Пятница, 23 мая 2025

На пасяджэнні райвыканкама гаварылі пра ацяпляльны сезон, медыцынскія кадры і падвялі вынікі агляда-конкурса на лепшае добраўпарадкаванне, санітарны стан і кветкавае афармленне тэрыторый раёна

613

Напрыканцы мінулага працоўнага тыдня адбылося чарговае пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта.

На разгляд было вынесена два, але даволі важныя пытанні: «Аб гатоўнасці народнагаспадарчага комплексу раёна да работы ў асенне-зімовы перыяд 2022-2023 года» і «Аб прымаемых мерах па матэрыяльна-тэхнічным, кадравым забеспячэнні і павышэнні якасці медыцынскіх паслуг ва ўстановах аховы здароўя Пружанскага раёна».

У самым пачатку пасяджэння старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч прадставіў свайго першага намесніка — начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Сяргея Глушко (мы падрабязней пазнаёмім чытачоў з гэтым чалавекам у нумары газеты за 1 кастрычніка).

Таксама перад тым як заслухаць дакладчыкаў па пытаннях парадку дня, начальнік аддзела архітэктуры будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Аляксандр Бушук праінфармаваў, што падведзены вынікі штогадовага раённага агляда-конкурса на лепшае добраўпарадкаванне, санітарны стан і кветкавае афармленне тэрыторый Пружанскага раёна.

Па рашэнні камісіі прызнаны пераможцамі:

  • у намінацыі «Лепшая арганізацыя сельскагаспадарчай галіны» — філіял РУП «Брэстэнерга» «Аграэнерга Зеляневічы» — 1 месца, ААТ «Мурава» — 2 месца, філіял «Айчына» ААТ «Белавежскі» — 3 месца;
  • у намінацыі «Лепшае аддзяленне банка, лепшая арганізацыя прамысловасці, будаўніцтва, транспарту, сувязі, энергетыкі, гандлю і сферы паслуг, лясной і жыллёва-камунальнай гаспадаркі» — ДУБП «Пружанская ПМК-21» — 1 месца, Пружанскае КУВП «Камунальнік» — 2 месца, Пружанскае райспажыўтаварыства — 3 месца;
  • у намінацыі «Лепшая ўстанова сацыяльнай сферы, лепшы дзяржаўны орган» — ДУА «Гімназія г. Пружаны» — 1 месца, ДУА «Ліноўскія яслі-сад №21 Пружанскага раёна» — 2 месца, ДУА «Хараўская сярэдняя школа» — 3 месца;
  • у намінацыі «Лепшая прысядзібная тэрыторыя аднакватэрнага (блакіраванага) жылога дома (жылога памяшкання ў блакіраваным жылым доме)» — Алена Аблавушка з в. Мокрае — 1 месца, Тамара Прышла з г.п. Шарашэва — 2 месца, Іна Жыеўская з г.п. Ружаны — 3 месца.

Узнагароды пераможцам уручыў старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч.

Па першым пытанні, якое было вынесена на разгляд пасяджэння, выступіў намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Гук. У сваім падрабязным дакладзе Сяргей Міхайлавіч зрабіў аналіз гатоўнасці ўсяго гаспадарчага комплексу раёна да работы ў асенне-зімовы перыяд. Сюды ўваходзіць своечасовае афармленне пашпартоў гатоўнасці да ацяпляльнага сезону кацельняў, наяўнасць процігалалёдных сумесяў, спраўнасць тэхнікі для расчысткі вуліц і тратуараў ад снегу, наяўнасць паліва для забеспячэння насельніцтва раёна і многае іншае.

Па гэтым пытанні заслухалі шэраг кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый раёна. Таксама заслухалі кіраўнікоў прадпрыемстваў, якія нясуць адказнасць за гатоўнасць да зімовага перыяду.

Па другім пытанні з дакладам выступіў галоўны ўрач Пружанскай ЦРБ Андрэй Пачынчык.

Адзначу, што шмат нараканняў паступае не на якасць аказання медыцынскіх паслуг, а менавіта на арганізацыю работы ўстаноў аховы здароўя. Зразумела, што спецыялістаў, асабліва вузкага профілю, не хапае. Але ці дастаткова прымаецца мер, каб пераадолець кадравы дэфіцыт? Трэба прааналізаваць, чаму не замацоўваюцца ў нас кадры, што трэба зрабіць, каб медспецыялістаў рознага ўзроўню было дастаткова. Некаторыя фельчарска-акушэрскія пункты ў сельскай мясцовасці патрабуюць рамонту і значных фінансавых укладанняў. Гэтыя праблемы таксама трэба ліквідаваць.

Пра кадравы дэфіцыт, праблемныя пытанні таксама гаварыла ў сваім садакладзе начальнік аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Алена Хатулева.

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Аляксандр Момлік зрабіў агляд апытанняў пацыентаў раённай і дзвюх гарпасялковых бальніц, у якім яны адказвалі на пытанні аб якасці медыцынскіх паслуг. Параўнанне Аляксандр Канстанцінавіч зрабіў з 2012 годам. Што змянілася за дзесяць гадоў? Многія праблемы ўдалося пераадолець, зрух у пазітыўны бок відавочны. Але шэраг нявырашаных момантаў застаецца.

Віктар Ільюшчанка. Фота Кацярыны Масік