Здаецца, зусім нядаўна лён блакітным морам калыхаўся на палетках ААТ «Пружанскі льнозавод». І вось прыйшоў час яго ўборкі, а дакладней, першага этапу — цераблення. Для гэтага на прадпрыемстве задзейнічана 11 самаходных агрэгатаў.
На льнозаводзе стараюцца не губляць часу і ў аптымальныя тэрміны справіцца са зборам ураджаю. Тым больш, што не заўсёды надвор’е спрыяе гэтаму.
Дырэктар прадпрыемства Мікалай Жогал расказаў, што сёлета лён быў пасеяны на 2860 га, з іх 310 га размясцілася ў суседнім, Бярозаўскім, раёне. Выкарыстоўваліся сарты айчыннай селекцыі «гранд», «рубеж» і замежнай «алізэ». На льнозаводзе стараюцца ісці ў нагу з часам, таму пільна сочаць за з’яўленнем новых сартоў ільну, каб павысіць ураджайнасць сельгаскультуры.
На палетку каля вёскі Вялікія Якавічы ў аўторак шчыравала шэсць механізатараў. Яшчэ пяць працавалі за вёскай Круглае. Кожны з іх, па словах Мікалая Сцяпанавіча, разумее, што ад тэмпу работы напрамую залежыць тое, які ўраджай змогуць сабраць у бягучым годзе. А каб хлопцам працавалася камфортна, усталявалі ў церабілках кандыцыянеры. Толькі не лянуйся! Дарэчы, сёлета спадзяюцца на ўраджайнасць 40 ц/га льнотрасты. За дзень лён кладзецца ў стужку больш чым на 200 га.
Наступным этапам для льнаводаў будзе ачэсванне і абарочванне стужак ільну з наступным прасаваннем трасты. Гледзячы на зладжаную работу ўсяго калектыву льнозавода, хочацца верыць, што сёлета ніякіх перашкод падчас уборкі ў іх не будзе.
Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік