Вторник, 18 февраля 2025

В ОАО «Пружанский льнозавод» прошел Единый день информирования. Обсудили дороги и благоустройство

699

Інфармацыйна-прапагандысцкая група на чале са старшынёй райвыканкама Ю.Ю.Бісуном сустрэлася ў рамках Адзінага дня інфармавання з калектывам ААТ «Пружанскі льнозавод». Прадметам гаворкі стаў транспартны комплекс Рэспублікі Беларусь.

Пра стан і перспектывы развіцця транспартнага комплексу краіны расказала начальнік аддзела эканомікі райвыканкама І.Д.Ліхтаровіч. На самым развітым у Беларусі транспарце — аўтамабільным — выступоўца спынілася больш падрабязна. У сваім выступленні Ірына Дзмітрыеўна не абышла і такую актуальную для аўтамабілістаў тэму, як дзяржмыта на допуск транспартных сродкаў да ўдзелу ў дарожным руху: чакаюцца змяненні ў прынцыпах і сістэме яе аплаты.

Карыстаючыся магчымасцю, члены калектыву выказалі занепакоенасць станам дарог у горадзе: увагу прадстаўнікоў раённай улады звярнулі на канкрэтныя месцы, дзе дарожнае пакрыццё патрабуе рамонту.

Пра вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна ў 2019 годзе расказаў Ю.Ю.Бісун. «Хаця і спрацавалі лепш, чым у папярэднім годзе, не ўдалося выканаць два ключавыя і тры дадатковыя паказчыкі. На тое, вядома, ёсць свае прычыны», — зазначыў Юрый Юр’евіч. Праўда, паводле яго слоў, не заўсёды радуе і тое, што створана: у прыватнасці, кіраўнік раёна заўважыў, што ва ўмовах, калі колькасць людзей, занятых у эканоміцы, змяншаецца, мэтазгоднасць стварэння новых рабочых месцаў сумніўная.

Выступаючы перад аграрыямі, Юрый Бісун расказаў і пра задачы, якія стаяць перад эканамічным сектарам раёна сёлета. Адна з іх — спыніць уцечку маладых кадраў. «Без перабольшання, інфраструктура на Пружаншчыне добрая, патрэбны яшчэ годныя зарплаты і высокатэхналагічная работа».

Акрамя таго, старшыня райвыканкама даў калектыву магчымасць задаць яму пытанні. Сярод праблем, якія ўздымаліся, добраўпарадкаванне дваровых тэрыторый. Юрый Юр’евіч растлумачыў, што сёння, згодна з нарматыўнымі дакументамі, добраўпарадкаванне не ўваходзіць у пералік работ, якія праводзяцца падчас капрамонту: нават уцяпленне дамоў сёння робіцца за кошт сродкаў жыльцоў. «Сёння пры здачы шматпавярховак прадугледжана ўладкаванне і дзіцячых пляцовак з мінімальнай колькасцю надворнага гульнёвага абсталявання, і аўтастаянак з колькасцю парковачных месцаў не меншай, чым колькасць кватэр у доме. А вось калі ў раёнах склаўшайся шматпавярховай забудовы наспявае неабходнасць асфальтавання прылягаючай тэрыторыі, пад тую ж аўтастаянку, напрыклад, выдаткі ўскладваюцца на кашалёк жыльцоў», — растлумачыў выступоўца.

Наконт уладкавання стаянкі па вуліцы Р.Шырмы побач з ДРБУ-140 і Пружанскім раёнам газазабеспячэння: часта пакінутыя на абочыне транспартныя сродкі работнікаў замінаюць праезду буйнагабарытнай сельгастэхнікі — у Ю.Ю.Бісуна сваё меркаванне. «На маю думку, стварыць усе неабходныя ўмовы для сваіх работнікаў — прэрагатыва кіраўніка», — падкрэсліў ён. І дырэктар ААТ «Пружанскі льнозавод» М.С.Жогал пагадзіўся з ім: стаянка, якая пару гадоў таму была зроблена каля іх завода,  уладкоўвалася за кошт таварыства.

Пытанне, якое тычылася падаўжэння часу асвятлення вуліцы, па якой людзі вяртаюцца дамоў пасля змены, паабяцалі вырашыць станоўча.

Марына ВАКУЛЬСКАЯ,  Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).