Нагадаем, першыя 70 доз вакцыны паступілі ў Пружанскую ЦРБ напачатку лютага. У радах тых, хто першым атрымаў прышчэпку, аказаліся медыкі.
Як паведамілі ў паліклініцы, ніякіх ускладненняў ці пабочных эфектаў вакцына ні ў каго не выклікала. «У двух чалавек літаральна на працягу сутак назіралася павышэнне тэмпературы цела да 38 градусаў. Гэта нармальная з’ява, якой можа суправаджацца любая іншая прышчэпка, — зазначыла загадчыца паліклінікі Вольга Барысюк. — Ужо мінуў 21 дзень, і цяпер усе, хто атрымаў першую прышчэпку, праходзяць другі этап вакцынацыі».
У Пружанскай ЦРБ чакаюць наступных партый вакцыны. Яна будзе прызначацца, у першую чаргу, для работнікаў сістэмы адукацыі і сацыяльнай службы, якія ў сілу асаблівасцей сваёй работы шмат кантактуюць з людзьмі.
Вакцынацыя праводзіцца добраахвотна. Таму тыя жыхары раёна, якія жадаюць атрымаць прышчэпку ад COVID-19, могуць папярэдне запісацца на яе: нумар тэлефона ў кабінеце №54, дзе вядзецца запіс, — 3-05-60. Перш чым рабіць прышчэпку, урач вызначыць, ці паказана яна пацыенту.
На здымку: другі кампанент вакцыны атрымлівае галоўны ўрач БАПБ «Магілёўцы» Юрый Мазурыч.
Марына Вакульская, фота аўтара.