хто не імкнецца атрымаць патрэбны вопыт, не прымусіш. Шэраг ільнозаводаў як не працавалі раней належным чынам, так і не працуюць. Самае асноўнае, не выконваюць пастаўку льновалакна па дзяржзаказе. Кіраўніком дзяржавы пастаўлена задача забяспечыць прадпрыемствы лёгкай прамысловасці сыравінай. Дзяржзаказ не такі ўжо і вялікі — усяго толькі 35% ад магутнасцей работы льнозавода. Калі б прадпрыемствы цалкам забяспечылі сябе льнотрастой, то крыху больш трэцяй часткі пастаўлялі па дзяржзаказу, астатнюю прадавалі б і атрымлівалі прыбыткі.
Варта аддаць даніну толькі некаторым прадпрыемствам, такім як ААТ «Пружанскі льнозавод», ААТ «Горкілён» (Магілёўская вобласць), ААТ «Верхнедзвінскі льнозавод» (Віцебская вобласць), ААТ «Дварэцкі льнозавод» і ААТ «Карэлічы-Лён» (абодва з Гродненскай вобласці), ААТ «Крупскі льнозавод» (Мінская вобласць). Незразумелая сітуацыя па абодвух заводах з Гомельскай вобласці. Там не могуць атрымаць якасную сыравіну, тым самым — выканаць дзяржзаказ, — патлумачыў намеснік міністра.
Віктар Ільюшчанка. Фота аўтара