Четверг, 10 октября 2024

На небе Бога праслаўляюць анёлы, на зямлі — царкоўныя пеўчыя. Прыхаджанне навазасімавіцкага храма расказалі пра вакальны ансамбль «Амафор»

1 824

На небе Бога праслаўляюць анёлы, на зямлі — царкоўныя пеўчыя. Без харавога спеву цяжка нават уявіць хрысціянскае богаслужэнне, яшчэ цяжэй настроіць сябе на малітоўны лад. Такім духоўным “камертонам” для нас, вернікаў навазасімавіцкага храма ў гонар іконы Божай Маці “Неспадзяваная Радасць”, з’яўляецца вакальны ансамбль “Амафор”. Нашы пеўчыя — гэта душа храма. Кожны з іх па-свойму ўнікальны.


Кіруе маленькім калектывам Наталля Данцова, якая пасля заканчэння рэгенцкай школы пры Мінскай духоўнай семінарыі ў свой час служыла рэгентам у многіх храмах раёна і амаль два дзясяткі гадоў таму стала ініцыятарам стварэння “Амафора”. Яе калектыў сёння вядзе актыўную канцэртную дзейнасць, выступае не толькі ў царкве, але і ў клубных установах, і ў школах раёна. Таксама ўдзельнічае ў раённых мерапрыемствах, паспяхова выступае на міжнародных фестывалях і канцэртах. І мы ім ганарымся.


Сапраўдным упрыгожаннем ансамбля з’яўляецца Надзея Шаўчэнка, дзяцінства і частка жыцця якой прайшлі ў горадзе Фрунзе. У 1993 годзе яна з сям’ёй пераехала ў Пружаны і пачала хадзіць у сабор, дзе і раскрыліся яе рэдкія вакальныя здольнасці. Надзея Фёдараўна валодае дзіўным сапрана, высокія ноты ў яе выкананні гучаць з асаблівай, крыштальнай чысцінёй. А яшчэ жанчына складае прыгожыя кветкавыя кампазіцыі, якія аздабляюць наш храм падчас святочных набажэнстваў. Царкоўныя спевы для яе — не хобі, а лад жыцця і веры. Кожную службу Надзея Фёдараўна на сваім “баявым пасту”, на клірасе, дзе служыць Богу і людзям па загадзе сэрца.

Не ўяўляем ужо набажэнства і без нашага баса Яўгена Данцова. Ён у дзяцінстве наведваў нядзельную школу, потым стаў дзякам і пеўчым у саборы Аляксандра Неўскага. Цяпер Яўген Віктаравіч працуе ў Слабадской СШ настаўнікам фізкультуры і трэнерам у спартыўнай школе г.Пружаны, а ў нядзелю разам з малодшым братам Кірылам прыязджае да нас у Новыя Засімавічы, каб радаваць прыхаджан сваім прыгожым голасам.

А параўнальна нядаўна калектыў папоўніўся яшчэ адной пеўчай, і мы гэтаму вельмі рады. Завуць яе Наталля Каршункова, працуе ў чытальнай зале Навазасімавіцкай сельскай бібліятэкі і, па ўласным прызнанні, толькі вучыцца прытрымлівацца высокага прызвання царкоўнага спевака.


Яе дзяцінства праходзіла ва Узбекістане, дзе да бліжэйшага праваслаўнага храма было вельмі далёка. Наталля з адзнакай скончыла музычную школу па класе “Фартэпіяна”, пазней — прэстыжны ўніверсітэт па спецыяльнасці “Бізнес і кіраванне”.

Удзельнічала ва ўсіх музычных мерапрыемствах у школе і ў ВНУ: спявала і іграла на клавішных у рок-гурце, актыўнічала ў самадзейных спектаклях… Там сустрэла сваё каханне.

Падчас доўгіх дзевяці месяцаў чакання першага дзіцяці Наталля стала больш задумвацца пра сэнс жыцця, каштоўнасць кахання. Прачытала мноства кніг, але толькі Біблія дала ёй адказы на шэраг хвалюючых пытанняў. Пасля нараджэння дачкі Наталля прыйшла да першай у сваім жыцці асэнсаванай споведзі, з якой і пачалося яе ўцаркаўленне.

У 2014 г. Наталля Каршункова з сям’ёй пераехала жыць у Беларусь. У гэты складаны перыяд наш храм стаў для яе радасцю і суцяшэннем, надзеяй, што Гасподзь зробіць усё, як трэба. Муж Наталлі, натхнёны яе бачнымі пераменамі ў светапоглядзе, прыняў праваслаўе і стаў нашым званаром, а пазней і дзяком…


Спачатку маладой жанчыне ўсё на клірасе здавалася складаным і незразумелым. Трэба было навучыцца чытаць на царкоўнаславянскай мове, развучыць усе спевы. Але калегі ва ўсім падтрымлівалі пачаткоўцу і радаваліся любым яе поспехам у спевах.

Калі Наталля стала мамай у другі раз, родныя і сябры дапамаглі ёй сумяшчаць мацярынства са службай на клірасе. Бывала, што маленькага Ільюшу закалыхвалі на руках па чарзе ўсе пеўчыя. Так “Амафор” стаў для жанчыны другой сям’ёй.

— Шмат чаму яшчэ трэба навучыцца, — прызнаецца жанчына, — але гэта не страшна, калі побач добрыя настаўнікі і сябры. І я буду імкнуцца не падвесці іх. Быць царкоўным пеўчым — адна з самых важных і адказных спраў. Хор, як і святар, служыць у любыя, нават самыя цяжкія часы.
Прыхаджане навазасімавіцкага храма.
На здымку: Наталля Каршункова.