13 кастрычніка падчас чарговага візіту ў рэгіён сенатар працаваў у Мокраўскім сельсавеце. Работу Юрый Іосіфавіч пачаў з асабістага прыёму грамадзян: жыхары сельсавета атрымалі магчымасць задаць яму пытанні, якія іх хвалююць.
Ю.І.Наркевіч абмеркаваў са старшынёй раённага Савета дэпутатаў М.П.Кудраўцом і старшынёй Мокраўскага сельвыканкама В.В.Грышкевіч перспектывы развіцця аграгарадка, бягучыя пытанні, якія стаяць на парадку дня ў сельсавеце.
Асобная ўвага была нададзена Мокраўскаму ВПК д/с-СШ. Госця цікавіла база школы, умовы для арганізацыі навучальна-выхаваўчага працэсу і аздараўлення дзяцей, тое, як выкарыстоўваюцца спартыўныя аб’екты. Сёння на базе Мокраўскага школьнага басейна арганізаваны рэгулярныя заняткі для вучняў яшчэ пяці школ раёна (праўда, ва ўмовах цяперашняй эпідэміялагічнай сітуацыі часова ў гэты навучальна-аздараўленчы працэс унесены карэктывы).
Падчас наведвання навучальнай установы сенатар паспеў пагутарыць і з членамі педкалектыву, і са старшакласнікамі. Падчас зносін з апошнімі ён узняў тэму выбару прафесіі. Дарэчы, Юрый Іосіфавіч мае эканамічную адукацыю, таму тым, хто збіраецца абраць для сябе гэты накірунак, ён даў слушныя парады. Цёплыя словы і пажаданні калектыву навучальнай установы Ю.І.Наркевіч пакінуў у кнізе ганаровых гасцей школы.
«Такой спартыўнай і аздараўленчай базай можа пахваліцца далёка не кожная школа, нават гарадская. Радуе, што гэта адлюстроўваецца і на выніках вучняў школы», — падзяліўся сваімі ўражаннямі Юрый Наркевіч.
Увагу ён засяродзіў і на праблеме, з якой сутыкнулася адміністрацыя навучальнай установы, — гэта напаўняльнасць. Сёння тут налічваецца ўсяго 69 вучняў і 16 дзетсадаўцаў, пры тым, што ў папярэднія гады адукацыйным працэсам школа ахоплівала больш за 100 дзяцей. «Калі колькасць вучняў школы будзе скарачацца такімі тэмпамі, для каго тады гэтая шыкоўная база? Трэба працаваць над тым, каб выпускнікі школы пасля атрымання сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі былі зацікаўлены вярнуцца на сваю малую радзіму», — зазначыў сенатар.
Не менш, чым школа, высокага госця ўразіла інфраструктура аграгарадка, у тым ліку і гасцінічна-турыстычны комплекс «Мікалаеўскі».
Марына ВАКУЛЬСКАЯ, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).