Завяршаецца ўборачная кампанія на Пружаншчыне. У мінулыя выхадныя некалькі сельскагаспадарчых таварыстваў раёна ўжо адзначылі «Дажынкі». А ў ААТ «Жураўлінае» па стане на панядзелак засталіся да фінішу лічаныя гектары.
Добры ўраджай збожжавых і зернебабовых быў вырашчаны сёлета на палетках «Жураўлінага». Валавы збор збожжа перавысіў 13 тысяч тон пры ўраджайнасці 53 цэнтнеры з гектара. Штодзень на палях шчыравалі 15 камбайнавых экіпажаў. Сярод іх — чатыры сямейныя і чатыры маладзёжныя. Варта сказаць, што маладзёжныя экіпажы сёлета не адстаюць ад сваіх больш вопытных таварышаў. Тут лепшы паказчык мае экіпаж камбайна «КЗС-1218» у складзе старшага камбайнера Віталя Сахарука і камбайнера Дзмітрыя Кобака (на здымку). Хлопцы выдалі з бункера камбайна больш за 1,2 тысячы тон залацістага зерня. Увогуле Віталь працягвае дынастыю механізатараў Сахарукоў. Яго бацька, а таксама два дзядзькі шчыруюць на палетках роднай гаспадаркі. А Дзмітрый у свой час набыў прафесію механізатара.
У ліку лідараў у «Жураўліным» таксама сямейны экіпаж камбайна «КЗС-1218» у складзе старшага камбайнера Дзмітрыя Мікалаевіча Ціцянкова і камбайнера Аляксандра Міхайлавіча Дзянісава. Зводныя браты толькі другі сезон адпрацавалі разам. Сёння на рахунку экіпажа больш за 1,5 тысячы тон збожжа, што з’яўляецца лепшым вынікам у гаспадарцы.
Сярод сямейных экіпажаў варта вылучыць Андрэя Эмільевіча і Алену Вячаславаўну Фрыцлераў. Муж і жонка сёлета намалацілі каля тысячы тон збожжа.
Варта адзначыць, сельскія працаўнікі ААТ «Жураўлінае» ўжо жывуць клопатамі пра ўраджай наступнага года. Зусім хутка пачнецца сяўба азімага рапсу.
На здымку: экіпаж камбайна «КЗС-1218» у складзе Д.М.Ціцянкова і А.М.Дзянісава.
Мікола Архуцік. Фота Сяргея Талашкевіча.