Четверг, 22 февраля 2024

На пляцоўцы ў Сухопалі не патанчыш?

258

У адным з мінулых нумароў мы расказвалі пра сход жыхароў аграгарадка Сухопаль, на якім абмяркоўвалася добраўпарадкаванне населенага пункта, у прыватнасці — пляцоўкі каля сельскага Дома культуры, сельвыканкама, аддзялення паштовай сувязі.

Адзначым, што плітка, якой у свой час была выбрукавана пляцоўка, прыйшла ў такі стан, што амаль ніводнай цэлай няма, ды і кветнікі, якія, здаецца, былі разбіты яшчэ ў 70-х гадах мінулага стагоддзя, не так і цешаць вока, як раней. Цэнтр Сухопальскага сельсавета павінен выглядаць дастойна, каб і гасцей радаваць, і саміх сухопальцаў. А на цяперашняй пляцоўцы без прыгод і не патанчыць, хаця тут праводзіцца нямала масавых мерапрыемстваў, ды і ісці трэба з асцярогай.

Пра гэта і ішла размова на сельскім сходзе. Тады ў размове з жыхарамі ўдзельнічалі старшыня Пружанскага раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Аляксандр Момлік і старшыня Сухопальскага сельвыканкама Міхаіл Мартынаў.

Мы вырашылі звярнуцца да старшыні сельсавета Міхаіла Мартынава і начальніка аддзела культуры Пружанскага райвыканкама Канстанціна Панімаша, як самых зацікаўленых у добраўпарадкаванні пляцоўкі, каб даведацца, як вырашаецца ўзнятае пытанне.

Міхаіл Мартынаў: «На цяперашні час частка пліткі знята з дапамогай спецыялістаў, якія падпарадкоўваюцца цэнтру па забеспячэнні бюджэтных арганізацый Пружанскага раёна, ААТ «Жураўлінае» прыслала на дапамогу пагрузчык. На гэтым пакуль работы прыпынены».

Канстанцін Панімаш: «Абстаноўкай валодаю. Справа ў тым, што зараз работы прыйшлося прыпыніць з-за дрэнных умоў надвор’я. Як толькі з‘явіцца магчымасць, адразу ж працягнем добраўпарадкоўваць пляцоўку. У гэтым зацікаўлены не толькі мы, але і кіраўніцтва мясцовага сельвыканкама, і ААТ «Жураўлінае». Самі разумееце, што нам трэба як мага хутчэй завяршыць работу, каб гэтае месца радавала вока і было зручным для ўсіх».

У нас атрымліваецца як заўсёды: не чакалі, і раптам прыйшла зіма. Мы сочым за работамі па добраўпарадкаванні пляцоўкі і праінфармуем нашых чытачоў аб яе выніках, зразумела, з фотаздымкамі, як стала. А пакуль на фота — як было перад пачаткам работ.

Віктар Ільюшчанка. Фота Кацярыны Масік