Пятница, 14 февраля 2025

На пасяджэнні Савета раённага аб’яднання прафсаюзаў падвялі вынікі работы, акрэслілі планы і далучыліся да ініцыятывы ФПБ «Мы разам — за Беларусь»

590

На мінулым тыдні адбылося пасяджэнне савета раённага аб’яднання прафсаюзаў. Яно сабрала ў гарадскім Палацы культуры прафсаюзных лідараў, прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў і запрошаных гасцей.

Старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Таццяна Гаманчук расказала, што мерапрыемства такога фармату з’яўляецца традыцыйным. Яго першачарговая задача – падвесці вынікі работы і выбудаваць планы на перспектыву.

З дакладам, які тычыўся дзейнасці раённага аб’яднання ў 2021-м і задачах на новы год, выступіла сама Таццяна Юр’еўна. Яна адзначыла, што на пачатак года ў раёне налічваецца 147 пярвічных прафсаюзных арганізацый і 13 галіновых прафсаюзаў. На заводзе радыёдэталей, у раённым вузле паштовай сувязі, «Камунальніку» і многіх іншых дзяржарганізацыях усе супрацоўнікі з’яўляюцца членамі прафсаюза. Ідзе работа па актывізацыі стварэння пярвічак і ў прыватным сектары. Летась яны з’явіліся ў пяці такіх арганізацыях.

Засяродзіла ўвагу Таццяна Гаманчук і на тым, што летась ФПБ апублікавала адкрыты ліст аб нязгодзе работнікаў Беларусі з увядзеннем эканамічных санкцый. Пад ім падпісалася больш за 6,5 тыс. членаў прафсаюза Пружаншчыны. Падтрымліваюць прафсаюзы і тых, хто хварэў на COVID-19: у кожнай пярвічцы і ў раённым аб’яднанні створаны «касы ўзаемадапамогі», а ў шэрагу арганізацый прадугледжаны «кавідныя» выплаты.

Яшчэ адзін важны накірунак работы – сацыяльнае партнёрства, якое рэалізуецца праз заключэнне калектыўных дамоў. Сёлета будзе прынята новае раённае пагадненне паміж райвыканкамам, аб’яднаннем прафсаюзаў і аб’яднаннем наймальнікаў. Таксама прафсаюзы кантралююць пытанні аховы працы, вядуць маніторынг цэн, арганізоўваюць шматлікія культурна-масавыя і спартыўныя мерапрыемствы.

Таццяна Гаманчук расказала, што з пачатку года прафсаюзы наладжваюць яшчэ і сустрэчы ў калектывах па абмеркаванні змяненняў і дапаўненняў, уносімых у Канстытуцыю. Гэтай тэме надалі ўвагу і іншыя выступоўцы. Старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Дзмітрый Чайкоўскі лічыць вельмі важным захаванне ў Канстытуцыі сацыяльных гарантый, замацаванне шлюбу менавіта як саюзу мужчыны і жанчыны, а таксама палажэнні пра неабходнасць захавання гістарычнай праўды і памяці.

Старшыні раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў Ірыне Грышкевіч у новай рэдакцыі Асноўнага Закона асабліва даспадобы папраўка пра захаванне маральных каштоўнасцей. Па словах Ірыны Аляксандраўны, неабходным з’яўляецца і замацаванне палажэння пра клопат дзяцей аб бацьках, а яшчэ пра бясплатнае медабслугоўванне і абавязак сачыць за ўласным здароўем. А галоўны тэхнічны інспектар працы Брэсцкага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Альберт Харлаў падкрэсліў, што прыватны капітал не павінен захапіць усю ўладу, таму адной з ключавых, на яго думку, з’яўляецца папраўка, што датычыцца моладзі. Падтрымлівае Альберт Уладзіміравіч і наданне асаблівага статусу Усебеларускаму народнаму сходу.

Сваімі калегамі назваў прафсаюзных лідараў начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Аляксандр Момлік. Усё таму, што прафсаюзы актыўна ўключаліся ў работу па абмеркаванні змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі. Як паведаміў Аляксандр Канстанцінавіч, кожны чацвёрты член участковай камісіі вылучаны менавіта прафсаюзамі, а 36% назіральнікаў, якія будуць працаваць падчас рэферэндуму ў раёне, – прафсаюзныя актывісты.

Падтрымаў Аляксандра Момліка і намеснік старшыні райвыканканкама Руслан Супрыновіч. Ён адзначыў, што прафсаюзныя актывісты – свайго роду цімбілдзеры ў арганізацыях, рухавікі новых ідэй, збіральнікі меркаванняў, тыя, хто матывуе работнікаў да якаснага выканання абавязкаў.

«Тыя гарантыі, якія ў нас ёсць і прапісаны ў Канстытуцыі, пашыраны ў новым праекце Асноўнага Закона. Толькі разам, адзіным фронтам, мы можам выступіць у падтрымку сваёй краіны», — падкрэсліла Таццяна Гаманчук. Таму падчас пасяджэння раённае аб’яднанне прафсаюзаў, ГА «БРСМ», савет ветэранаў, раённая арганізацыя ГА «Беларускі саюз жанчын» і «Белая Русь» далучыліся да ініцыятывы ФПБ «Мы разам – за Беларусь». Гэта значыць, што і члены прафсаюза, і прадстаўнікі грамадскіх арганізацый Пружаншчыны прымуць самы актыўны ўдзел у галасаванні падчас рэферэндуму.

Не абышлося падчас пасяджэння без уручэння заслужаных узнагарод. Лепшымі пярвічнымі прафсаюзнымі арганізацыямі прызнаны пярвічкі аддзялення «Беларусбанка» і КУВП «Камунальнік». На другім месцы – прафсаюзная арганізацыя Навасёлкаўскага ВПК д/с-СШ, на трэцім – ААТ «Шані-аграпрадукт».

За лепшае сацыяльнае партнёрства адзначаны філіял РУП «Брэстэнерга» «Пружанскія электрасеткі», а за выдатную работу па ахове працы – «Ліноўскія яслі-сад №21». Лепшым арганізатарам фізкультурна-спартыўнай работы названа пярвічка цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы.

Як запэўнілі актывісты, у іх планах – далейшая прадуктыўная работа па абароне людзей, захаванні сацыяльных гарантый і актыўным удзеле ў жыцці краіны.

Уладзіслаў Шпарла. Фота Кацярыны Масік